Легко ли получить право на ношение крапового берета? Узнали у молодого сотрудника Департамента охраны Виталия Жоголя

Общество

Самым складаным і запамінальным момантам свайго жыцця ўшачанін Віталь Жогаль лічыць выпрабаванне на права нашэння крапавага берэта ў час службы ў роце спецыяльнага прызначэння ўнутраных войск. Вясной 2021-га яго праходзілі каля сотні найбольш падрыхтаваных вайскоўцаў краіны: іспыты па агнявой і фізічнай падрыхтоўцы, марш-кідок, паласу перашкод, жорсткія рукапашныя паядынкі паспяхова пераадолелі толькі 24 – у тым ліку і наш зямляк.

Віталь і зараз з гонарам носіць гэты сімвалічны галаўны ўбор сілавой эліты – як бачыце, ён выдатна пасуе да экіпіроўкі супрацоўніка аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы. І менавіта армейская загартоўка падштурхнула яго да выбару гэтай прафесіі. У ёй хлопец ужо два гады, і з абавязкамі міліцыянера-вадзіцеля групы затрымання спраўляецца выдатна. У час дзяжурстваў даводзіцца выконваць розныя заданні: патрулююць вуліцы, выязджаюць на аб’екты, калі спрацоўвае “трывожная кнопка”, падстрахоўваюць і калег з райаддзела міліцыі – могуць накіравацца па тэрміновым выкліку, калі іх экіпаж заняты. Для Віталя не складана, напрыклад, утаймаваць сямейнага дэбашыра ці выйсці на пошукі прапаўшага чалавека. Падобны выпадак якраз быў не так даўно: у далецкіх лясах заблукаў пажылы мужчына, і супрацоўнікі аддзялення разам з калегамі з іншых структур прачэсвалі мясцовасць – на шчасце, вяскоўца ўдалося адшукаць.

А яшчэ Віталь прадстаўляе ўшацкае аддзяленне на розных спаборніцтвах – ад раённага да рэспубліканскага маштабу. Гэта і спартакіяды, і лёгкаатлетычныя эстафеты, і турзлёты – як сам кажа, гатовы адгукнуцца на любую “спартыўную” прапанову. Але самымі любімымі, канечне, з’яўляюцца турніры па адзінаборствах – што, прынамсі, і нядзіўна для былога выхаванца аддзялення дзюдо Ушацкай спартшколы і абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву. Віталь выступае на галіновых першынствах па самба і рукапашным боі і рэгулярна займае прызавыя месцы на рэспубліцы. Зразумела, што такога дастойнага работніка і спартсмена хацелі б бачыць у сябе і іншыя аддзяленні Дэпартамента – Віталь не ўтойвае, што ўжо атрымліваў прапановы з суседніх гарадоў, аднак на малой радзіме яго ўсё задавольвае: вельмі падабаецца калектыў, ды і жыць ва Ушачах камфортна. Дзе, напрыклад, знойдзеш такія выдатныя ўмовы для сілавых трэніровак, як на нашым спарткомплексе? Самаўдасканальваецца ж ён пастаянна: у любое надвор’е бегае крос, праводзіць шмат часу ў “трэнажорцы”, ды і дома гантэлі не ляжаць без справы. Пра тое ж, які гэта дае плён, сведчыў такі эпізод: на леташнім фестывалі “Эктрым-Прарыў” падчас спаборніцтваў па сілавым экстрыме гледачам прапанавалі адарваць ад зямлі 300-кілаграмовы “калодзеж” – Віталь не толькі падняў, а і пранёс канструкцыю, так што ў нашага знакамітага асілка Аляксандра Лабаня можа з’явіцца дастойны паслядоўнік!

“Хачу адзначыць, што вайсковая служба ў многім сфарміравала мяне як чалавека, дала прафесійны арыенцір і фізічную загартоўку. Прайсці армію варта кожнаму мужчыне, гэта не толькі грамадзянскі абавязак, а і сапраўдная школа жыцця”, – упэўнены герой артыкула.

Наталля БАДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *