289 помнікаў паднялі за чатыры дні валанцёры “Беларускага студэнцкага культурнага цэнтра “Гілель” на старых яўрэйскіх могілках у Кублічах. Старшыня сельвыканкама М.В.Ярмош яшчэ 5 год таму ў межах экспазізыі “Кублічы – яўрэйскае мястэчка” арганізавала расчыстку пахавання і адшукала праект “Мега”, які займаецца аднаўленнем падобных закінутых месцаў. Могілкі ўжо зараз многае расказваюць пра гісторыю мястэчка, а ў перспектыве стануць паўнацэнным працягам экспазіцыі.
Абавязковы “адпачынак”
Кожнае лета члены яўрэйскай суполкі так карэкціруюць уласныя планы, каб пакінуць тыднёвае акенца і абавязкова сустрэцца на добраўпарадкаванні могілак. Сярод іх студэнты і працуючыя, моладзь ад 18 да 30 і людзі сямейныя, дырэктару цэнтра і кіраўніку групы Алене Калеўніч, напрыклад, 43. Ёсць і праваслаўныя, і не толькі беларусы. Расіянін Ягор, напрыклад, літаральна за дзень уладкаваў дзяцей у летнік, каб самому апынуцца ў лагеры працы і адпачынку. Так, іх нядзельныя падарожжы па Беларусі арганізаваны па прынцыпе такіх студатрадаў. Вось і пасля чатырох дзён ударнай работы ў Кублічах атрад накіраваўся ў падарожжа, у якім запланаваны сплаў на байдарках па Вілейцы, дэгустацыя згушчонкі ў Глыбокім і экскурсія на атамнай станцыі ў Астраўцы. Праект з’яднаў, а 7 дзён у сярэдзіне ліпеня не ўпершыню аказваюцца супернасычанымі на інфармацыю.
– У некаторых, як і ў мяне, водпуск ўсяго тыдзень, але і яго мы абавязкова правядзём у незнаёмым месцы Беларусі ці нават двух, – расказвае Алена. – Гэта ў Кублічах вялікія могілкі, і мы не паспелі падняць усе абеліскі, а бывае, што за чатыры дні і два добраўпарадкоўваем, як было ў Копыле і Цімкавічах. Здаецца, што хлопцы лёгка падымаюць абеліскі, бо за гады ўжо выпрацавана сістэма. З кіркамі, рыдлёўкамі – у кожнага свой абавязак, разбіваемся на группы і не перашкаджаем адзін аднаму. Мужчыны, зразумела, бяруць на сябе пераважна фізічную працу – падымаюць камяні, выкошваюць участкі ад кустоўя. Дзяўчаты таксама дапамагаюць, калі вельмі вялікі помнік, а яшчэ ачышчаюць і расшыфроўваюць надпісы. Гэта нашы 14-я могілкі – цікава і зацягвае.
Сапраўды, ніякай мітусні, усё па чарзе. Вось шчоткай па металу адціраюцца ад моху знакі і тут жа запеньваюцца, каб лепш чыталіся сімвалы. На “адрэстаўраваны” абеліск адразу наклейваецца нумар, а яшчэ некалькі чалавек фатаграфуюць і нават спрабуюць сходу расшыфраваць надпіс. Канечне, гэта немагчыма на амаль 300 паднятых камянях, ды і зусім няпроста. Эпітафіі напісаны на іўрыце, прычым на такім, што нават імёны не адпавядаюць сучаснай арфаграфіі ідзіша. Таму, калі не атрымліваецца расшыфраваць знак, здымкі ляцяць да суполкі ў Ізраіль.
Ну а частка людзей адпачывала ў цені дрэў. “Перапынкі кожны вызначае сабе сам, не ставім на мэце заганяць дзяцей, – ловіць позірк кіраўнік групы і тлумачыць. – А на абед збіраемся ўсе. У Кублічах не знайшлося месца для размяшчэння 30 чалавек, таму мы начуем на аграсядзібе ў Глыбоцкім раёне, адтуль жа прывозяць гарачыя стравы – мы нават сталовую будуем – тэнты нацягвалі. Наогул арганізацыяй быту мы задаволены, за што дзякуй Марыі Васільеўне. Нават біятуалет устаноўлены. Расходы на аўтобус, пражыванне, экіпіроўку, а з намі не толькі інструмент, а і байдаркі, палаткі – аплачваюць спонсары. Вось толькі з надвор’ем не вельмі пашанцавала. Учора пад лівень трапілі, прамоклі, а днём сонца паліць.
Кубліцкія асаблівасці
“Два аднолькавыя сімвалы можна ўбачыць на кожным помніку. Яны заўсёды ў самым версе і азначаюць “тут пакоіцца”, пераконваюць, што гэта яўрэйскія могілкі, і падказваюць, якім бокам устанаўліваць камень. Потым ідзе “рэп” – чалавек, ці равін, а потым імя і пол, напрыклад, Хаім – бар (сын) Давіда, або дачка, – знаёміць мяне з асаблівасцямі эпітафій Алена. – Тут часта ўказваецца прозвішча – таксама рэдкасць. Бо калі працавалі ў Брэсце, Вішнёва – іх не знаходзілі. І ў самым нізе – дата смерці. Яна гэтак жа ў літарах, і да іх, каб атрымаць год у прынятым летазлічэнні, мы далучаем 1240. Нюансаў шмат. Вось тут, напрыклад, няма даты, але напісана, што гэта быў мастак. Напэўна, добры, бо яўна не хапала грошай на эпітафію і вырашылі ўказаць прафесію. Адшукалі мы і абеліскі двух равінаў, дачкі равіна”.
На могілках, дзякуючы валанцёрам, ужо дакладна бачны рады, калі раней былі хаатычна заваленыя ці поўнасцю пакрытыя зямлёй помнікі. Згодна расшыфроўцы дзяўчат, ля дарогі даты пахавання маладзейшыя, а размешчаны могілкі на горцы за вуліцай Сонечнай у напрамку лесу. Старэйшыя – у супрацьлеглым баку, і які год акажацца на самым старажытным абеліску, казаць рана. Пакуль што самым даўнім лічыцца 1784-ы, равін Мэнэхэм Рахум памёр у 1849-м, але помнік яго не ў цэнтры, як павінна быць. Справа ў тым, што магілы ў яўрэяў размяшчаліся па крузе: у цэнтры на ўзвышшы хавалі самых паважаных людзей. “Магчыма, ён хацеў быць побач з некім з раней памерлых родных”, – тлумачаць дзяўчаты, наносячы пену для галення на чарговы абеліск – і выразна праступаюць не толькі літары, але і малюнкі. На помніку равіну з чырвонага граніту, напрыклад, некалькі галінак, сустракаюцца птушкі і гарлачы.
Па Кубліцкім месцы спачыну памерлых можна меркаваць па дастатку людзей, што тут жылі. “У вас было заможнае мястэчка, – тлумачыць далей Алена. – Не кожны мог заказаць вялікі камень на абеліск, у іншых месцах стаялі нават з жорнаў ці з іх паловы, што сведчыць пра беднасць. А тут іх шмат. Нідзе раней не сустракалі, каб надпіс на помніку быў каляровы, а ў Кублічах бачым з дабаўленнем зялёнага, тэракотавага, жоўтага пігменту. Наогул заказаць вялікую эпітафію маглі толькі багатыя родныя памерлых, бо плата бралася за кожны сімвал. А тут ёсць не толькі ўсе “абавязковыя” пазначэнні, але нават вытрымкі з торы. І наогул упершыню бачылі надпісы з двух бакоў. З аднаго з іх – толькі два словы, аб тым, што памёр. Хутчэй за ўсё проста некага беднага падпахавалі ў другую магілу.
Так, абеліскі тут таксама розныя: у цэнтры – вялікія па памеры, далей меншыя, з чырвонага ці шэрага каменю мясцовай пароды. Дарэчы, вельмі добра захаваліся, без сколаў ці слядоў ад куль. Ні на адным з помнікаў ніколі не пазначалася, ад каго ён пастаўлены. Затое важна было адлюстраваць чалавечыя якасці памерлага, напрыклад, “сціплая, разумная жанчына”. Ці цэлы дэтэктыў, як захварэў, калі прыйшоў урач і не змог дапамагчы. Цікавы помнік, дзе ўказана імя не бацькі, а маці, што сведчыць аб вялікай павазе да такой жанчыны. Дарэчы, у майстра, які набіваў надпіс, быў вельмі добры, каліграфічны почырк. І жыў ён хутчэй за ўсё тут жа. Па меркаванні А.Калеўніч, адзін гравіроўшчык абслугоўваў 1-2 мястэчкі.
У Беларусі знаходзіцца 800 закінутых яўрэйскіх могілак. Самае вялікае добраўпарадкаванае – у Міры, дзе ўдзельнікі праекта “Мега” паднялі 700 абеліскаў.
Экспазіцыя пад адкрытым небам
Могілкі ў любой краіне гавораць многае аб яго народзе і часта наведваюцца турыстамі. Менавіта на гэта разлічана добраўпарадкаванне кубліцкіх. Аднак, паколькі тут няма нават дат, то, зразумела, патрэбна расшыфроўка, яна і будзе зроблена літаральна па кожным помніку, як і каталагізацыя ўсіх, а таксама перавод у лічбавы фармат. Такім чынам усе наведвальнікі экспазіцыі пад дахам змогуць прадоўжыць гістарычны экскурс па яўрэйскім мястэчку ўжо пад адкрытым небам, а па QR-коду любы жадаючы, у тым ліку і яўрэі, якія ведаюць пра кубліцкія карані, адшукае магілу продкаў.
Што будзе напісана на знаку ля могілак, М.В.Ярмош пакуль дакладна не ведае – усё залежыць ад каштоўнасці расшыфроўкі, але спонсары на яго ўстаноўку ўжо ёсць. Ну а валанцёры паабяцалі завітаць на Ушаччыну на наступны год і падняць усе абеліскі.
Вольга Караленка.