Без выходных, но с оптимизмом. Как работается в условиях пандемии единственному в Ушачском районе врачу-инфекционисту?

Здравоохранение

Пра тое, каб апрануць белы медыцынскі халацік і шапачку, загадчык інфекцыйнага аддзялення Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы В.П.Ярмош зараз толькі марыць. На змену звыклай уніформе ў сакавіку бягучага года прыйшло амаль “касманаўцкае” абмундзіраванне: аб’ёмны касцюм, шчыток для твару, рэспіратар і абавязкова дзве пары гумовых пальчатак. У эпіцэнтры барацьбы з СОVID-19 інакш проста немагчыма! Выключэнне – хіба што невялікая фотасесія для “Патрыёта”, якую з-за загружанасці ўрача-інфекцыяніста праводзілі ў нерабочы час.

– Вольга Пятроўна, распаўсюджанне каранавіруса, напэўна, пакінула Вас без выхадных…

– Практычна так. У нячастыя дні, калі ўсё ж атрымліваецца пабыць дома, тэлефон не змаўкае – кансультуюцца дзяжурныя ўрачы, мае медыцынскія сёстры, іншыя спецыялісты. Змяніўся і рэжым работы. У аддзяленне прыходжу ўжо каля 7.20, каб спакойна пераапрануцца, падрыхтавацца да абходу пацыентаў. Да кожнага за дзень трэба зайсці па некалькі разоў – супакоіць, паколькі многіх пужае пастаўлены дыягназ, змерыць сатурацыю – насычэнне крыві кіслародам, зрабіць ці ўдакладніць назначэнне прэпаратаў. Займаемся таксама заборам біялагічнага матэрыялу патэнцыяльных хворых, накіроўваем на лабараторнае даследаванне ў Віцебск. Бывае, толькі прыйдзеш дамоў каля 19-20 гадзін, а тут тэлефанаванне, маўляў, прыйшоў станоўчы вынік, а значыць трэба вяртацца ў бальніцу і вырашаць пытанне з ізаляцыяй чалавека, назначаць лячэнне…

– Як да гэтага адносяцца блізкія?

– Яны прывыклі, што я заўсёды на рабоце, разумеюць і падтрымліваюць мяне. Паколькі даводзіцца кантактаваць з вялікай колькасцю пацыентаў, з мужам і сыночкам прытрымліваемся пэўных правілаў самаізаляцыі, да блізкіх і сяброў не ездзім, магазін наведваем выключна ў медыцынскіх масках. Сын-першакласнік у школу не ходзіць – вучыцца дыстанцыйна.

– Не баіцеся захварэць?

– Раблю ўсё магчымае, каб гэтага не дапусціць. Да сваіх пацыентаў я і ўвесь медперсанал інфекцыйнага, а таксама тэрапеўтычнага аддзяленняў, перапрафіліраванага ў пульманалагічнае, прыходзім у спецадзенні, якое ў бальніцы маецца ў дастатковай колькасці. Спачатку правяраліся на наяўнасць каранавіруса праз адмысловыя тэсты. Зараз жа адносімся да кантактаў другога ўзроўню, а значыць, пры адсутнасці сімптомаў – павышанай тэмпературы цела (яе, дарэчы, вымяраем кожную раніцу), розных катаральных з’яў – абследаванне не праходзім.

– Ці можна казаць пра спад захваральнасці на СОVID-19 ва Ушацкім раёне?

– Скажу інакш – зараз дакладна не пад’ём! Пнеўманіі, якія разглядаюцца як верагодны выпадак каранавіруса, па-ранейшаму ёсць. А вось колькасць новых пацверджаных фактаў СОVID-19 зменшылася. У інфекцыйным аддзяленні яшчэ некалькі тыдняў таму ляжала 19 пацыентаў. Цяпер іх 10.

І ўсё ж расслабляцца рана! Хачу параіць землякам не грэбаваць простымі правіламі прафілактыкі інфіцыравання, працягнуць нашэнне масак у грамадскіх месцах, карыстацца антысептыкам, часцей мыць рукі з мылам і захоўваць сацыяльную дыстанцыю 1,5-2 метра. Не варта верыць і ўсяму, пра што пішуць зараз у інтэрнэце. Пастаянна знаёмлюся з навуковай літаратурай па тэме, абмяркоўваю нюансы з інфекцыяністамі з іншых рэгіёнаў краіны, таму магу дакладна сказаць: многае ў сетцы перабольшваецца, ачарняецца.

Як звычайна працякае захворванне?

– Нярэдка – бессімптомна. Тыя ж кантакты першага ўзроўню, якія адчуваюць сябе цалкам здаровымі, даведваюцца пра такі дыягназ толькі пасля праведзенага тэсту. Частым спадарожнікам каранавіруса з’яўляецца анасмія – чалавек перастае адчуваць пахі. І ўсё ж “класіка” захворвання – павышэнне тэмпературы цела да 38-39 градусаў у комплексе з сухім кашлем, пяршэннем у горле, агульнай слабасцю. Насцярожыць павінны адышка, боль у грудной клетцы, адчуванне недахопу паветра.

Асобна заўважу, што сталы ўзрост хворага не нагода біць трывогу. Аднолькава паспяхова прайшлі лячэнне ад каранавіруса ў нашым аддзяленні як школьнік, так і 95-гадовая бабуля. Адзінае, пра што хвалявалася доўгажыхарка, – што не паспее высадзіць на агародзе цыбулю. Аднак хуткая выпіска дазволіла ёй не ўпусціць аптымальныя для гэтага тэрміны.

– Колькі часу знаходзяцца пацыенты з СОVID-19 у “інфекцыі”?

– Па-рознаму. Па апошніх патрабаваннях, дастаткова аднаго адмоўнага мазка на каранавірус, каб разлічваць на выпіску. Раней патрабавалася два, што павялічвала перыяд знаходжання пацыента ў стацыянары. Многае залежыць і ад сімптаматыкі. Скажам, вірусную пнеўманію – спадарожніцу СОVID – амаль немагчыма вылечыць за 10-14 дзён, як бактэрыяльную, – на гэта можа спатрэбіцца да трох тыдняў і нават месяц.

У большасці сваёй у аддзяленні ляжаць пацыенты з сярэдняй цяжкасцю працякання захворвання?

– Так. У “бессімптомных” выпадках і пры магчымасці самаізалявацца прапануем грамадзянам лячэнне на доме. У такім разе іх наведвае, кантралюе самаадчуванне ўчастковы ўрач-тэрапеўт ці педыятр. “Цяжкіх” жа пацыентаў пасля агляду спецыялістамі, праведзенага кансіліуму пераводзім у рэанімацыю.

– Медпрэпаратаў ад каранавіруса не вынайшлі. Чым лечыце хворых?

– Выкарыстоўваем сродкі, якія валодаюць патэнцыяльнай супрацьвіруснай актыўнасцю, напрыклад, супрацьмалярыйны гідроксіхларахін. Ёсць у нас і антырэтравірусныя прэпараты, якія прымяняюцца звычайна пры лячэнні ВІЧ-інфекцыі, – лапінавір і рытанавір. Яны рэкамендаваны па нашых пратаколах і ўжо прадэманстравалі станоўчыя вынікі пры лячэнні СОVID-19, нядрэнную пераноснасць. Калі ёсць падазрэнне на далучэнне бактэрыяльнай флоры пры пнеўманіі, дадаём антыбіётык.

– Вы адзіны ў раёне ўрач-інфекцыяніст, курыруеце работу, бадай, самага запатрабаванага зараз аддзялення бальніцы. Хто ў такім разе прымае пацыентаў у інфекцыйным кабінеце паліклінікі?

– Гэтую функцыю выконваюць тэрапеўты інфекцыйнага прыёму. Па-сутнасці, гэта спецыялісты, якія дагэтуль займаліся лячэннем вострых рэспіраторных вірусных інфекцый. Паколькі ж спецыфікі ў каранавіруснай інфекцыі няма, асаблівых праблем з перападрыхтоўкай, якую я праводзіла, не ўзнікла. Галоўнае для іх зараз – дыягностыка, уменне па рэнтгене распазнаць вірусную пнеўманію.

– Як калектыў вашага аддзялення аднёсся да новых умоў працы?

– З разуменнем, за што вельмі ўдзячна дзяўчатам. Ніхто з іх не папрасіўся ў водпуск, не браў дадатковых выхадных за свой кошт. Працуем зладжана, з аптымізмам, да любога развіцця падзей гатовы, паколькі неаднаразова праходзілі вучэнні па асабліва небяспечных інфекцыях. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць таксама Вользе Аляксандраўне Шлёнскай – загадчыку тэрапеўтычнага аддзялення, Аляксандру Сяргеевічу Вусько – рэанімацыйнага, з якімі плячо ў плячо вядзём сур’ёзную барацьбу з каварным вірусам. Лічу, што мне пашанцавала з калегамі!

Ну а нам хочацца дадаць, што ў сваю чаргу пашанцавала ўсім, хто знаходзіцца побач з гэтым цудоўным чалавекам, выдатным спецыялістам: пацыентам і медыкам, блізкім і сябрам. У любых абставінах Вольга Ярмош знаходзіць сілы і час на шчырыя зносіны, сямейныя справы. Цяжкасцей яна не баіцца – прафесія, якую выбрала, прымушае жыць у асаблівым рэжыме.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *