Ушачане посетили гала-концерт в рамках фестиваля «Беларусь — моя песня» в Минске

Общество

У мінулую пятніцу ў Палацы Рэспублікі дадзены старт рэспубліканскаму фестывалю “Беларусь – мая песня”. Паўночны рэгіён на ім выступаў першым – на гала-канцэрце “Віцебская батлейка” (гэты тэатр лялек вядомы з 17 стагоддзя і ўваходзіць у пералік гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны) пабывалі і ўшачане.

У фае Палаца Рэспублікі ў гэты дзень разгарнулася экспазіцыя элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Вiцебшчыны. Усе жадаючыя маглі азнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі рэгіёну, у ліку якіх – выцінанка, саломапляценне, вырабы з бяросты і керамікі, паўдзельнічаць у цікавых майстар-класах.

“Віцебск здаўна славіўся культурнымі здабыткамі і заўсёды меў статус неафіцыйнай культурнай сталіцы. Тысячы таленавітых людзей кавалі славу вобласці і нашай цудоўнай Беларусі. Я думаю, гэтая крыніца не вычарпана, што мы сёння і павінны ўбачыць”, – зазначыў перад канцэртам старшыня Віцебскага аблвыканкама А.Субоцін.

Шоу з захапляльнымі спецэфектамі падрыхтаваў цэнтр культуры “Віцебск” і творчыя калектывы нашага рэгіёну: Наваполацка, Оршы, Лепеля, Паставаў, Глыбокага, Расон, Верхнядзвінска. Вядучыя правялі гледачоў праз гісторыю, акцэнтаваўшы ўвагу на 80-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзе Віцебскай вобласці. У канцэртнай праграме ўдзельнічала больш тысячы артыстаў, задзейнічана каля 3,5 тысячы адзінак рэквізітаў, 250 – прафесійнага светлавога і гукавога абсталявання, 9 святлодыёдных экранаў.

Фестываль “Беларусь – мая песня” працягнецца да 3 ліпеня. Па выніках гала-канцэртаў рэгіёнаў журы вызначыць калектывы і выканаўцаў, нумары якіх увойдуць у праграму фінальнага шоу да Дня Незалежнасці.

Людміла Пашута, загадчык Сарочынскага СДК:

– Сапраўды феерычнае шоу! Дзве гадзіны прайшлі на адным дыханні. Правільна, што ў дэлегацыю раёна ўключылі шмат работнікаў культуры. Мы глядзім нумары прафесійным вокам, зараджаемся высокім узроўнем і чэрпаем ідэі. Адзначыла, як дасканала прадумана праграма і ўзаемазвязаны выступленні. Уразіў узровень непрафесіяналаў – студэнтаў віцебскіх ВНУ.

 

Валянціна Мугака, майстар Ушацкага Дома рамёстваў:

– Назіраючы за рознымі па спецыфіцы і “настроі” нумарамі, выступленнем маленькіх і дарослых артыстаў (малодшаму з іх – 6 гадоў, а старэйшаму – 76), як былая швачка не пераставала здзіўляцца: гэта ж колькі касцюмаў спатрэбілася! І ўсё гэта, безумоўна, дадало канцэрту прыгажосці і эмацыянальнасці.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *