Какой сорт картофеля выбрать для посадки?

Калейдоскоп

Хутка распачнецца сезон пасадак, на кірмашах і ў магазінах з’явіцца шмат сартоў насеннай бульбы. Як у іх разабрацца? Лепш за ўсё – па водгуках людзей. Перавагам любімых гатункаў ушачан і прысвячалася наша апытанне. Якую бульбу выбраць?

Людміла Міхайлаўна МІХАЛЬ, галоўны спецыяліст райсельгасхарча:
– Запрасілі на кірмаш фермера, які дае аб’яву ў “Патрыёт”. Ён пацвердзіў, што ўсе сарты з дакументамі, развядзеннем эліты займаецца сам, таму і недарагая. Па заяўленых там гатунках магу сказаць, што асабіста мне спадабаўся па смакавых якасцях “Джувел”, таксама смачная, падобная на “Адрэту” суперранняя “Каломба”, дарэчы, летась яе некалькі разоў завозіў наш Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства. “Імпала” невыпадкова пераводзіцца як хуткая антылопа – буйная, з часам поўнай спеласці 60-70 дзён. Ну а самы ранні, напэўна, “Ривьера” – ужываюць ужо на 40 дзень. З позніх мне падабаецца “Нара” – не баіцца фітафторы.

Ірына Васільеўна ДОЛГАЯ, начальнік аддзела нарыхтовак і знешне-эканамічнай дзейнасці Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства:
– Заказалі эліту сартоў “Палац” і “Скарб”, мяркуем завезці іх у магазіны і прыняць удзел у кірмашы. Першы гатунак быў у продажы і летась, спадабаўся агароднікам, паколькі ранні, урадлівы, чырвоны з жоўтай мякаццю, ну а сярэднеспелы (100-110 дзён) “Скарб” ушачане на працягу дзесяцігоддзяў цэняць за годны смак і стабільна высокую ўрадлівасць, дарэчы, гэты гатунак выдатна адгукаецца на падкормку мінеральнымі ўгнаеннямі.

Любоў Якаўлеўна ШАРАГ, бульбавод са стажам:
– Ваджу гатункаў 15, набываю суперэліту толькі ў насенняводчых станцыях ці ў магазінах, аднак ёсць два гатункі, назвы якіх не ведаю, бо прывезлі з-за мяжы. Адзін – фіялетавы, знутры таксама, смачная, хоць і нязвыклая вараная, таму пускаю яе на салаты, выдатна глядзіцца ў “Аліўе”. Другі – з чорнай лупінай і жоўтая знутры, не баіцца фітафторы. Вельмі падабаюцца “Ювель” (другая назва “Джувел”) і “Вінета” – нямецкія суперраннія гатункі, “Вектар”, “Скарб”. Раннія саджу пад спанбонд прыкладна 20 красавіка, а ў пачатку чэрвеня ўжо ласуемся маладой бульбай. Сёлета набылі суперэліту “Волат” – назва гаворыць сама за сябе, нават насенны матэрыял вельмі вялікі, пры пасадцы давядзецца разразаць.

Галіна Мікалаеўна КАШКО, начальнік інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін:
– Многа гатункаў не ваджу. Застаюся вернай тым, што спадабаліся: ранняму “Лілея” і сярэднепозняму (110-120 дзён) “Вектару”. Набываю звычайна ў насенняводчай станцыі “Тулава” суперэліту, трымаю не больш 4 гадоў і абнаўляю. Хіміі імкнуся ніякай не прымяняць, апрацоўваю ад фітафторы не больш аднаго разу, калі з’яўляюцца першыя прыкметы, а вось саджу рана, каб “падмануць” каварную інфекцыю – да першага мая засаджаны ўвесь агарод, ну а невялікі ўчастак пад першую бульбу на два тыдні раней. Яравізую ў цяпліцы і абавязкова пратручваю клубні сродкам “Табу” – дае эфект у барацьбе з драцянікам, якога многа на маім участку. У абодвух змешаны кулінарны тып, першая (АВ) – слаба разварваецца, добра для смажання, у другой (ВС) – выдатная для пюрэ, запякання. Адзінае – “Лілея” капрызная да засухі і можа растрэсквацца – мець непрывабны выгляд, які не адбіваецца на якасці.

Ад аўтара:
Летась поўнасцю аднавіла насенны матэрыял, набыўшы пераважна суперэліту. Большую аддачу – практычна 1 да 10 – даў ранні “Палац”: буйныя роўныя чырвоныя клубні з жоўтай сярэдзінай, дробных не было наогул. Адносіцца да салатнага тыпу АВ. Крыху пазнейшыя, але таксама раннеспелыя “Каралева Ганна” і “Уладар” мелі ўраджайнасць 1 да 6, першы таксама з вельмі роўнай без вочкаў лупінай. Паколькі ўчастак знаходзіцца ля балота і заўсёды рана развіваецца фітафтора, непакоілася за сярэднепознюю “Нару”. Аднак бацвінне пратрымалася даўжэй за іншыя гатункі. Па смаку літаральна ўсе сарты спадабаліся.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *