Семья, где каждый найдет любовь: история приёмной мамы Илоны Мойсеёнок

Общество

Пах турэцкай гарбаты, непрывычныя ласункі на стале… На ўваходзе здалося, што памыліліся з адрасам – мы ж у Баяршчыну да землякоў ехалі. Аднак калі ўбачылі блакітнавокага хлапчука, які з цікавасцю выбег сустракаць, калі глянулі ў клапатлівыя вочы гаспадыні, зразумелі – усё правільна! “Праходзьце, будзем вас частаваць, а там і дзяўчынкі са школы вернуцца”, – гасцінна запрасіла Ілона Аляксандраўна Майсяёнак. Прыёмнай мамай яна працуе ўжо 17 гадоў. Хаця для яе гэта не столькі прафесія, колькі прызванне.

Ва ўраджэнкі Зерчаніц і яе мужа Сяргея Аляксандравіча – адна родная дачушка. Дарэчы, прыгаданая вышэй адсылка да Турцыі – ад яе: нядаўна Крысціна выйшла замуж за прадстаўніка гэтай краіны і падарыла бацькам унука з цікавым імем Глеб Каан. Хлопчыку зараз можна толькі пазайздросціць: нянек, у тым ліку юных, у вялікай сям’і хоць адбаўляй.

На сённяшні дзень на Ушаччыне 10 прыёмных бацькоў (9 матуль і 1 тата), на выхаванні якіх – 24 хлопчыкі і дзяўчынкі.

“Стаць прыёмнай матуляй прымусіў трагічны выпадак, – расказвае І.Майсяёнак. – Калі памерла родная сястра, застаўся пляменнік. Я ў той час працавала загадчыцай фермы. Ні пра якія прытулкі, вядома, у нас з мужам і гаворкі быць не магло – забралі Віталіка да сябе. З Крысцінай яны равеснікі, вучыліся ў адным класе, сябравалі, а потым нават у адзін каледж паступілі”. Дарэчы, і зараз Віталь, які жыве і працуе ў Мінску, пры выпадку спяшаецца на Ушаччыну – да самых родных яму людзей.

“Бацькі нас аднолькава любілі, балавалі, – прызнаецца Крысціна. – Памятаю, як на 15 гадоў Віталіку круты скутэр падарылі. Як на ім ганялі па Баяршчыне, бывала, што і сінякі набівалі! Яркія ўспаміны дагэтуль перапаўняюць”.

За гэты час праз сям’ю Майсяёнкаў прайшло ўжо пад 20 прыёмных дзяцей. Прычым, часта – зусім маленькіх, якіх многія баяцца браць: цяжка, ды і адказнасць павышаная. Адны траплялі ўсяго на некалькі месяцаў – у чаканні, пакуль родныя бацькі возьмуцца за розум, другія затрымліваліся на гады. Аднак да ўсіх Ілона Аляксандраўна паспявала прывязацца – і якім цяжкім ад гэтага часта было расставанне!

“Жыў у нас неяк малыш. Калі ж бабуля аформіла апякунства і прыехала забіраць яго, плач стаяў на ўсю вёску – і сам хлопчык, і Ілона не маглі расстацца, – прызнаецца галава сямейства. – А былі выпадкі, якія дагэтуль успамінаем з усмешкай. Так, аднойчы ўзялі худзенькае, зусім слабае сямімесячнае дзіця (было нават страшнавата, каб не здарылася з ім чаго). Як аказалася, хлопчык проста недаядаў. Мы гэтую сітуацыю выправілі – і калі прыйшоў час вяртаць малыша родным, з пухлымі шчочкамі тыя нават не адразу яго пазналі”.
Зараз Ілона Аляксандраўна – прыёмная мама адразу для чацвярых дзяцей (дарэчы, гэта максімальна дазволеная іх колькасць на аднаго спецыяліста). Саша, якому няма яшчэ двух, у сям’і ўжо больш года. Абаяльны крапыш – сапраўдная аддушына для ўсіх. Бывае, з сур’ёзным выглядам венік схопіць і давай у доме прыбіраць. Праўда, паслухмяны, пакуль дома дзяўчынак няма. Калі ж тыя прыходзяць са школы, пачынае іншыя парадкі наводзіць – усяляк паказваць, хто ў доме галоўны. “Часта, калі знаходжуся ў рэйсе, атрымліваю нечаканыя званкі з тэлефона жонкі, – смяецца Сяргей Аляксандравіч. – Гэта Саша тайком набірае, штосьці мне ў трубку мармочыць – пра дамашні быт справаздачу вядзе”.

Дзяўчынкі ж у сям’і ўжо пяць гадоў. Самая бойкая Дарына ходзіць у першы клас, любіць пагаманіць, навінамі падзяліцца, перад люстэркам танцавальныя рухі адпрацаваць. Старэйшай Уладзе хутка будзе 13, гэта другая гаспадынька ў доме: з цікавасцю назірае, як кулінарыць на кухні Ілона Аляксандраўна, і сама смачны салацік ці штосьці з выпечкі згатуе. Нядаўна ж рэцэпт пахлавы знайшла – парадавала смакатой мужа Крысціны, ды і іншых. Пакуль толькі вучыцца такім гаспадарскім навыкам сярэдняя Надзя, стрыманая і спакойная. Калі запыталі, ці любіць яна “цёцю Ілону”, тая і раздумваць не стала: “Канечне, як родную маму”.

Паспяваюць Майсяёнкі і агарод пасадзіць, і дом да толку давесці. Каб усім месца хапала, дабудоўваліся, рабілі рамонт. За прыгажосць жа на падворку ўлетку адказвае гаспадыня, якая займаецца кветкаводствам.

Усе чацвёра разумеюць, што ў гэтай сям’і іх шчыра любяць. Але ж напачатку было цяжкавата. Хаця папярэдне і прыязджалі Майсяёнкі да дзяўчат у прытулак, бралі да сябе на выхадныя, прывыкаць да новага “статусу” ў той час першакласніца Улада не хацела – падоўгу плакала, прасілася да родных. Трэба было разам усё перажыць, ператрываць.

Ці проста быць уладальніцай такой пачэснай прафесіі? Канечне, не! Як прызнаецца наша гераіня, з малышамі складаней фізічна (трэба ж належны догляд забяспечыць), а са старэйшымі – псіхалагічна (да сэрца кожнага ключык знайсці, павагу і давер заслужыць). Бывае, што родныя дзетак не з добрым намерам наведваюцца. А некаторыя, маючы праблемы са здароўем, шчыра хочуць, аднак не могуць забраць малых. Аднак іншай місіі Ілона Аляксандраўна для сябе не бачыць. Дзеці, клопат пра іх заўсёды былі і застаюцца для яе ў прыярытэце.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *