В Ушачском районе дан старт кормозаготовке

Сельское хозяйство

Толькі фінішавала сяўба, а гаспадаркі ўжо ўключаюцца ў не менш адказную кампанію – касавіцу. Пытанне арганізацыі нарыхтоўкі кармоў было вынесена на планавае пасяджэнне райвыканкама.

Аднак для большай эфектыўнасці яго правялі ў суботу ў выязным фармаце – на палетках ААТ “Ільюшынскі” з удзелам кіраўніцтва раёна, спецыялістаў гаспадарак, ветэрынарнай службы.

Магчыма, хтосьці скажа, што рана – з-за адсутнасці дажджоў травы яшчэ не набралі неабходнага росту. Аднак пакуль тэхніка будзе праходзіць абкатку і пачнецца масавая нарыхтоўка. Сёлета гаспадаркі павінны нарыхтаваць 33,7 цэнтнера на ўмоўную галаву жывёлы. Аднак проста сабраны кілаграм зялёнай масы яшчэ ні пра што не кажа. Акрамя колькасці патрэбна якасць. Калі трава перастаіць, пра спажыўныя кармы таксама можна забыцца. Толькі пры захаванні тэхналогіі варта разлічваць на збалансаваны сянаж і сілас, а ў канчатковым выніку на павелічэнне малочнай прадукцыі, якая пасля рэалізацыі ператвараецца ў рэальныя грошы. Формула поспеху простая: кармы – малако – грошы.

Гаспадаркі першым укосам павінны нарыхтаваць 2000 тон сена і больш 44250 сенажу. Найбольшыя аб’ёмы ў “Сафійскіх дарах” і “Ільюшынскім”.

Пачалі нараду-семінар з нюансаў наладкі тэхнікі – падрыхтоўкі касілак, грабляў, камбайнаў для мінімізацыі страт пры падборцы і адвозцы кармоў. Пасля чаго тэхніка адправілася па зялёным полі. Асаблівую ўвагу звярнулі на прэс-падборшчык, які “кансервуе” сянаж у стрэйч-плёнку. Перавагі нарыхтоўкі такім спосабам за апошнія гады ацанілі ва ўсіх гаспадарках раёна. Сакавіты корм выдатна захоўвае сваю пажыўнасць, ім з задавальненнем ласуюцца ўзімку як цяляты, так і дарослая жывёла. У раёне маецца 2 спецыяльныя прэс-падборшчыкі – у “Ільюшынскім” і “Сафійскіх дарах”, адпаведна створаны два мехатрады, якія нарыхтуюць 4 тысячы тон сенажу. Першы закрые патрэбы “Ільюшынскага, “Вялікадолецкага”, “Дземенца”, “Агра-Селішча”. Другі будзе працаваць у “Сафійскіх дарах” і “Глыбачанах”. “Звярну вашу ўвагу на некалькі момантаў: не трэба пакаваць перасохлую масу – яна можа парваць нятанную плёнку і ўмовы захоўвання ўжо будуць непрымальнымі, рулоны павінны абавязкова звозіцца і лепш выкарыстоўваць спецыяльную тэхніку, каб зноў жа не парушыць цэласнасць і адпаведна якасць”, – падкрэсліла начальнік райсельгасхарча Ю.М.Ладнова, а працаўнікі “Ільюшынскага” наглядна прадэманстравалі вартасці спецыяльнага пагрузчыка.

Абмяркоўвалася і тэхналогія закладкі з прымяненнем кансервантаў, якія выкарыстоўваюцца для паляпшэння якасці. Травы губляюць свае кармавыя вартасці не толькі перарастаючы, але і ў выпадках парушэнняў тэхналогіі, пры неадпаведным захоўванні. Галоўны ветэрынарны ўрач раёна М.Ю.Вішнеўскі нагадаў удзельнікам семінара ўмовы і сістэму забеспячэння кантролю за якасцю. Не ў меншай ступені яна залежыць ад аб’ёмаў нарыхтоўкі і надвор’я. Бывае, што ў пачатку дня трава вельмі вільготная, а ў канцы прыгодная хіба што на сена. Неабходна правільна выбраць і стратэгію: раней убіраць участкі, якія знаходзяцца паблізу ад месцаў закладкі траншэй, а дробнаконтурныя і далёкія палі з невысокай ураджайнасцю і няўдобіцы пакідаць на сена.

Варта ўлічыць мінулагоднія памылкі – захаванне вільготнасці, самасаграванне траншэй і іх негерметычнасць. Работы ж на трамбоўцы павінны весціся кругласутачна – ад пачатку закладкі і да закрыцця. А каб выключыць выпадкі нядобрасумленнага выканання як гэтых работ, так і ўсіх астатніх, гаспадаркам варта ўстанавіць на тэхніку GPS-навігатары. Такой сістэмай ужо не першы год карыстаюцца ў тым жа “Ільюшынскім” і бачаць толькі перавагі.

Перад стартам корманарыхтоўкі пасля складанага рамонту з ААТ “Заходне-Дзвінскі МРС” вярнуліся ў строй тры КВК – з “Глыбачан”, “Вялікадолецкага” і “Агра-Селішча”, што, безумоўна, паскорыць працэс. Усяго на касавіцы ў раёне будзе задзейнічана 12 камбайнаў.

Дарэчы, нарыхтоўка павінна весціся толькі ў траншэі, папярэдне добра ачышчаныя, ніякіх буртоў і курганоў.

Спецыялісты райсельгасхарча спыніліся і на тэмах аплаты працы, уліку кармоў, вядзенні дакументацыі, пытаннях пажарнай бяспекі – кожны год у рэспубліцы фіксуюцца выпадкі ўзгаранняў камбайнаў.

– Планамерна ўключаемся ў работу і рыхтуем якасныя кармы, гэта залог будучых добрых надояў і прываг, – падводзячы вынік нарады, адзначыў старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі. – Карысць жа семінара відавочная – усе разам абмеркавалі ход работ, удакладнілі неабходныя моманты.

Ужо ў другой палове дня зялёнае поле ля Дворыцы пярэсціла белымі рулонамі з ільюшынскім сенажом. Старт касавіцы дадзены!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *