Когда работа в радость. История молодого мастера леса Плинского лесничества

Образование и молодежь

Сёлета ўшанаванне лепшай працуючай моладзі Ушаччыны пройдзе ў рамках святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, прозвішчы маладых перадавікоў раёна будуць абнародаваны толькі 3 ліпеня. Але сёння мы крыху прыадчынім “покрыва тайны” і раскажам пра аднаго з іх.

Стаць вылучэнцам ад Ушацкага лясгаса асабліва ганарова: выбар дастойных работнікаў, у тым ліку і маладых, тут шырокі. І сёлета прадстаўляць славуты працоўны калектыў будзе майстар участка Плінскага лясніцтва Андрэй Клямяценка. Многія ўшачане ідуць у лясную гаспадарку па прыкладзе дзядоў і бацькоў, а вось герой нашага аповеду мяркуе сам стаць заснавальнікам будучай дынастыі. Прынамсі пераемнасць у іх сям’і ўсё ж існуе, ад бацькоў, якія прысвяцілі жыццё дарожнай сферы, малады чалавек узяў лепшыя рысы: працавітасць, адказнасць, уменне ладзіць з калегамі. “У Полацкім лясным каледжы вучыўся мой сябра Раман Шчэрбік: ён і параіў паступіць у гэту ўстанову. Мне там адразу спадабалася! Цікава было і на тэарэтычных занятках, і на практычных у вучэбна-вопытным лясгасе. Апроч спецыяльнасці майстра асвоілі мы і работу вальшчыка, а на пераддыпломную практыку я трапіў у Плінскае лясніцтва, куды, дарэчы, ужо ўладкаваўся і Раман. Натуральна, што я з задавальненнем папоўніў менавіта гэты калектыў”, – расказвае Андрэй.

Прынялі навічка вельмі цёпла. Некалькі першых месяцаў папрацаваў лесніком – дарэчы, у пары з яшчэ адным добрым сябрам – Юрыем Уладзіёнкам, якога ведаў па агульным захапленні футболам. А вясной 20-га Андрэю даверылі адзін з трох участкаў лясніцтва. Давялося, праўда, узяць паўзу ў рабоце – каб прайсці тэрміновую ваенную службу. Спартыўны і загартаваны хлопец і тут не меў праблем: падумваў нават аб працы ў сілавых структурах, ды ўсё ж зразумеў, што лес вабіць мацней.

Склад майстроў у Плінскім лясніцтве зараз самы малады ў лясгасе: Раману Шчэрбіку, дарэчы, якраз сёння спаўняецца 27, Андрэй дасягне такога ўзросту праз паўгода, а трэці ўчастак гэтай вясной узначаліла выпускніца каледжа Анастасія Міцкевіч.

У майстра ўчастка шмат абавязкаў: трэба забяспечыць усіх справай, пракантраляваць яе выкананне, аформіць дакументацыю. У чацвер, калі адбылася наша сустрэча, работнікі займаліся нарыхтоўкай драўніны, доглядам за маладняком, і значную частку дня Андрэй правёў на дзялянках. “Дзе яшчэ вы знойдзеце работу, якае дадае здароўя? Мы ж амаль пастаянна на свежым паветры, сярод раслін. Што можа быць лепей?” – з усмешкай канстатуе майстар. Увогуле за час гутаркі так і не пачулі ад яго ніводнай скаргі на цяжкасці. Хмары насякомых улетку? Дык спрэй жа ёсць! Камандзіроўкі ў Крычаў на ліквідацыю бураломаў – цікавы вопыт. Дзяжурствы ў пажаранебяспечны перыяд – дык з новай спадарожнікавай праграмай “Лясны страж” гэта ўвогуле не праблема. “Хадзіць зімой па замеценых дзялянках – канечне, такое сабе задавальненне. Але нічога. Калі снег надта глыбокі, пускаем першапраходцам нашага самага высокага работніка Вадзіма Кляпца, яму ж лягчэй ногі з гурбаў вымаць. Ну а мы ў яго сляды патрапляем”, – з гумарам выдае малады майстар “вытворчыя хітрасці”. З такім пазітыўным настроем сапраўды любая работа ў радасць, ды і грамадскія абавязкі таксама.

Умее малады чалавек і змястоўна праводзіць вольны час. Калі на службе займаецца раслінамі, то дома – жывёламі, клапоціцца пра двух пародзістых сабак. З-за праблем з нагой Андрэй не змог спаўна рэалізаваць у юнацтве свой высокі футбольны патэнцыял, аднак захапленню не здрадзіў і зараз ходзіць на трэніроўкі на спарткомплекс. Дарэчы, высокае чацвёртае месца нашай каманды на нядаўніх “Сельскіх гульнях” – у многім яго заслуга. Вось такая ў нашым раёне моладзь! І вельмі хочацца, каб прозвішча Клямяценка і надалей асацыіравалася з ушацкай лясной гаспадаркай. Ну і з футболам, канечне, таксама!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *