У кожнага рэгіёна ёсць сваё, адметнае, брэндавае свята. На Ушаччыне яно асаблівае і вельмі шчымлівае. У першыя майскія дні мы не проста ўспамінаем герояў вайны, а адзначаем гадавіну легендарнага прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны.
І вось ужо ў дзясяты раз абласная патрыятычная акцыя “Прарыў Перамогі” сабрала ў нашым раёне тысячы людзей – ганаровых гасцей, дэлегацыі ўсіх раёнаў Прыдзвіння, Пскоўскай і Смаленскай абласцей, ушачан і многіх беларусаў, якія прыехалі на мемарыял ушанаваць памяць загінуўшых і адначасова парадавацца, што ў нас ёсць магчымасць мірна жыць, працаваць, гадаваць дзяцей і будаваць планы на будучае.
Ну а распачыналася сёлетняе свята ў вёсцы Павулле, дзе пасля рэстаўрацыі адкрылі абноўлены помнік воінам і партызанам. Такой прыгожай і ажыўленай вёска не была з савецкіх часоў, калі ля абеліска штогод збіраліся ветэраны з усяго наваколля. 2 мая сюды прыйшлі іх дзеці, унукі, праўнукі, прыехалі ганаровыя госці. У іх ліку – і заснавальнік асветніцкай установы “Шляхамі Культуры” Віталь Буздуган. Два гады таму да іх звярнуліся за дапамогай аднавіць помнік змагарам на мяжы Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў, і воінскае пахаванне ў Павуллі – трэці аб’ект, дзе пры іх саўдзеле адкрылі адноўлены манумент. Аднак палову патрэбнай на рэстаўрацыю і ўстаноўку сумы сабралі прадпрыемствы і грамадскія арганізацыі Віцебшчыны. Аб гэтым на адкрыцці помніка казаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Д.У.Дзямідаў. Дзмітрый Уладзіміравіч падкрэсліў важную ролю згуртаванасці народа, дзякуючы якой і стала магчымай Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Яна адзіная для рускіх, беларусаў, казахаў – непадзельная на нацыянальнасці. І старшыня наглядальнага савета “Шляхамі Культуры” – генерал-маёр Васіль Іванавіч Дземянцей падкрэсліў, што “Адрасы Перамогі” – сумесны праект дзвюх краін, і назваў адрасы ўжо адноўленых помнікаў. Дарэчы, выступаць на іх адкрыцці ажно з Казахстана заўсёды прыязджае музыкант Ільяс Аутаў. Былі і госці з Малдовы. Гэта Павел Аляксандравіч Дуганаў, бацька якога дайшоў да Берліна. Ветэран працы спецыяльна прыязджае на святкаванне Вялікай Перамогі ў Беларусь, бо ў Малдове свята замянілі на дзень Еўропы, імкнуцца сцерці заслугі савецкага народа. Хаця людзей, якія адносяць 9 мая да ліку асабліва памятных дзён, у краіне нямала.
Спецыяльна прыехала ў Павулле з Санкт-Пецярбурга яго ўраджэнка Святлана Хвасціёнак. Родных прозвішчаў на помніку няма, дзед Іван Сцяпанавіч Красноў прапаў без вестак пад Кёнігсбергам, але ля гэтага памятнага месца праходзілі ўсе ўрачыстасці Павульскай школы, якая размяшчалася побач з абеліскам. Паказала яна і на горку – былы калгас і вёску Перадавыя, куды сагналі, каб расстраляць, мясцовых жыхароў. Гэта з успамінаў матулі Марыі Іванаўны Красновай, якая не была на свяце з-за ўзросту. А вось сям’я старэйшыны Павулля Валянціны Міхайлаўны Спірчонак прысутнічала поўным саставам, уключаючы немаўля, унучку Еву. Тамара Васільеўна Аваднёва і Дзіна Станіславаўна Спірчонак пешшу прышлі з Янова. “Тут прозвішчы як вайскоўцаў, так і мясцовых партызан, напрыклад, Леаніда Кірылавіча Грака з нашай вёскі. Мы ганарымся гэтым велічным помнікам і паспелі засумаваць за час яго дэмантажу. Таму сёння ў нас сапраўднае свята”, – казалі жанчыны, якія ўвесь цёплы сезон праводзяць на малой радзіме. Дарэчы, ранейшы помнік быў бетонны з жалезнай арматурай, якая згубіла свае якасці за паўвека існавання манумента. Зараз воін і партызан – медныя, прыменена тэхніка выкалаткі па металічным лісце.
Інтэрнацыянальным атрымалася не толькі адкрыццё помніка. Тут пахаваны старшы сяржант Махмудаў, радавыя Адзягаеў, Сакубекаў і яшчэ дзясяткі савецкіх воінаў 51-й стралковай дывізіі, якія загінулі пры вызваленні раёна ў чэрвені 1944-га. Тут партызан Яўген Лаўрушын з Ленінграда, унучка якога дзесяць год таму плакала ля абеліска ад радасці, што адшукала магілу дзеда. Першапачаткова яна знаходзілася ў вёсцы Крукоўшчына, а пазней прах, як і некаторых іншых партызан з Бярозава, Цётча, Прудка, перанесены ў Павулле.
Калі ў гэты цёплы майскі дзень удзельнікі свята ўскладалі кветкі да пліт са свежай фарбай, кожны перш за ўсё прыгадваў сваіх ваяваўшых продкаў. Як васьмікласнік Міхаіл Падворны, ваеннаслужачы Раман Літвін, воін-інтэрнацыяналіст Анатоль Валянцінавіч Рудкоўскі, старшыня раённай арганізацыі Беларускай асацыяцыі малалетніх вязняў Пётр Мечыслававіч Мажэйка. Яны атрымалі ганаровае права адкрыць адноўлены помнік. Гэта сімвалічна падкрэслівала цесную сувязь розных пакаленняў. Як і закладзены побач з помнікам парк будзе нагадваць пра падзею, што адбылася ў 80-годдзе Вялікай Перамогі.
Сёлета абласное свята змяніла фармат часу і ладзілася ўвечары. Такое рашэнне выклікала станоўчы водгук у многіх, на галоўную лакацыю – мемарыяльны комплекс “Прарыў” – пасля працоўнага дня накіроўваліся вытворчымі калектывамі, сем’ямі, кампаніямі аднавяскоўцаў і суседзяў.
А кульмінацыяй, як заўсёды, стаў урачысты мітынг на плошчы памяці.
“Мы адзначаем 81-ю гадавіну прарыву варожай блакады – унікальную з’яву ў гісторыі партызанскага руху Беларусі. Добра ўзброенай шасцідзесяцітысячнай групоўкай фашысты разлічвалі пакончыць з партызанскай зонай за 5 дзён. Але блакаднае кальцо сцягвалася амаль месяц, партызаны вялі цяжкія кровапралітныя баі, вымотваючы сілы ворага, і вывелі з акружэння больш за 15 тысяч мірных жыхароў. Значнасць іх подзвігу немагчыма пераацаніць! Той прарыў спрыяў наступнаму поспеху Віцебска-Аршанскай і асабліва Полацкай наступальнай аперацый падчас вызвалення Беларусі”, – падкрэсліў у сваім выступленні старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Не першы год падтрымліваюць акцыю нашы суседзі-расіяне. Як зазначыў старшыня Смаленскай абласной думы Ігар Ляхаў, у адным з партызанскіх атрадаў разрываў кальцо блакады разведчык, ураджэнец іх вобласці Міхаіл Ягораў, які пасля ўзняў сцяг перамогі над рэйхстагам. А ў цяперашні час Беларусь і Расія дэманструюць адзінства ў абароне гістарычнай памяці перад тымі выклікамі, якія кінуты нашым дзяржавам.
І кожны з прысутных быў згодны са словамі кіраўніка Ушацкага раёна Сяргея Садоўскага, што ўдзел у акцыі пацвярджае нашу ўдзячнасць тым, хто бясстрашна ваяваў, цаной уласнага жыцця абараняў родную зямлю.
На жаль, няма больш у нашым раёне ветэранаў Вялікай Айчыннай, і ўжо каторы год не гучаць на мітынгу ўспаміны з першых вуснаў. Але вялікай дэлегацыяй прыбываюць на свята былыя воіны-інтэрнацыяналісты, якія лічаць сябе пераемнікамі ў патрыятычна-выхаваўчай справе. Дарэчы, на “Прарыў” сёлета прыехала шмат моладзі і дзяцей – ушацкіх вучняў, навучэнцаў школ міру і патрыятычных клубаў з розных раёнаў вобласці.
Удзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі да мемарыяльных пліт вянкі і кветкі. У гэты вечар пліты на мемарыяле сталі чырвонымі ад мноства гваздзікоў і руж.
Перадаць пачуцці і атмасферу ваенных дзён змаглі ў кароткай тэатралізаванай пастаноўцы ўдзельнікі аматарскага калектыву “Пілігрым” з Полацка. Шчымліва гучалі песні ў выканні хора Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў і юнай пастаўчанкі Златы Ярашэвіч, а разам з калектывам “Зорька” многім захацелася закружыцца ў “Вальсе Перамогі”.
“Ужо каторы год з задавальненнем едзем на “Прарыў” вялікай часткай свайго калектыву не таму, што трэба па доўгу прафесіі: нам вельмі хочацца зноў сюды завітаць, тут пануе своеасаблівая атмасфера. Заўважылі, што матэрыялы з гераічнай Ушаччыны выклікаюць вялікую цікавасць у нашых чытачоў”, – падзяліліся з намі калегі з “Аршанскай газеты”.
Напэўна, сярод тысяч гасцей акцыі не знайшлося такіх, хто б не прапусціў пачутае і ўбачанае праз сваё сэрца. А былі і тыя, для каго гэты дзень стаў удвая асаблівым. Напярэдадні падзеі на плітах мемарыяла з’явіліся тры новыя прозвішчы: Цярэнцій Шандрыкаў, браты Аркадзь і Іван Прышчэпавы. “У гады вайны мой дзед партызаніў у брыгадзе імя Чапаева. Вядома, што ў час прарыву разам з 9-гадовым сынам яны беглі праз шквал агню. Хлопчык уцалеў (потым ён стаў маім татам), а вось свайго бацьку ён больш не бачыў – сям’я атрымала паведамленне, што той знік без вестак. І толькі зараз удалося дакументальна пацвердзіць, што мой дзядуля Цярэнцій Шандрыкаў загінуў у тую самую ноч з 4 на 5 мая. Для мяне гэта вельмі шчымлівы момант: упершыню я змагу пакласці кветкі да мемарыяльнай пліты з яго прозвішчам”, – не хавала эмоцый унучка партызана Надзея Уладзіміраўна. Тыя ж пачуцці былі і ў Зоі Пятроўны Пекі (Прышчэпавай), якая таксама прыбыла на “Прарыў”, каб ушанаваць памяць свайго дзядулі і яго брата. І ўсё гэта стала магчымым дзякуючы намаганням унікальнага чалавека – Людмілы Канстанцінаўны Нікіцінай, дырэктара народнага музея “Гісторыя Заронаўскага краю”, што знаходзіцца ў Віцебскім раёне. Збіраць экспанаты і звесткі пра байцоў, што змагаліся на тэрыторыі Прыдзвіння, яна пачала 40 год таму. Супрацоўнічала з ваенкаматамі, райвыканкамамі, архівамі, удзельнікамі пошукавых экспедыцый. Дзякуючы гэтай карпатлівай рабоце сотні нашчадкаў паўшых салдат знайшлі месцы апошняга спачыну сваіх продкаў. “Удакладніць звесткі пра трох прыгаданых вышэй народных мсціўцаў нам дапамагла інфармацыя інтэрнэт-рэсурса “Партызаны Беларусі”, шчырую падзяку за садзейнічанне хочам выказаць і захавальніку фондаў Ушацкага музея народнай славы імя У.Е.Лабанка Святлане Турло, – зазначыла Л.Нікіціна. – Дарэчы, зараз мы вядзём падобную работу па яшчэ дзесяці партызанах брыгады “За Савецкую Беларусію”, лёс якіх быў невядомы”. Мы ж дададзім, што некалькі год таму Людміла Канстанцінаўна за сваю дзейнасць была прызнана “Чалавекам года Віцебшчыны”.
І ў Павуллі, і на “Прарыве” былі разгорнуты тэматычныя экспазіцыі, інсталяцыі. Традыцыйна прыцягвала ўвагу пляцоўка БРСМ – дарэчы, сярод яе наведвальнікаў аказаўся і Аляксандр Субоцін: ён напісаў ліст-трохвугольнік, у якім падзякаваў вызваленцам за магчымасць жыць у вольнай і незалежнай краіне. Госці маглі паглядзець некалькі выстаў з розных музеяў Прыдзвіння. “Мы прывезлі на мерапрыемства асабістыя рэчы, прадметы быту партызан і чырвонаармейцаў”, – падзяліўся з намі галоўны захавальнік фондаў расонскага музея баявой садружнасці Сяргей Салаўёў. Цікавай была і выстава, прысвечаная Герою Савецкага Саюза Льву Даватару – на “Прарыў” прыехала частка музейнай экспазіцыі, што знаходзіцца ў Ульскім дзяржаўным каледжы.
Дарэчы, у гэты раз свае пляцоўкі на свяце арганізавалі многія навучальныя ўстановы рэгіёна. Літаральна не адыходзілі людзі ад прадстаўнікоў Віцебскай ветакадэміі, якія не толькі знаёмілі гасцей з матэрыяламі музея гісторыі ВНУ, а і прывезлі на свята “братоў нашых меншых”. Асаблівае захапленне пляцоўка выклікала ў дзятвы, бо на ёй можна было пасябраваць з дабрадушным сабакам па мянушцы Фанта, патрымаць у руках марскіх свінак і іншых жывых істот. “Напэўна, не ўсе ведаюць, што ў ваенны час жывёлы таксама ўносілі пасільны ўклад у барацьбу з фашыстамі, – распавядалі супрацоўнікі акадэміі. – А між тым вось такія сабакі выносілі з поля боя параненых, выконвалі работу сапёраў, ды і проста падымалі дух байцоў”. Магчыма, для моладзі такія звесткі і ў навіну, людзі ж старэйшага пакалення добра памятаюць кіна-хіт 70-х “Чатыры танкісты і сабака” пра баявы экіпаж, у складзе якога ваявала кемлівая аўчарка – у час яго дэманстрацыі па тэлебачанні вуліцы станавіліся амаль бязлюднымі…
Трэба сказаць, што на свяце было нямала людзей у камуфляжнай форме. Магчымасць паўдзельнічаць у акцыі атрымалі вайскоўцы. “Я родам з Мар’інай Горкі, і ніколі не быў на Ушаччыне, таму ваш велічны мемарыяльны комплекс мяне моцна ўразіў, – падзяліўся з намі Яўген Варановіч, які праходзіць тэрміновую службу ў Бароўцы. – Дарэчы, мой прапрадзед служыў у контрразведцы і загінуў у 43-м пры выкананні задання. Лічу, што я павінен быць варты яго памяці, годна праяўляць сябе ў арміі”.
“Баявая экіпіроўка” вылучала прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў – пра тое, якім чаканым быў для іх гэты візіт на Ушаччыну, нам расказвалі ветэраны Беларускага саюза ваенных маракоў. “Мы многае ведаем пра легендарную барацьбу нашых партызан, але і на флоце было шмат прыкладаў сапраўднага гераізму, – завёў з намі размову былы падводнік, капітан ІІІ рангу Валерый Перашывайлаў. – Вы чулі пра дэсант Альшанскага? У сакавіку 44-га паўсотні нашых марпехаў праніклі ў Нікалаеў, каб завязаць бой і адцягнуць сілы праціўніка перад наступленнем савецкіх войскаў. За двое сутак акружаныя дэсантнікі адбілі 18 атак ворага, вывелі са строю звыш 700 гітлераўцаў… Калі нашы часці прыйшлі ў горад, у жывых засталося толькі некалькі марпехаў. За свой подзвіг усе 50 байцоў атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза – гэта быў адзіны падобны выпадак у гісторыі Вялікай Айчыннай. Сярод загінуўшых быў і ўраджэнец Верхнядзвінскага раёна Іван Макіёнак”.
Усіх уразіла “жывая кампазіцыя”, прысвечаная чатыром ушацкім вёскам, што паўтарылі лёс Хатыні. Атмасферу партызанскага быту крэатыўна стваралі супрацоўнікі ўстаноў культуры нашага раёна. Прадуманымі і прыгожымі былі нумары вячэрняга канцэрта, адзін з блокаў якога падрыхтавалі ўшацкія артысты. Да слова, у ім адбылася прэм’ера песні, якую спецыяльна для сёлетняй акцыі напісаў і сам выканаў галоўны рэжысёр цэнтра культуры і народнай творчасці Аляксандр Грыневіч. Моцнай энергетыкай і патрыятычным духам зарадзіла гледачоў выступленне казахстанскага рок-гурта “Motor-Roller”, ну а легендарны “День Победы” як заўжды спявалі ўсе разам.
…“Гэта быў самы круты дзень у маім жыцці!” – казаў сваім бацькам шасцігадовы хлопчык, які актыўна абследаваў ваенную тэхніку, а потым зачаравана назіраў за неймаверна прыгожымі залпамі салюта над велічным комплексам. І як ні банальна гэта прагучыць – але вельмі хочацца, каб выбухі на нашай зямлі былі толькі вось такімі – каляровымі і мірнымі, каб ніколі не забывалі нашчадкі, які вялікі кошт заплацілі за Перамогу іх продкі-героі.