8 августа — День строителя

Общество

Віншуем са святам, паважаныя будаўнікі

Класічнага вытворчага здымка, якім мы традыцыйна ўпрыгожваем першую паласу газеты да Дня будаўніка, сёлета зрабіць не ўдалося: у гэты час амаль усе работнікі Ушацкай ПМК-66 працуюць па-за межамі раёна – на аб’ектах Шуміліна, якое актыўна рыхтуецца да абласных “Дажынак”. Канечне, адольваць штодня немалую адлегласць утомна, але калі пасля змены мы сустракалі аўтобус прадпрыемства – настрой у будаўнікоў быў прыўзняты. “Нічога, што далекавата, затое ёсць вялікія аб’ёмы, у бліжэйшы час без справы не застанемся! – тлумачылі работнікі. – А час у дарозе ідзе хутка, мы ж ужо лічы што блізкія людзі: і вытворчыя тэмы абмяркуем, і сямейныя, і пажартуем…”

 

Не баяцца прымаць рашэнні

“Можна ўдакладніць, якія работы па капрамонце перадаюцца нашай ПМК-66? – пытаўся па тэлефоне выконваючы абавязкі дырэктара Мікалай Паўлавіч Грыневіч па дарозе да апошняга закончанага аб’екта. – Літаральна ўсе, акрамя сантэхнікі? Добра”. Потым па званку ўдакладніў наяўнасць фарбы і заказаў пэндлі, каб назаўтра была работа ў аддзелачнікаў. Так што калі даехалі да санаторыя “Лясныя азёры”, было знята нямала вытворчых пытанняў. Тэрыторыю здраўніцы нашы будаўнікі пакінулі ў гэты дзень. Закончылі не зусім звычайны аб’ект – супрацьпажарны пірс. Правёў кіраўнік і па водалячэбніцы, у басейне якой ужо стаяла вада – вяліся пуска-наладачныя работы. Генпадрадчыкам выступала Шумілінская ПМК-70, наша ж у якасці субпадраду займалася аддзелкай, добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Усё, як і ў апошнія гады. Хоць і не бачна будаўнікоў у райцэнтры, сваіх пазіцый арганізацыя не згубіла. Захавалася як юрыдычная асоба. Выконваюць усё тыя ж работы брыгады муляраў, аддзелачнікаў і дзве цесляроў. Хаця рэарганізацыя адбылася істотная. Пра гэта і расказваў Мікалай Паўлавіч.

– Калі мяне год таму назначылі выконваць абавязкі дырэктара, я паставіў сабе мэту захаваць калектыў. Дакладнай, паставіў перад тым як пагадзіцца. Разумеў, што патрэбна рэвалюцыя. Інакш ужо спаткаў бы лёс Міёрскай ПМК, якой не стала ў ліпені, як і Полацкага трэста, якому раней падпарадкоўваліся. У дзіравую бочку вады не наліеш, таму пачаў шукаць “уцечкі”. Знайшлося нямала маленькіх, накшталт аплаты за электраэнергію ў нашым інтэрнаце, якая рабілася “на вока”. Аднак асноўнае – незаробленая зарплата. Скарацілі як рабочых, так і кіруючы апарат, зараз у нас, напрыклад, адзін бухгалтар замест трох, дыспетчар, кладаўшчык, запраўшчык – у адной асобе. Сам я і прараб, і механік, і забеспячэнец. Жорсткія, непапулярныя меры, аднак калі б на іх не пайшоў, не было б ужо нікога. Калі я пяць год таму прыйшоў у ПМК-66, Аляксандр Лукіч Фамёнак адразу паставіў прарабам і ўручыў аб’ект – пяціпавярхоўку на Віцебскай, дзе толькі закладаўся фундамент. Страшна было, бо ніякага вопыту. “Не бойся прымаць рашэнні”, – сказаў мне тады куратар, майстар Васіль Яфімавіч Мацюшэнка. Я памятаю і тыя словы, і пра аказаны давер. І што за свае дзеянні трэба трымаць адказ – таксама. Зараз у нас 40 работнікаў замест 80. Колькасць скарацілася на 50 працэнтаў, а аб’ёмы работ толькі на 15. Гэта значыць, вырасла прадукцыйнасць працы. Брыгады – па пяць чалавек, усе навідавоку, не схалтурыш. Няма баласту, які працаваў за 8-ку ў табелі, а аб’ём цягнуў напарнік. За летнія месяцы спрацавалі з прыбыткам. Уніз цягнуць зімовыя, калі мала работы, а таксама старыя даўгі. Яшчэ адзін радок выдаткаў – пераробкі, якія выплывалі па здадзеных аб’ектах у час гарантыйнага тэрміну, і даводзілася перарабляць, зразумела, ужо без аплаты. Таму акцэнтую ўвагу менавіта на якасці, прашу, каб не ўтойвалі праблем. Ну а пакараннем служыць рубель. Для гультая і 100 рублёў шкада (дарэчы, за пяць год работы побач у якасці прараба мне не патрэбны алкатэстары), і заўсёды знойдзецца магчымасць заахвоціць стараннага. Сярэдняя заработная плата, дарэчы, 780- 800 рублёў. А перш чым прымяніць нейкія меры ўздзеяння, заўсёды гутару з чалавекам, мабыць здарылася што і трэба дапамагчы.

Аб’ёмы на блізкі час праглядаюцца. Распачынаем капрамонт шматпавярхоўкі ў Арэхаўне, будзе сёлета і закладка фундамента новага дома. Канечне, паспрыяла, што “Дажынкі” сёлета ў Шуміліне – многа аб’ектаў, а мясцовая ПМК-70 заўсёды бярэ нас субпадрадчыкам. Далёка наперад заглядаць не бяруся, праблем хапае, галоўнае зараз – замацаваць за сабой статус працаздольнага калектыву. Ну а карыстаючыся нагодай, хачу павіншаваць усіх ветэранаў ПМК-66 і сённяшніх работнікаў з прафесійным святам і пажадаць здароўя і дабрабыту, і канечне, каб вежавы кран заўсёды прысутнічаў ва ўшацкіх краявідах.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 

Цёплыя тоны мікрараёнаў

Хоць і называюць дамы на Віцебскай спальным мікрараёнам гарпасёлка, ад яго выгляду ў сон зусім не клоніць! Яркая і цёплая каляровая гама новых шматпавярховак радуе вока і ўзнімае настрой. Ну а работнікі брыгады аддзелачнікаў Ушацкай ПМК-66 праходзяць па гэтых вуліцах з асаблівым пачуццём: літаральна па кожнай тутэйшай сцяне прайшліся іх шпатэлі і малярныя валікі.

Раней тынкавальнымі работамі займалася на прадпрыемстве асобная брыгада, а працаўнікі другой былі задзейнічаны на іншых працэсах. Але з нядаўняга часу аддзелачнікаў аб’ядналі, і зараз кожны павінен валодаць усім спектрам навыкаў.

– Калектыў у нас працавіты і дружны, – адзначае брыгадзір Раіса Пятроўна Мончанка. – Значны вопыт у прафесіі маюць Вольга Александровіч, Наталля Бародзіч, Людміла Кляшчонак, ёсць і маладое папаўненне: тры гады таму пасля Ульскага ліцэя прыйшла ў брыгаду Каця Царова, “пастажыраваўся” на маскоўскіх будоўлях і вярнуўся да нас Аляксей Беглік, чаму мы вельмі рады. Работаць з такімі калегамі камфортна, бо ведаеш, што ніхто не падвядзе, кожны падставіць плячо. А ўвогуле я ніколі не згаджуся з тымі, хто лічыць нашу прафесію сумнай і непрэстыжнай. Мы робім важнейшую справу, плён якой ушачане бачаць на кожным кроку: калі займаюцца ў спарткомплексе, вядуць дзяцей у школу мастацтваў, уваходзяць у адрамантаваны хол паліклінікі, разглядаюць абноўлены будынак музея ці робяць пакупкі ў “Еўраопце”, дзе мы ўкладалі плітку. А цяпер вось парадуем і шумілінцаў, якія хутка справяць наваселле ў 40-кватэрным доме. Падобнае адчуванне нас натхняе і дапамагае атрымліваць асалоду ад няпростай фізічнай працы – і гэта, паверце, не напышлівыя словы.

Калі слухаеш, з якім імпэтам Раіса Пятроўна разважае пра будаўнічую прафесію, нават не верыцца, што прыйшла яна ў яе толькі ў 40 год. Раней працавала ў гандлі, але з-за шэрагу абставін вырашыла зрабіць жыццёвую “перазагрузку”. Дарэчы прыйшліся веды, якія набыла яшчэ ў школьныя гады ва Ушацкім ВВК, дзе ў сярэдзіне 80-х навучалі спецыяльнасці маляра-тынкоўшчыка. А хутка адаптавацца ў прафесіі дапамагло тое, што дзяўчына з Афераўшчыны з маленства была прывучана да любой працы, а яшчэ падтрымка вопытных калег Ліліі Мураўскай, Алены Талкач, Наталлі Бародзіч. Зараз жа Раіса Пятроўна сама перадае іншым сакрэты майстэрства. Якое, дарэчы, выкарыстала і падчас рамонту ў сваёй кватэры, куды нас гасцінна запрасіла. “Хочацца, каб у пакоях было чыста і ўтульна, да мяне ж часта завітваюць дачка і сын, у якіх ужо ўласныя сем’і. Яны – маё галоўнае жыццёвае дасягненне!” – прызнаецца жанчына.

Але важкім здабыткам можна лічыць і высокі аўтарытэт, які яна мае ў працоўным калектыве. Давер калег Р.Мончанка цэніць і штодня стараецца апраўдваць.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 

Варыць і “кашаварыць”

Падняцца па лесвіцы да сэрца бетонна-змяшальнай устаноўкі Васіль Васільевіч Сісковіч прапанаваў з двайным намерам. Зразумела гэта пазней, толькі калі ўзяла “вышыню”. Там знаходзіцца пульт, якім і кіруе матарыст. Націскаць на кнопкі – справа нескладаная. Так бы і падалося мне, калі б не ўзабралася па жалезных нязручных прыступках, па якіх яму даводзіцца бегаць безліч разоў.

“На сёмым дзясятку гэта адчувальна, – гаворыць Васіль Васільевіч і паказвае зверху, як рыхтуецца бетон. – Злева ў нас пясок буйной фракцыі, а справа дробнай – у залежнасці ад таго, што рыхтуем: бетон альбо раствор для тынкоўкі. У апошні далучаецца і вапна. Пясок падаецца па стужцы, люлька з ім падымаецца ў бункер, а вось цэмент, які раней таксама трапляў аўтаматычна, загружаем мяхамі ўручную”. Так што зусім някнопкавая справа ў Сісковіча. Ды і нездарова дзень дыхаць цэментам. Аднак на будоўлі толькі тры спецыяльнасці належаць да шкодных: прараб, муляр ды зваршчык.

В.Сісковіч выдатна разбіраецца ў розных марках бетону, хоць першая спецыяльнасць – вадзіцель, а таксама майстар лёгкай прамысловасці – працяглы час працаваў у камбінаце бытавога абслугоўвання, дзе ткалі пражу і розныя коўдры з яе. Паколькі літаральна ўсе ў ПМК-66 зараз універсалы, кіраўнік М.П.Грыневіч жартуе, што трэба падумаць, як выкарыстаць і гэту спецыяльнасць бездакорнага работніка. Калі ж сур’ёзна, то матарыст і ў рамонце дапаможа, і газаэлектразварку ў рукі возьме, і тэрыторыю абкосіць, калі не трэба ліць раствор.

Хутка гэта не атрымаецца, паколькі акрамя аб’екта на тэрыторыі раёна паступіў вонкавы заказ на 500 кубоў бетону. Лепельскаму лясгасу неабходна, каб ён падаваўся міксерам, а мясцовая ўстаноўка на гэта не разлічана.

Ва Ушачах жа менавіта такая: гадоў дванаццаць таму памянялі на больш прадукцыйную. За адзін замес цяпер рыхтуецца куб бетону, калі раней толькі трэць гэтага аб’ёму. Пад поўную ж загрузку адпаведнай машыны-міксера патрэбна тры.

– Калі заліваецца фундамент дома, то робім асабліва трывалы бетон, 400-й маркі, са шчэбенем. Двор апошняга дома па Віцебскай заліты 350-м, таксама вельмі якасным, ён хутка сохне, гадзіна – і можна хадзіць, – дзеліцца сакрэтамі Васіль Васільевіч і расказвае кур’ёз, які чуў ад сваіх калег. – Дзеці вельмі любілі гэта правяраць, чакалі, пакуль будаўнікі пакінуць аб’ект. Вяртаюцца пасля абеду, а там сляды. І хлопчык стаіць і кажа. “Сачу, каб малыя не лезлі”. А ў самога ўвесь абутак у бетоне. Сляды, канечне, потым замазалі.

Васіль Васільевіч з той кагорты працаўнікоў, якім не трэба казаць, як што рабіць. Толькі марку і аб’ём. Калі нешта выходзіць са строю, ён не праблему агучвае, а называе патрэбны матэрыял, бярэ тыя ж электроды, электразварку і ідзе варыць, а потым “кашаварыць” – за день, бывала і па 50 кубоў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *