Одним из самых опытных специалистов отделения «Беларусбанка» в Ушачах является Валентина Синица

Общество

За дзесяць кітайскіх юаняў даюць 4,4 беларускіх рублі. Такія лічбы свецяцца на табло ў аперацыйнай зале ЦБП №221 ААТ “Беларусбанк” побач з расійскімі рублямі, доларамі і еўра. І хоць памацаць новую валюту спецыялісту першай катэгорыі В.А.Сініцы яшчэ не давялося, як выглядаюць усе разнавіднасці банкнот КНР, вывучыла дасканала – той, хто мае дачыненне да валютных аперацый, яшчэ ў снежні, перад запускам навінкі, прайшоў адпаведны лікбез. А вось падробныя долары Валянціна Андрэеўна выяўляла нават навобмацак, без прасвечвання апаратурай.

Было гэта яшчэ падчас работы ў сельскім аддзяленні банка, а пачынала на палову стаўкі спачатку ў Жарах, а потым  Ільюшыне. “Не спадабалася, як у пальцах шуршыць атрыманая купюра. Ды і кліент таксама не выглядаў на “валютнага”. У нашай рабоце і фізіянамістам, і псіхолагам трэба быць. І юрыстам, паколькі даводзіцца рабіць выплаты па натарыяльных дзеяннях, а прыходзяць кліенты з 1/4 долі адной спадчыны, і з 1/7 другой. Патрэбна максімальная канцэнтрацыя, як і падчас любых аперацый. Якім напружаным для спецыялістаў банка быў час афармлення чэкаў “Жыллё” і “Маёмасць”, што меліся на руках кожнага ўшачаніна”, – прыгадвае Валянціна Андрэеўна самыя складаныя сітуацыі.

Праблема ж для супрацоўнікаў банкаў не ў недаатрыманай капейцы, а ў тым, што яе нельга проста дакласці са сваёй кішэні. Любое разыходжанне ў суме – гэта высвятленне прычын, прагляд відэазапісаў, пошук кліентаў, складанне няпростых актаў. Здаралася, што вярталі недаатрыманае людзям ці яны прыносілі перададзенае. Пры такой колькасці самых розных аперацый людскія памылкі магчымы, а вось банкаўскія зведзены да мінімуму. І В.Сініца таксама прымае ў гэтым непасрэдны ўдзел, калі, напрыклад, выконвае абавязкі кансультанта на зале. Гэтую пасаду можна палічыць простай. Але ў абавязках спецыялістаў не толькі размеркаванне патокаў, арыентацыя кліентаў у прадуктах банка ці пры аплаце праз інфакіёск, але і пацвярджэнне складаных аперацый, напрыклад, пры выплаце ўкладу. Ды і за работу ўсіх “акенцаў” розніцы Валянціне Андрэеўне даводзіцца адказваць, калі замяшчае ўпраўляючага аперацыйнай службай І.І.Лемеш.

У мінулым годзе ЦБУ №221 выпушчана 1650 банкаўскіх карт у рамках розных клубаў, якія маюць шэраг выгадных бонусаў – вяртанне пэўнай сумы з пакупак, заробкам балаў, што пераводзяцца ў рублі, бясплатнае падключэнне М-банкінгу, скідкі па страхоўках і многія іншыя.

Раней пад рукамі яна трымала некалькі сшыткаў – у якіх падрабязна запісвала ўсе дзеянні ў сістэме, а зараз на памяць ведае аперацыі, хоць вучыцца даводзіцца пастаянна. Толькі анлайн-крэдыты мяняюцца кожны сезон, зараз, напрыклад, выгадны навагодні “Заяўка Дзеду Марозу” без паручыцеляў і пад нізкі працэнт – 9,5 гадавых, які дзейнічае– да 22 студзеня. Усяго ж іх каля трох дзясяткаў, а яшчэ імгненныя пераводы, нават толькі па нумары тэлефона, дэпазіты, каштоўныя паперы… Пашырэнне лінейкі прадуктаўідзе пастаянна, як і праверка ведаў на кожную аперацыю. На тэст з 20 пытанняў даецца 20 хвілін. Таймер пры абслугоўванні наведвальнікаў у банках не ўключаюць, аднак яго на сабе адчуваюць кліенты. Аднойчы
пры пераафармленні ўклада яго ўладальніца ад здзіўлення прамовіла: “Так хутка мне на подпіс паперы яшчэ не падавалі”. У адказ за падзяку на нескладаную аперацыю В.Сініца пажартавала: “Дык Вас жа абслугоўвае спецыяліст!” Хаця гэта зусім і не жарт.

Валянціна Андрэеўна мае максімальныя 18 кампетэнцый, знаходзіцца у рэзерве кадраў ЦБП, паколькі адпавядае ўсім крытэрыям, у тым ліку і наяўнасцю вышэйшай адукацыі. Ёсць і яшчэ адзіна цікавая акалічнасць – 26 снежня – дзень нараджэння і “Беларусбанка”, і яе асабісты.

Хаця пасля заканчэння каледжа вучыцца далей дзяўчына не збіралася. Сяброўка па рабоце ўгаварыла паехаць разам здаваць тэсты. Так за кампанію і атрымала прафесію фінансіста ў Полацкім дзяржуніверсітэце. “Веды пашыраюць гарызонт і магчымасці. Як кажуць, гэта адзінае, што ў цябе не змогуць адняць. Я больш упэўнена ў сабе і для дзяцей лічу годным прыкладам, што можна спалучаць работу і вучобу. У мяне іх двое, сын ужо заканчвае 9 клас, – расказвае Валянціна. – Час бяжыць хутка, у банку працую з 2005 года, а як усё памянялася, усё больш аперацый ажыццяўляецца праз дыстанцыйнае банкаўскае абслугоўванне, вялікіх чэргаў няма. А ў першы дзень работы ва ўшацкім аддзяленні была ўражана колькасцю наведвальнікаў. Мабыць пенсіі выдавалі, што людзі стаялі ад акенцаў да дзвярэй. За дзень іх прайшло столькі, колькі ў Ільюшыне за месяц. Мне ж падабаецца, калі ты загружаны, так цікавей. Ды і калектыў у нас вельмі сяброўскі, шкада, што значна паменеў. Аднак і сённяшнім і былым калегам вельмі ўдзячна за вучобу, узаемавыручку. І, канечне, хачу павіншаваць усіх з прафесійным святам, пажадаць моцнага здароўя і міру”.

Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *