«100 вопросов взрослому»: лесничий Ушачского лесничества Андрей Подвойский провёл открытый диалог с юными «лесовичками»

Общество

Напэўна, многія ўшачане ўжо бачылі новае ток-шоу “Белтэлерадыёкампаніі” “100 пытанняў даросламу”, у якім школьнікі ладзяць дыялог з вядомымі беларускімі палітыкамі, чыноўнікамі, дзеячамі іншых сфер. Юных інтэрв’юэраў цікавяць як нюансы прафесійнай дзейнасці, так і аспекты асабістага жыцця. Напрыклад, у старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай дзеці пыталіся пра тое, у якой валюце яна захоўвае свае зберажэнні і колькі разоў за дзень ёй тэлефануе Прэзідэнт; міністр адукацыі Андрэй Іванец прызнаўся, што яго бацькоў выклікалі ў школу, а Заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха – што зарабіў на сваім хіце “Здравствуй, чужая милая” мільён долараў.

Праект “100 пытанняў даросламу” выходзіць на тэлеканале “Беларусь 1” па панядзелках у 20.00.

У падобным фармаце нядаўна наладзілі пазнавальнае мерапрыемства і ва Ушачах. “Калі глядзела ток-шоу па тэлебачанні, падумала, што было б цікава правесці яго з дзецьмі нашага дашкольнага лясніцтва “Лесавічок”, – расказала нам выхавальнік дзіцячага сада №3 Маргарыта Уладзіміраўна Міцкевіч. – У аддзеле па адукацыі ініцыятыву падтрымалі. А госцем нашага праекта стаў Андрэй Падвойскі – ляснічы Ушацкага вопытна-вытворчага лясніцтва”.

Малады і паспяховы кіраўнік ахвотна згадзіўся адказаць на пытанні цікаўных дашкольнікаў. Трэба сказаць, што былі сярод іх як па-дзіцячаму наіўныя, так і тыя, адказы на якія карысна ведаць і дарослым. Напрыклад, у Андрэя Сяргеевіча пацікавіліся, ці можа быць такое, што лес скончыцца… “Вядома ж, не! Лесаводы пастаянна вядуць работу па лесааднаўленні, а дрэў садзяць больш, чым высякаюць. Дапамагаюць нам і вашы бацькі, калі ўдзельнічаюць у акцыях “Тыдзень лесу”, “Аднавім лясы разам”, – патлумачыў ляснічы. Цікавіла дзетак і актуальная зараз пытанне – ці не шкодзіць бярозкам збор соку? Канечне, калі гэтым будзе займацца чалавек, які не ведае ці не захоўвае правілаў, ён можа нанесці прыродзе ўрон. Таму лепш звярнуцца ў лясгас ці лясніцтва, дзе спецыялісты ведаюць, як не нашкодзіць дрэвам… Навошта леснікі збіраюць шышкі? Каб дастаць з іх насенне і пасадзіць новыя дрэўцы. Дарэчы, каб атрымаць кілаграм насеннага матэрыялу, трэба сабраць аж 100 кіло шышак! Даведаліся дзеці, што дзяцел стукае па дрэве не для таго, каб усім было весялей, а такім чынам шукае сабе на абед насякомых – у тым ліку і шкодных караедаў! Не паставіла ў тупік госця і пытанне: “Ці праўда, што ваўчыныя ягады ядуць ваўкі?” Ён патлумачыў, што гэта народная назва расліны “ваўчынае лыка”. Яркія, прывабныя ягады нагадваюць абляпіху, і хоць выглядаюць вельмі апетытна, есці іх нельга! Ну а з ваўком назву звязалі, напэўна, з-за таго, што ў народзе спрадвеку гэтых жывёл лічылі каварнымі і небяспечнымі.

Удзельнікі “Лесавічка” ўжо ведаюць, як правільна садзіць дрэвы і могуць пахваліцца, што рабілі гэта з міністрам лясной гаспадаркі краіны.

Гутарка атрымалася пазнавальнай і займальнай. Увогуле, калі стваралася дашкольнае лясніцтва, было хваляванне, што праект можа атрымацца досыць фармальным – маўляў, зусім яшчэ яны малыя для сур’ёзных спраў. Аднак за год існавання “Лесавічок” даказаў сваю дзеяздольнасць. Дашкольнікі ахвотна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах і акцыях, даглядаюць свой міні-дэндрарый, не толькі вывучаюць раслінны і жывёльны свет, а і спрыяюць ахове прыроды. Менавіта яны дапамаглі нам зняць цудоўны сацыяльны ролік пра шкоду вясенніх палаў: работу маленькіх акцёраў высока ацанілі ўсе карыстальнікі сацсетак. Спадзяемся на працяг супрацоўніцтва!

Караліна КЛАЧОК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *