Праздник деревни Лисичино

Калейдоскоп

Вёска ў адну вуліцу… Вуліца даўжынёю ў наша дзяцінства…. Здавалася, так далёка ісці па ёй з канца ў канец. А цяпер разумееш, што гэта ўсяго сем хвілін хадзьбы…

Па ёй мы, малыя, калісьці вучыліся катацца на веласіпедах, на ёй вечарамі сустракалі кароў з поля. Жылі ў Лісічыне сапраўдныя працаўнікі і таленавітыя людзі. Помню, як мы, малыя, дзівіліся з самаробнага снегаходу, які змайстраваў Павел Кляпец і ездзіў на ім на працу па глыбокім снезе. Жартаўнік, майстар на ўсе рукі, самы першы набыў у далёкія сямідзясятыя “Масквіч”, і мы ўсе ганарыліся дзядзькам Пашкам. А як смачна гатавалі жанчыны самыя простыя стравы ў вялікіх печках: дранікі, сухары, бліны. Як умелі вышываць, вязаць, шыць адзенне для ўсёй сям’і, а які смачны хлеб на кляновых лістах пякла мая бабуля Арына!

Як хутка праляцеў час, і вось мы зноў разам на сваёй малой радзіме. Калісьці па ініцыятыве жыхароў былі пасаджаны маленькія бярозкі, і вось ужо сапраўдная алея радуе вока і сустракае людзей. 17 чэрвеня адбылося свята вёскі, арганізатарам якога сталі работнікі Кубліцкага дома культуры. З далёкіх і блізкіх гарадоў і вёсак сабралася каля сарака чалавек. Чым адметна гэта невялікая вёсачка? Метадыст Дома культуры Таццяна Іванаўна Касцючэнка вярнула прысутных у гісторыю. Затаіўшы дыханне, слухалі, што ў пачатку 21 стагоддзя тут жыло больш за сто чалавек. А зараз пастаянна – толькі тры сям’і. Але з надыходам вясны ўсё мяняецца. Амаль у кожнай з пятнаццаці хат улетку гарыць святло, вуліца ажывае, напаўняецца звонкімі дзіцячымі галасамі. Пра кветкавыя ж кампазіцыі можна гаварыць бясконца. Першай пачала ствараць незвычайныя клумбы Наталля Падгол. Каля хаты, дзе калісьці жыла яе бабуля, стаяць можна гадзінамі, любавацца і здзіўляцца. Ну а калі ў вёску прыехалі Марына і Васіль Лісіцы, пачалася сапраўдная кветкавая рапсодыя. Маладыя людзі змянілі выгляд ужо старой хаты, а двор аздобілі так, што можна экскурсіі вадзіць. Не засталіся ўбаку і другія жыхары. Так, менавіта жыхары, бо вяртаюцца яны сюды ранняй вясной, а ад’язджаюць у горад як мага пазней. А сям’я Ніны і Рычарда Плешкуноў увогуле змяніла гарадскую прапіску на вясковую і жыве тут амаль увесь год. Вясёлкавымі колерамі зіхацяць розныя кветкі ў палісадніку Галіны Хахолкі, дарэчы, яна прыязджае ў бацькоўскую хату разам з сястрой Ірынай Цімафееўнай Зубаравай, якую добра ведаюць многія жыхары раёна, бо яна доўгі час працавала на ФАПах, клапацілася пра здароўе людзей. На двары Марыі Міхайлаўны і Леаніда Уладзіміравіча Грэцкіх у выхадныя дні заўсёды ажыўлена, іх трое дзяцей хоць і нарадзіліся ва Ушачах, любяць Лісічына і з ахвотай дапамагаюць бацькам. Усе яны скончылі ВНУ і сталі дастойнымі працаўнікамі.

Дарэчы, прэстыж адукацыі ў маёй вёсцы быў заўсёды. Так, ажыццявіў сваю мару і стаў верталётчыкам Аляксандр Пятровіч Канчанка. Як хваляваліся яго бацькі, калі Саша удзельнічаў у афганскіх падзеях. За выкананне службовых абавязкаў ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і “За службу Радзіме” ІІІ ступені. Двойчы быў удзельнікам парада ў складзе верталётнай групы ў Мінску. Зараз прадаўжае працаваць у расійскай фірме грамадзянскай авіяцыі ў Афрыцы. Пры гэтым ён вельмі сціплы, шчыры чалавек, а наведванне Лісічына, сустрэча з землякамі – вельмі радасная для яго падзея.

Старшыня Кубліцкага сельскага савета Марыя Васільеўна Ярмош не скупілася на цёплыя словы, калі акрэслівала ўдзел кожнай сям’і ў добраўпарадкаванні вёскі. Павіншавала Валянціну і Пятра Арловых, якія разам ужо 46 гадоў, захоўваюць бацькоўскі дом і прыязджаюць у яго з Наваполацка. Адзначыла Лістом падзякі і Мікалая Піскуна як неабыякавага старэйшыну вёскі і памочніка ў многіх справах сельсавета.

Доўгі час гучала музыка над Лісічынам, ліліся цёплыя і душэўныя песні ў выкананні самадзейных артыстаў Кубліцкага дома культуры, а жыхары і госці выказалі пажаданні часцей збірацца разам, бо дзіўнай энергетыкі нашай вёскі асабіста мне хапае на цэлы год.

Ірына КАЗАЧОНАК, аг.Ільюшына.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *