Сыр по рецептам Нины Чумаковой из Глыбочки пользуется большой популярностью

Общество

Ніна Іванаўна Чумакова мабыць і не вылучалася б у вялікай кагорце ветэранаў працы аграгарадка Глыбачка, калі б не зварыла аднойчы надзвычай смачны і прыгожы сыр. Рэцэпт яе разышоўся па руках, на многіх важных застоллях стаяла трохслойная смаката, якая стала, можна сказаць, вясковым брэндам, а за жанчынай замацавалася слава сыравара.

Пачалося ж усё з вяселля сына. Хацелася паласаваць гасцей нечым незвычайным, і стрыечная сястра В.Чырвоная падзялілася рэцэптам салодкага сыру. “Зрабіла яго на некалькіх вялікіх падносах, і ледзь паспявалі наразаць – так спадабаўся, – прыгадвае Ніна Іванаўна. – А потым у каго б ні было вяселля ці іншага знакавага свята, прасілі зварыць сыр, хоць я і расказвала, як гатаваць. Няёмка было адмаўляць, а так шмат часу займала. “Ты б яго на базар вазіла”, – раілі знаёмыя. Толькі нявыгадны будзе ён нават на рынку – занадта затратны не столькі па прадуктах, колькі па доўгім прыгатаванні”.

Мінула з тых часоў больш двух дзесяцігоддзяў. Апошні ж раз Н.Чумакова гатавала сыр тры гады таму, калі на Новы год знаёмілася з будучай нявестай унука. Хоць не раз частавала родных, трохслойны сырок зноў імгненна растаяў.

Сярод блізкіх Ніны Іванаўны пераважна ўсе настаўнікі. Сыны скончылі Віцебскі ўніверсітэт імя П.Машэрава, абраўшы дакладныя навукі: старэйшы Аляксандр паспяхова выкладае фізіку ў гімназіі №5, вось і на выхадныя паездка да маці адклалася з-за падрыхтоўкі навучэнцаў да чарговай алімпіяды. Малодшы Сяргей (матэматык-інфарматык) працуе ў дзяржаўных структурах. Сама ж Ніна Іванаўна большую частку стажу прысвяціла жывёлагадоўлі. Спачатку даяркай, тады ў іх Рацькаве яшчэ і святла не было, даілі ўручную, а яе першая група – 23 першацёлкі. Уцякалі, па канавах да дрэў прывязвалі, каб падаіць. Калі ж з мужам вырашылі будаваць сваё жыллё і пераехалі ў Глыбачку, пайшла на звераферму, дзе вырошчвалі пясцоў, норак, лісіц. Яна даглядала менавіта апошніх. Злыя, брэшуць як сабакі, малых адсадзіць – праблема, кусаліся, драўляныя клеткі перагрызалі і адна адну рвалі. Раны ж ад такіх укусаў не гояцца, ніякія мазі не дапамагалі. У 1975-м звераферму закрылі і Н.Чумакова даглядала цялушак перадзлучнога перыяду: гаспадарка пастаўляла племянных па ўсім раёне. Фізічная праца і пастаянна гума на нагах зрабіла сваю справу. Пасля працяглага лячэння, калі раптам пачалі адказваць канечнасці, жанчыне параілі перайсці на лёгкую працу. “Страціўшы здароўе менавіта ў жывёлагадоўлі, дзе добра зарабляла, у пенсію ўвайшоў толькі адзін год, у асноўным жа невялікія заробкі прыбіральшчыцы”, – зазначае суразмоўца.

На тры кілаграмы тварагу патрэбна тры яйкі, па 200 грамаў сметанковага масла, смятаны і цукру, сто грамаў жэлаціну. Тварог прапусціць на мясарубку, масла растапіць, жэлацін размачыць. Усё перамяшаць і варыць да закіпання. Сумесь падзяліць на тры часткі. На бляху выліць першую, пачакаць, пакуль застыне, потым другую, зафарбаваную харчовым фарбавальнікам (Ніна Іванаўна выкарыстоўвала для гэтага сок вараных чырвоных буракоў). Зверху зноў заліць апошнюю, белую частку. Дарэчы, іх можа быць больш ці менш. Парэзаць лепш фігурным нажом, каб было прыгажэй.

Для вясковых людзей паняцце “лёгкая праца” гучыць наогул недарэчна, бо заўсёды хапала яе і дома. Невыпадкова неаднойчы вырывалася ў Ніны Іванаўны, што затратны той сырок, бо адстаяць ля яго трэба, асабліва ўлетку, калі марудна застывае, а кожная хвіліна дарагая. Дзве каровы трымалі з мужам, каня, не гаворачы пра дробную жыўнасць. Дарэчы, сыры Ніна Іванаўна гатавала не толькі да святаў. Штодня былі яны на стале: самы хуткі – з салодкага малака, “звычайны” – з тварагу, ці плаўлены, які абавязкова прыгарае, калі пастаянна не мяшаеш.

Усё гэта старадаўнія рэцэпты, што перадаваліся ад адной гаспадыні другой, як і сакрэты вышывання, ткацтва. Ніна Іванаўна паказвае свае дзявочыя вырабы (толькі тады і рабіла навалачкі, накідкі, коўдры) і тлумачыць, што просты малюнак і той на 60 нітак, а самы складаны ажно на 180. “Дзіўныя ўсё ж раней мы былі. Не пасядзець ні хвіліны, а ложак у кожнага абавязкова засланы карункавым падзорам, звычайны ручнік – і той з вышыўкай. Не, каб адпачыць”. Зараз, у свае 76 год, яна проста вымушана гэта рабіць: не слухаюцца пакручаныя пальцы, прымае моцныя лекі. Але сама светлая, па-ранейшаму прыгожая, і ў доме чысценька, акуратна, а на стале… у тым ліку і кулінарны кнігі. Заглядвае туды, толькі каб нешта ўдаклад­ніць, бо столькі разоў гатуючы, ведае рэцэпты страў на памяць. Вось і пра сыр з салодкага малака расказала, не заглядваючы. Трохлітровы слоік малака выліваеш у каструлю, даводзіш да кіпення і далучаеш 50 грамаў воцату. Малако скручваецца. Адцэджваеш, націскаеш, соль і цукар дабаўляеш па смаку, які хто любіць. Не лішнім у любым сыры будзе і сметанковае масла.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *