Садоводческое товарищество «Дружба» отметило 35-летие

Общество

Цэнтральная, Лясная, Кветкавая, Лугавая, Рачная, Азёрная… Вось колькі вуліц у былой вёскі Пранікі, а зараз садаводчага таварыства “Дружба”, якое сёлета адзначыла сваё 35-годдзе. І вельмі прыемна, што гэта адзіная зніклая вёсачка раёна, якая адрадзілася і прырасла дамамі і жыхарамі. І калі колькасць апошніх улетку і не падлічыць – істотна павялічваецца з-за унукаў, сяброў, кампаній, што прыязджаюць адпачыць на возера Глыбокае, то незаняты ўчастак у садаводчым кааператыве застаўся ўсяго адзін.

У 1988-м, калі афармляліся першыя зямельныя надзелы, быў вялікі попыт на зямлю, у таварыства, якое разгарнулася на месцы былой вёскі, уступалі пераважна ўласнікі кватэр, якія не мелі агародаў. Таму і “Дружба” была зусім непадобнай на сённяшнюю. Невялікія дашчанікі для захоўвання інвентару, пасадкі першых кустоў і дрэў. Ездзілі ўшачане выключна для вырошчвання ўласнай садавіны і агародніны. Зараз толькі 12 са 108 уласнікаў не ўзвялі на сваіх 10-15 сотках капітальныя пабудовы. У астатніх ці невялікія аднак утульныя домікі-церамы, ці двухпавярховыя катэджы. Сюды можна арганізоўваць экскурсіі, каб падзівіцца распланаваным зонам адпачынку з кветнікамі і газонамі, лазневымі “комплексамі”, рознымі альтанкамі. Ёсць нават агульная ля штучнага вадаёма. Перамены адбыліся каласальныя. І сёння ў Пранікі едуць не столькі папрацаваць, колькі адпачыць на ўлонні прыроды. У многіх дамах – усе выгоды, а фішка апошняга часу – калодзежы і свідравіны. Нягледзячы на блізкасць вады – каб дастаць пітную, трэба пакласці 6-9 кольцаў. Але не пашкадуеш. “Зрабілі аналіз, выключная – па ўсіх параметрах”, – гаворыць старшыня таварыства Пётр Васільевіч Спірыдонаў, які выбіраецца на пасаду ўжо другі раз. Наогул за час існавання таварыства старшынь змянілася нямала. Ношу па вырашэнні агульных клопатаў на сябе бралі М.І.Федарэнка, С.Т.Белавусаў, М.В.Хрыпель, М.Л.Фядосенка, К.М.Сырэль, В.К.Чабатар, Т.Ф.Рачкоўскі, А.Я.Прашкевіч.

Пераважна ўсе 108 уласнікаў – ушачане або маючыя мясцовыя карані. Аднак ёсць “піцерцы”, мінчане, якія купілі ўласнасць на гэтым маляўнічым паўвостраве – толькі такім чынам тут можна “прапісацца”. Дарэчы, хоць і існуюць вуліцы, таблічкі з назвамі якіх да свята вырабіў Андрэй Анатольевіч Радзіеўскі з Наваполацка, і хоць некаторыя як Дуброўскія і В.Грудаў жывуць там круглы год, аднак у пашпартах ні аднаго з дачнікаў вы не адшукаеце “дружбінскай” рэгістрацыі. Але са снежня і гэта стане магчымым – уступае ў сілу Указ №155 “Аб садаводчых таварыствах”. Можна перавесці на дзяржаўнае абслугоўванне электрасеткі, а жыллё з дачнага статусу – у жылы і зарэгістравацца, у тым ліку і часова, а значыць мець адпаведныя льготы. Ды і сама “Дружба” зможа стаць самастойным населеным пунктам.

Пакуль што таварыства збірае абавязковыя ўзносы, за якія вядзецца прачыстка ці падсыпка дарог, гараць ліхтары, вывозіцца смецце – літаральна ўсе выгоды для іх – платныя. Толькі аўтамагазін заходзіць як у звычайную вёску, ды вуліца Цэнтральная знаходзіцца на балансе ДРБУ-105. Канцэрт раённага цэнтра культуры да юбілею таксама быў платным, аднак аб гэтым ніхто не пашкадаваў – многа людзей сабралася разам на сваё сямейнае свята – за 35 год дружбінцы поўнасцю апраўдваюць назву свайго таварыства.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *