Музей народной славы в Ушачах: 40 лет памяти, подвигов и новых традиций

Общество

Візітная картка і славутасць гарпасёлка, гістарычная скарбніца Ушаччыны і самыя наведваемыя гасцямі кропкі раёна, маленькі па штаце і ўсёахопны на падзеі калектыў. Так, гэта ўсё пра музей народнай славы імя героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка, які сёлета занесены на раённую Дошку гонару. Ушанаванне адбывалася 9 Мая – удвая асаблівы для ўстановы дзень. Адзін з нямногіх са 153 дзяржаўных музеяў краіны, ён адкрываўся як даніна памяці подзвігу народных мсціўцаў. Цяперашні будынак установы прыняў наведвальнікаў роўна сорак год таму менавіта на Дзень Перамогі.

На ўрачыстасць увесь калектыў апрануў ваенную форму. Яе рыхтавалі спецыяльна, і цяпер адзінае абмундзіраванне будзе абавязковым для знакавых мерапрыемстваў і для ўсіх супрацоўнікаў. Тэхнічны штат, дарэчы, ніколі не з’яўляўся ценявым, ён удзельнічае і ў творчых справах музея. Не толькі Лідзія Алегаўна Міхаль, а і літаральна ўсе становяцца “выхавацелямі”, калі адначасова наведваецца сорак першаклашак. Валянціна Канстанцінаўна Мугака шыла пілоткі, гатавала кашу для тэматычнай пляцоўкі на 2 мая, Валерый Мікалаевіч Клачок выразаў зорку, ля якой на ўваходзе ўжо фатаграфуюцца наведвальнікі, Таццяна Аляксандраўна Севярын частавала гасцей ля Партызанскай ёлкі. Усё прыгаданае, дарэчы, сёлетнія навінкі. А за мінулы год праведзена 24 выставы, 877 экскурсій і 54 культурна-адукацыйныя мерапрыемствы, музей наведала 35411чалавек.

Што за гэтымі лічбамі? Па-першае, вялікая нагрузка. Уявіце, што экскурсія па трох кропках – Ушачы, “Прарыў” і Бычкі – праходзіць мінімум 3,5 гадзіны (а за дзень бывала і па чатыры), а калі яшчэ заказваюць “Кублічы – яўрэйскае мястэчка” – пад пяць. Па-другое, вялікія веды, бо толькі ў музеі тры экскурсіі: па экспазіцыях, у партызанскай галерэі і кожны месяц розныя ў выставачнай зале. Па-трэцяе, уласная ініцыятыва. Сто год СССР – у музеі адпаведная выстава, 35 год вываду савецкіх войскаў з Афганістана – памятныя буклеты ў падарунак кожнаму ветэрану, 80 год Перамогі – і ў трэцім зале з’явілася лётная кніжка Барыса Папова – штурмана 105-й эскадрыллі. І ўсё гэта – на галоўным захавальніку фондаў Святлане Канстанцінаўне Турло (як і абавязкі дырэктара ўстановы), ды навуковых супрацоўніках Кацярыне Віктараўне Андрыковіч і Віктары Пятровічы Турло. Толькі ў кастрычніку да іх далучылася таксама поўны ідэй лектар-экскурсавод Вера Васільеўна Спірчонак, а на лакацыях музея можна сустрэць інспектара па кадрах Ірыну Сяргееўну Шасцярэнь.

Хоць план наведванняў на 1000 чалавек насельніцтва музеем перавыкананы летась больш чым у 6 разоў, супрацоўнікі заказваюць розныя па густах выставы, праводзяць гульнявыя мерапрыемствы і нават дапаўняюць экспазіцыю, каб у музей хацелася вяртацца зноў і зноў. А інтарэс да ваяваўшых продкаў усё павышаецца. Даўно існуюць пошукавыя сайты “Мемарыял”, “Подзвіг народа”, “Памяць народа”, “Партызаны.bу”, аднак запыты знайсці брыгаду, месца пахавання і хоць якія звесткі паступаюць у музей пастаянна. Так, летась было ўстаноўлена і занесена ў банк даных “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь” 26, а пазалетась 111 прозвішчаў. На розных абелісках Ушаччыны дзякуючы навукова-даследчай рабоце супрацоўнікаў з’явіцца 46 імёнаў партызан і чырвонаармейцаў. Значыць, кветкі можна будзе ўскласці не толькі да падножжа манумента на мемарыяле “Прарыў”, куды прыязджаюць сем’ямі ў любую пару года. “Нам пашчасціла, усё абкошана”, – пачуў нядаўна экскурсавод рэпліку наведвальнікаў і не стрымаўся, дадаў, што парадак тут падтрымліваецца пастаянна. Так, за ім сочаць работнікі музея Дзмітрый Генадзьевіч Кулянок, Валянціна Паўлаўна Шорац і Аляксандр Анатольевіч Роўба. У пазаўрочны час і ў непрацоўны дзень пойдзе насустрач гасцям і адчыніць дзверы сядзібы-музея Васіля Быкава загадчык філіяла Валянціна Яфімаўна Цар. У патрыятычнай установе могуць працаваць толькі патрыёты. І колькі б ні мінула часу, такімі былі і застаюцца былыя супрацоўнікі музея Мікалай Мікалаевіч Кірпіч, Галіна Васільеўна Багдановіч, Ганна Харытонаўна Талапілава і больш дзясятка тэхнічных работнікаў, якія, канечне, сочаць за поспехамі сваёй установы.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *