При храме Минадоры, Митрадоры, Нимфадоры действует сестричество, которое осуществляет помощь малоимущей категории граждан

Общество

Ужо не адзін год пры храме Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры дзейнічае сястрыцтва. На добраахвотных пачатках, за ахвяраванні неабыякавых людзей і без прывязкі да каляндарных дат ім ажыццяўляецца дапамога маламаёмаснай катэгорыі грамадзян. Пра накірункі работы валанцёрскай суполкі, якую ўзначаліла год таму, расказала Ларыса Аляксандраўна ВІДЗЕВІЧ.

– Хочацца дапамагчы менавіта тым, хто сапраўды мае патрэбу. Ад гэтага атрымліваеш асалоду і сам, і людзі. Толькі як гэта зрабіць, калі адных інвалідаў-калясачнікаў 67 чалавек? Раскажу пра адзін выпадак. Падыходжу я да магазіна з 300 рублямі, якія сабралі падчас велікоднага кірмашу, у поўнай роспачы. Не ведаю, з каго пачынаць і што купляць, іду і малюся – як да мяне падыходзяць дзеці і просяць манетку, каб разблакіраваць аўтамат. Размаўляем, аказваецца, яны з мнагадзетнай сям’і, якой не было ў маіх спісах. Але калі прывялі дамоў, высветлілася, што іх сапраўды сямёра і вялікага дастатку няма. Прадуктовы набор, а ўключаем у яго самае неабходнае, аказаўся дарэчы. Роспач знікла, акрэсліліся новыя адрасаты. Прывяла гэты прыклад, каб патлумачыць, што ў сястрыцтве выключна веруючыя людзі, і Бог зводзіць нас з тымі, хто мае найбольшую патрэбу.

Паведаміць сястрыцтву пра свае патрэбы можна па нумары 29 819-06-85 (МТС).

Мы цесна супрацоўнічаем з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сельсаветамі. У пачатку работы атрымалі спіс малазабяспечаных грамадзян. Ён вельмі вялікі, нам падказвалі, на каго звярнуць асаблівую ўвагу, хадзілі і знаёміліся самі, высвятлялі патрэбы. Што і казаць, ёсць інваліды І групы з дастаткам і клопатам сацработнікаў і блізкіх. А ёсць з трэцяй, аднак без даходаў і падтрымкі. Так акрэслівалася кола нашых падапечных. У Жанны Пашуты і Дзмітрыя Грышчанкі з Ліпаўца мы пабывалі не меней шасці разоў, можна сказаць, узялі шэфства, як і над шматдзетнай сям’ёй з былой “сопаўскай” сям’і, якой патрэбна была і псіхалагічная падтрымка. Гутарым, дзеці ходзяць у нядзельную школу. А аднойчы прыйшлі да чалавека і заўважылі струхнеўшую падлогу. Паклікалі мужоў, залаталі дзірку, а ў дадатак прывезлі дыван. Перадаём і адзенне, рэчы, якімі дзеляцца людзі. У нас пры храме, можна сказаць, магазін утварыўся, і тыя, хто могуць прыйсці, самі выбіраюць, што ім патрэбна.

Дапамога сястрыцтва рознабаковая. Наведваем разам з айцом Аляксандрам бальніцы, Таццяна Клачок, што працуе ў цэнтральнай, і Ала Крыштопенка з Вялікадолецкай паведамляюць аб хворых, якія б хацелі спаведацца і прыняць прычасце. Адвозім самастойна ці перадаём праз ТЦСАН падарункі і рэчы па сельсаветах. Збіралі сродкі для лячэння двух хлопчыкаў. Не магу сказаць, што дайшлі да кожнага маламаёмнага. У людзей самыя розныя, часам вельмі складаныя жыццёвыя сітуацыі, і не пра ўсе ведаем.
Заўсёды рады і памочнікам, бо падрыхтаваныя да свят падарункі разносім нават на працягу 2 месяцаў. Пакуль у нас 6 валанцёраў і 8 сясцёр міласэрнасці, акрамя названых вышэй актыўна дапамагае Вольга Самовіч, Наталля Радзюш, Ганна Пашкова, Святлана Быкава, якая на ўласнай машыне развозіць рэчы.

Ужо зараз рыхтуецца чарговая калядная выстава-кірмаш. Паралельна ў храме падчас святаў арганізуецца продаж рэчаў, зробленых рукамі інвалідаў. Набываючы сувеніры, мы дапамагаем ім зарабіць.

Сродкі ж для падарункаў мы атрымліваем пераважна з дабрачынных кірмашоў. Сутнасць іх у тым, што людзі прыносяць на продаж любыя рэчы, зробленыя сваімі рукамі: у тэхніцы дэкупаж, вышыўку, вязанне, з саломкі, папяровых трубачак, дрэва ці выпечку. Прымаюць удзел у іх як прызнаныя майстры, мастакі, так і дзеці з нядзельнай школы, дзе вырабляюць зусім танныя святочныя сувеніры. Падчас першага, каляднага, сабралі каля 500 рублёў, велікоднага – 300. Заўсёды прымаем у храме і самыя розныя рэчы. Можна ахвяраваць і сродкі непасрэдна для падтрымкі маламаёмных. Просім неабыякавых людзей не заставацца ў баку. Усе разам мы робім карысную справу.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *