В последнее время культурно-массовая жизнь в агрогородке Глыбочка получила второе дыхание

Культура

Зараз масавыя мерапрыемствы адменены, але Глыбачанскі сельскі Дом культуры ў сераду не пуставаў: дзеці займаюцца тут па асобным графіку індывідуальна, а выбар ёсць на любы густ. Пры ўстанове створаны дзіцячыя фальклорны калектыў “Сузор’е”, тэатр мініяцюр “Рамонак”, гурткі побытавага танца “Месячык”, “Умелыя ручкі”, назва якога гаворыць сама за сябе, аматарскае аб’яднанне для падлеткаў “Ветразь”. Для наведвальнікаў старэйшага пакалення ёсць “Гаспадыня”, гурток беларускай нацыянальнай кухні “Смак” і ансамбль народнай песні “Рукшаніцы”. Кіруюць работай усіх гэтых аб’яднанняў дзве абаяльныя бландынкі – загадчыца Алена Аркадзьеўна Камовіч і рэжысёр Вольга Васільеўна Міхаль.

Абедзьве жанчыны працуюць у сферы культуры адносна нядаўна, з 2018 года. І не могуць назваць яе сваім прызваннем, бо Алена па спецыяльнасці аграном, Вольга – дыпламаваны эканаміст. Між іншым, з іх прыходам культурна-масавая работа ў аграгарадку атрымала другое дыханне, аб чым кажуць і самі жыхары, і што пацвярджаецца вынікамі працы – сёлета ўстанова занесена на раённую Дошку гонару.

– Прайшлі падрыхтоўку на адпаведных курсах у Віцебску, – расказвае Алена Аркадзьеўна. – Пастаянна вучымся: раімся з вопытнымі калегамі, метадыстамі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, ды і той жа інтэрнэт зараз дае бязмежныя магчымасці для самаўдасканалення. Дапамагае і тое, што людзей добра ведаем, у Глыбачцы мы не чужыя. А самае складанае – не сцэнарый прыдумаць, а ўзняць іх, прыцягнуць да культурнага жыцця. Скажу адкрыта, з мужчынамі гэта складаней і пакуль пераважная большасць “артыстаў” на нашых мерапрыемствах – дзяўчаты і жанчыны. Малышы з задавальненнем танцуюць і спяваюць, а вось калі падрастаюць, то многія пачынаюць саромецца, асабліва хлопчыкі. Таму самадзейныя артысты з ліку прадстаўнікоў моцнага полу – на вагу золата. Для таго каб Дзед Мароз гаварыў не жаночым голасам, выручаў Фёдар Рубіс, студэнт Полацкага дзяржуніверсітэта, ён і зараз адклікаецца на нашы просьбы паўдзельнічаць у мерапрыемствах, калі прыязджае на выхадныя ці канікулы.

З ахвотай наведваюць гурткі дзеці. Напрыклад, ва “Умелых ручках” пастаянна “прапісаліся” Насця Сіліцкая, Аня Рубіс, Аліна Дубоўская, Даша Камовіч, Карына Гурчонак, Мацвей Міхаль. У летні час колькасць наведвальнікаў узрастае, бо на заняткі разам з равеснікамі прыходзяць і гарадскія ўнукі глыбачанцаў, якія прыязджаюць да бабуль і дзядуль. Так, Насця Пабойкіна – унучка Галіны Фёдараўны Касатай – вельмі палюбіла гурток і паказала такія здольнасці ў маляванні, што бацькі вырашылі запісаць яе ў горадзе ў студыю.

Незаменнымі памочнікамі культработнікаў у арганізацыі як святаў народнага календара, так і дзяржаўных, афіцыйных мерапрыемстваў акрамя дзяцей з’яўляюцца педагогі. Вакальная група стварылася не так даўно, налічвае пакуль шэсць удзельніц. Акрамя самой А.А.Камовіч гэта пенсіянерка Зінаіда Ягораўна Корабава, якая спяшаецца на рэпетыцыі ў любую свабодную хвілінку, настаўніцы Святлана Васільеўна Зайцава, Таіса Ігараўна Церашкавец, работніца школы Вольга Мікалаеўна Краснова, а мясцовае сельгаспрадпрыемства прадстаўляе у калектыве загадчык складской гаспадаркі Наталля Анатольеўна Брыцік. І за кароткі час існавання “Рукшаніцы” палюбіліся мясцовым жыхарам, паспелі “засвяціцца” ў тым ліку і на на раённым узроўні. Сярод іншых мерапрыемстваў, “фішкай” работнікаў мясцовага СДК стала свята беларускай хаты, якое збірае людзей не толькі з Глыбачкі, а і з іншых вёсак, з райцэнтра. Для яго правядзення ля Дома культуры пабудавана сцэна, за што культработнікі вельмі ўдзячны старшыні сельвыканкама Віктару Віктаравічу Шаршнёву. Дарэчы, рабочага часова няма, але вялікая тэрыторыя ўстановы ў належным стане. “Самі сочым за парадкам, ды і што тут утойваць – муж дапамагае і абкошваць, і малыя архітэктурныя формы рабіць, – кажа Алена Аркадзьеўна. – Узнікаюць і нестандартныя сітуацыі, з разраду выразу “культура патрабуе ахвяр”: калі я пераблытала і пад адмысловую клумбу прыстасавала лодку мужа, ды не тую, якую ён згадзіўся аддаць, а добрую…

Ахвяруюць яны і ўласным часам, гатовы арганізаваць мерапрыемства і выехаць на дом па заяўках вяскоўцаў – платныя паслугі ніхто не адмяняў. Іх, як і іншыя паказчыкі, Глыбачанскі сельскі Дом культуры выконвае ў запланаваных аб’ёмах. Бачна, што да сваёй новай дзейнасці А.Камовіч і В.Міхаль падыходзяць адказна і пра гэты выбар не шкадуюць, а стараюцца адпавядаць статусу цэнтра культурнага жыцця сельсавета і прыцягнуць да яго як мага больш землякоў.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *