80 лет памяти: Глыбочанская школа сохраняет историю войны через поколения

80-летие Победы Образование и молодежь

Новыя аб’екты, кранальныя ўрачыстасці, тэматычныя выставы… Педагогам і вучням Глыбачанскай сярэдняй школы было што прэзентаваць землякам, гасцям з райцэнтра! На працягу трох гадоў праз гісторыю сваіх сямей, народа, радзімы яны “пражывалі” падзеі Вялікай Айчыннай вайны – і сімвалічна да 80-годдзя Перамогі падводзілі вынікі абласнога даследчага праекта, галоўнай мэтай якога стала патрыятычнае выхаванне моладзі.

Гісторыка-культурную спадчыну малой радзімы ў школе пачалі вывучаць яшчэ ў 1966 годзе пад старшынствам настаўніка-франтавіка Івана Васільевіча Законнікава. З 2019-га тут працуе творчы калектыў “Краязнаўцы” – навучэнцы і педагогі займаюцца сістэматызацыяй, абнаўленнем, алічбоўкай матэрыялаў, іх папаўненнем і папулярызацыяй. Дарэчы, распрацаваныя імі квэст-гульня “Па слядах Гары Потэра”, а таксама віртуальны музей навучальнай установы ўжо паспелі “прагучаць” на ўзроўні вобласці і рэспублікі.

Рэалізацыя прыгаданага праекта пачалася ў 2022-м. За гэты час створаны сайт “Сцяна памяці”, віртуальная квэст-экскурсія “Партызанскімі сцежкамі”, дынамічная карта “Ушаччына ў алфавіце” і іншыя медыярэсурсы, праведзены розныя даследаванні, зняты відэаролікі. Работа ў адзначаным накірунку, канечне, не спыняецца. Зусім нядаўна створаны інфармацыйны каталог вучняў, якія загінулі на вайне – іх імёны ўвекавечаны на абеліску, размешчаным на школьнай тэрыторыі.

Воўка Багрэц марыў стаць вадзіцелем аўтобуса, каб людзі па раніцах усміхаліся і дзякавалі за добрую дарогу. Удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда, у баях за Прыбалтыку, быў неаднаразова ўзнагароджаны… Уладзімір загінуў у Эстоніі. Машанька Іванковіч хацела быць краўчыхай і шыць прыгожыя сукенкі. Часта ўяўляла, як падорыць першую сваёй сястры… Дзяўчыну расстралялі ў 1943-м за сувязь з партызанамі. Пеця Рубіс марыў пра педагогіку, але вырашыў стаць афіцэрам – каб абараняць радзіму. Ён, здзейсніўшы подзвіг, загінуў у 1943-м у Курскай вобласці.

На абеліску – 64 прозвішчы. Але праведзеная ў школе работа выявіла звесткі яшчэ пра трох загінулых: Уладзіміра Апанасавіча і Міхаіла Антонавіча Іванковічаў, Уладзіміра Пятровіча Журава. Новымі данымі напоўнена і старонка на “Сцяне памяці” – з’явіліся біяграфічныя звесткі пра Якава Кірылавіча Вялюгу, Пятра Ягоравіча Іванковіча, Уладзіміра Паўлавіча Ігнацьева, пра якіх раней нічога не было вядома.

Памяць пра ўсіх іх прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Тое ж зрабілі і падчас мітынгу ля помніка “Салдат з аўтаматам”, дзе ў ліку пахаваных – Герой Савецкага Саюза Б.І.Юркін, чыё імя носіць Глыбачанская школа. Такое званне за адвагу і мужнасць, праяўленыя пры фарсіраванні Заходняй Дзвіны, Барысу Іванавічу прысвоена пасмяротна, узнагароду ж за маладога чалавека атрымала яго маці Пелагея Сцяпанаўна.

Прыгадалі ўдзельнікі мерапрыемства таксама пра тое, што ў 1942-1944 гады перажыло мясцовае насельніцтва. Карнікамі былі знішчаны і не адноўлены пасля вайны вёскі Белашы, Гліннікі, Кісялі, Кіслы, Асінаўка, Стараселле. Інфармацыя пра іх з указаннем месцаў размяшчэння спатрэбілася пры распрацоўцы макета тэматычных таблічак, якую ўзялі на сябе супрацоўнікі Глыбачанскага сельвыканкама і школа. Права ж урачыста адкрыць карту-схему спаленых вёсак былі ўдастоены старшыня сельвыканкама Віктар Віктаравіч Шаршнёў і ўнучка ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Таццяна Уладзіміраўна Лашкевіч.

Закладка Алеі памяці, экскурсія ў школьны краязнаўчы музей, літаратурна-музычная кампазіцыя “Ніхто не забыты. Нішто не забыта”… На кожным этапе сустрэчы было чаму прыемна здзівіцца. “Такая работа адназначна заслугоўвае цвёрдай дзясяткі!” – не хавалі эмоцый прадстаўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама. “Сёння нібы на ўроку гісторыі пабывалі, настолькі было цікава!”, – прызнаваліся госці з Ушацкага лясгаса. Праект, сапраўды, аказаўся плённым і перспектыўным. “Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што захаваць і перадаць нашчадкам, – адзначыла напрыканцы сустрэчы дырэктар установы Таццяна Анатольеўна Пахолак. – А значыць, спыняцца на дасягнутым проста не маем права!”.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *