«Родныя тавары» — узнали, что можно купить на данный кредит и сколько нужно зарабатывать, чтобы его получить

Экономика и малый бизнес

Беларусь па праве можа ганарыцца сваімі якаснымі таварамі, іх цэняць і выбіраюць не толькі ў краіне, а і за мяжой. На гэта не раз звяртаў увагу Прэзідэнт. А “Беларусбанк”, падтрымліваючы ініцыятыву Урада па стымуляванні рознічнага гандлю таварамі беларускіх вытворцаў, з пачатку 2024 года запусціў новы крэдыт на спажывецкія патрэбы “На родныя тавары”. Прапанова выклікала інтарэс у беларусаў: за тры месяцы льготнага крэдытавання ў краіне выдадзена крэдытаў амаль на 78 мільёнаў рублёў. З 1 красавіка ўнесены змяненні ў Пастанову Саўміна ад 29.12.2023 г №992 “Аб спажывецкім крэдытаванні”, у прыватнасці, пашыраны пералік і канкрэтызаваны асобныя групы тавараў, якія можна набыць у крэдыт пад 4 працэнты гадавых на 3 гады. Падрабязней расказаць пра крэдыт мы папрасілі дырэктара Цэнтра банкаўскіх паслуг №221 “Беларусбанка” Жанну Валянцінаўну Шаўчэнка.

  • Крэдытам “На родныя тавары” скарысталіся ўжо 20 жыхароў Ушаччыны.

– Хто можа атрымаць крэдыт і на якую суму разлічваць?

– Пазыка выдаецца на тавары, зробленыя ў РБ, як фізічным асобам, так і індывідуальным прадпрымальнікам, рамеснікам, самазанятым. Абмежаванняў па ўзросце няма. Максімальная сума складае 300 базавых велічынь (12000 беларускіх рублёў), мінімальная – 100 рублёў. Канчатковая залежыць ад плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка. На максімальную могуць разлічваць тыя, у каго штомесячны даход складае мінімум 958 рублёў і няма іншых крэдытаў і растэрміновак. У гэтым выпадку кожны месяц за карыстанне пазыкай трэба будзе плаціць без малога 383 рублі. Для афармлення крэдыту на 2000 рублёў трэба зарабляць не менш 432 рублёў. Штомесячны плацеж тады будзе прыкладна 64 рублі. Можна абысціся і без даведкі аб даходах. Тады памер крэдыту разлічваецца, зыходзячы з сярэднемесячнага чыстага даходу, які не перавышае 25 базавых велічынь для грамадзян працаздольнага ўзросту і 20 базавых для пенсіянераў.

  • Праграма крэдытавання падоўжана да канца 2025 года.

– Што трапіла ў спіс крэдытуемых тавараў?

– У пералік беларускіх тавараў, зацверджаны пастановай Саўміна № 992, спачатку былі ўключаны веласіпеды, мапеды, матацыклы, тэлевізары, мотаблокі, мінітрактары, мэбля, халадзільнікі і маразільнікі, пральныя і кухонныя машыны, мікрахвалёўкі, газавыя і электрычныя пліты, керамічная плітка, санітарна-тэхнічнае абсталяванне. З красавіка пералік істотна дапоўніўся: у абноўленым спісе тавараў цяпер камплекты драўляных вырабаў для будаўніцтва дамоў 25-ці лясгасаў, у тым ліку і Ушацкага. У крэдыт можна набыць ламінат, керамаграніт, фасадную плітку, навясное абсталяванне да міні-трактароў і мотаблокаў, ацяпляльныя газавыя катлы, садовую мэблю, паветраачышчальнікі і выцяжкі, кухонныя камбайны, міксеры, сушылкі, вырабы з натуральнага футра і натуральнай скуры, камплекты пасцельнай бялізны, дывановыя вырабы і іншае.

  • Самымі папулярнымі таварамі, якія набываюць жыхары краіны па льготным крэдыце, з’яўляюцца мэбля, халадзільнікі і маразільнікі, керамічная плітка, мотаблокі.

– Крэдыт безнаяўны?

– Так. Выдаецца не на рукі кліенту, а пералічваецца на рахункі прадаўцоў айчынных тавараў. Да прыкладу, вы хочаце купіць халадзільнік. Выбіраеце мадэль, складаеце з прадаўцом дагавор, атрымліваеце там рахунак-фактуру (павінна быць указана інфармацыя аб пакупніку, краіне і вытворцы тавару, найменне, поўны кошт, а таксама неабходныя рэквізіты для пералічэння). Набыць можна адразу некалькі айчынных тавараў, тады ў банк трэба падаць усе рахункі-фактуры. Але агульная сума крэдытаў “На родныя тавары”, выдадзеных адной фізічнай асобе ў 2024 годзе, не можа перавышаць 300 базавых, устаноўленых на дату заключэння крэдытнага дагавора.
Па ўсіх пытаннях звяртайцеся ў банк да нашых спецыялістаў. Дарэчы, ёсць магчымасць аформіць заяўку на крэдыт у інтэрнэт-банкінгу, М-банкінгу і на сайце банка, але пасля прыйдзецца ўсё роўна наведацца ў ЦБП для складання дагавора.

– Дзякуй за тлумачэнні!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *