Елену Венедиктовну Грищенко любят дети, уважают родители

Ими гордятся

Неаднойчы даводзілася чуць такое выказванне: лепей адпрацаваць змену ў полі ці на заводзе, чым правесці дзень з малым дзіцяці. Заўсёды пакланялася перад людзьмі гэтай прафесіі. Іх вытрымцы, цярплівасці, мудрасці можна толькі пазайздросціць. Нават нашы ўласныя дзеці не заўсёды атрымліваюць дастатковую колькасць бацькоўскай любові і ўвагі, тады як выхавальнік павінен падзяліць сваю пяшчоту на 20 роўных часцінак і застацца пры гэтым шчырым, бо дзеці як ніхто добра адчуваюць фальш…

Алену Венядзіктаўну Грышчанка паважаюць дарослыя і любяць дзеці. Бачу гэта на свае вочы штодня, бо маёй дачушцы пашчасціла трапіць у групу да гэтага выхавальніка. Педагагічную прафесію яна абрала пад уплывам цудоўных настаўнікаў роднай Чачэрскай школы. Пасля заканчэння Магілёўскага педвучылішча вярнулася на Гомельшчыну, але неўзабаве паўстала неабходнасць пакінуць родныя мясціны: пасля выбуху на ЧАЭС заставацца ў Чачэрску было нельга. Так Алена Венядзіктаўна трапіла ва Ушачы – сястры, якая пераехала сюды раней, спадабаўся наш райцэнтр, і тая “перацягнула” на Віцебшчыну астатніх членаў сям’і.
Вось ужо 16 год А.В.Грышчанка працуе ў яслях-садзе №2 гарпасёлка. Зараз яна займаецца з малодшай групай. На заўвагу аб тым, што, напэўна, выхавальнікі больш любяць мець справу са старэйшымі дзеткамі, Алена Венядзіктаўна адказвае: “Кожны ўзрост па-свойму цікавы: малышы здзіўляюць сваёй непрадказальнасцю, а нечаканыя “дарослыя” выказванні пяцігадовых “філосафаў” могуць узняць настрой на ўвесь дзень”.
З самымі маленькімі, вядома, клопату хапае. Амаль усе яны прыходзяць у сад бездапаможнымі, а ўжо праз тыдзень-другі старанна нацягваюць непаслухмянымі пальчыкамі на ногі шкарпэткі, дзелавіта распавядаючы замілаваным бацькам, што пятка павінна быць ззаду. За гэтым вялікім дасягненнем малога чалавечка стаіць бязмежная цярплівасць выхавальніка, уменне своечасова пахваліць, падбадзёрыць. “Трэба бачыць, якім шчасцем свецяцца вочкі малога, калі ў яго ўпершыню атрымліваецца самастойна справіцца з непаслухмянымі гузікамі!” – расказвае Алена Венядзіктаўна.
Нашы дзеткі розныя: нехта гарэзлівы і жвавы, нехта задуменны і сарамлівы. І да кожнага патрэбен асаблівы падыход. У сваёй рабоце выхавальніца актыўна выкарыстоўвае такія забаўляльна-выхаваўчыя формы, як сюжэтна-ролевыя гульні, інсцэніроўкі, вершы-дыялогі. Падчас такіх заняткаў адбываецца пазнавальнае развіццё дзіцяці, умацоўваецца яго памяць, фарміруюцца маральныя якасці. Выхавальніку з творчым падыходам патрэбна ўменне пастаянна пераўвасабляцца: сёння ён рэжысёр тэатра, заўтра – касмічны камандор або чараўнік казачнай краіны.
Безумоўна, плённая дзейнасць выхавальніка немагчыма без трывалага кантакту з бацькамі. Гэтыя адносіны Алена Венядзіктаўна будуе на партнёрскай аснове. У яе заўсёды можна атрымаць параду па пытаннях выхавання. Бываюць у гэтых адносінах і няпростыя моманты. Дзеткі, нібы губкі, убіраюць у сябе інфармацыю аб навакольным свеце і спяшаюцца падзяліцца ёй з любімым выхавальнікам. “Бывае такое, што раніцай замест прывітання дзіця пачынае красамоўна апісваць, як учора пасварыліся тата з мамай”, – прызнаецца Алена Венядзіктаўна. У такіх выпадках даводзіцца выконваць функцыі псіхолага, весці сур’ёзную размову з дарослымі.
А.В.Грышчанка дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі. Яна – актыўны ўдзельнік метадычных мерапрыемстваў. Ва ўстанове абагульнены вопыт яе работы па методыцы М.А.Зайцава “Ранняе навучанне чытанню і пісьму”. І вельмі прыемна, што работа гэтага выдатнага спецыяліста і цудоўнага чалавека ацэнена па заслугах: Алена Венядзіктаўна стала пераможцам раённага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года 2011”, а яе прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.
Н.БАГДАНОВІЧ.  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *