Профессиональный праздник отмечают работники культуры

К профессиональному празднику

Нядаўна быў назначаны на пасаду начальніка аддзела культуры райвыканкама С.Д.Гарбачоў, але пазнаёміўся ўжо з кадрамі, калектывамі, матэрыяльна-тэхнічным станам устаноў гэтай сферы. Мае магчымасць параўноўваць з двума іншымі раёнамі вобласці, дзе працаваў таксама ў культуры. Ужо робяцца захады, каб нешта палепшыць. Пра ўсё гэта – наша інтэрв’ю.
– Сяргей Дзмітрыевіч, якое ўражанне ад знаёмства са станам спраў у нас?
– Па-першае, скажу пра кадры, іх адукацыйны ўзровень. Усё абстаіць нядрэнна ў школе мастацтваў, музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, дзе працягваюць справу старэйшых маладыя спецыялісты. У асноўным адпавядаюць сучасным патрабаванням прафесійныя навыкі бібліятэчных работнікаў. А вось што датычыцца клубных устаноў, то тут вельмі не хапае сапраўдных прафесіяналаў хаця б з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй (далей бы ўжо маглі вучыцца завочна); з вышэйшай тым больш нямнога работнікаў. У сельскіх Дамах культуры аграгарадкоў Кублічы і Вяркуды няма мастацкіх кіраўнікоў, у Арэхаўне – кіраўніка гуртка (з новага года сюды будуць прыязджаць спецыялісты раённага Дома рамёстваў). Хочацца, каб загадчыкі клубаў, дырэктары СДК былі сапраўднымі спецыялістамі: умелі спяваць, іграць на інструментах… У той жа час у клубных і іншых установах таксама нямала тых, хто хоць і не мае спецыяльнай адукацыі, але любіць сваю работу, набыў практыку і многага дасягнуў.
– Як вядома, найпершае для асноўных устаноў культуры – мець добра падрыхтаваныя мастацкія калектывы…
– Так. І яны ёсць, хоць і не ў такой колькасці, як хацелася б. Вось і ў школе мастацтваў чаго варты квартэт “Натхненне”, узорны дзіцячы хор. Хаця хочацца, каб быў вакальна-інструментальны ансамбль з ліку выкладчыкаў, які радаваў бы гледачоў прафесійным выкананнем музычных твораў, песень. Раённы Дом культуры мае вядучыя калектывы: народныя клубы “Ветэран”, “Муза”, “Адраджэнне”. Прадстаіць аднавіць ансамбль народнай песні і музыкі, у некаторых іншых месцах такі калектыў з’яўляецца візітоўкай раёна. Працягваюцца заняткі з дзецьмі танцамі, выступленні з такімі нумарамі падабаюцца гледачам. Пажадана з цягам часу стварыць сапраўдны эстрадны дзіцячы калектыў (магчыма, студыю). Хочацца, каб пашыралася колькасць аматарскіх аб’яднанняў: каб людзі па інтарэсах збіраліся ў клубных установах. Але тут трэба, каб быў ініцыятыўны, захоплены чалавек, які здольны павесці за сабой. Нямала прадстаіць папрацаваць, каб на базе будынка Жарскага клуба зрабіць сапраўдны цэнтр традыцыйных культур, дзе б маглі праходзіць вясельныя абрады, вывучаць нацыянальныя асаблівасці школьнікі, куды б наведваліся госці раёна…
– Вы перайшлі ўжо да сваіх заўваг і задум, але ў асноўным у клубнай сферы. А што скажаце пра бібліятэчную?
– Разумею так, што гэтыя нашы спецыялісты вядуць работу, але камерна, у сценах сваіх устаноў. А трэба расшыраць сваю дзейнасць, а значыць, і кола людзей, зацікаўленых кнігай, новымі ведамі.
– Якія думкі ў Вас аб матэрыяльна-тэхнічным стане ўстаноў культуры?
– Стан, я б сказаў, сярэдні. Недзе палова памяшканняў патрабуе бягучага рамонту, будынак школы мастацтваў – сур’ёзнага, музей – рамонту даху. У клубных установах не хапае гукавога і светлавога абсталявання. А дзе-нідзе няма нават мікрафонаў. У РДК светлавая апаратура прымальная, а вось гукавая патрабуе замены, як і ў школе мастацтваў. Зразумела, мы шукаем магчымасці папраўляць становішча. І гарантыяй паступовага паляпшэння з’яўляецца Праграма развіцця культуры на 2011-2015 гады, прынятая ў краіне.
– Што б Вы пажадалі тым, хто мае дачыненне да заўтрашняга свята?
– Далейшай адданасці сваёй справе, настойлівасці, творчага гарэння і, канечне, здароўя.
– Дзякуй.
Гутарку вяла Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *