Аўтобусныя прыпынкі можна назваць своеасаблівымі візітоўкамі населеных пунктаў. Ды што казаць, у некаторых вёсачках гэта фактычна адзіны элемент сельскай інфраструктуры, па якім госці і складаюць уражанне пра дабрабыт мясцовасці і яе жыхароў. Вядома ж, дарожныя арганізацыі вядуць планавую работу па доглядзе і рамонце прыпынкаў, але відавочна, што абнавіць адразу ўсе аб’екты ім не пад сілу. Людзям жа хочацца, каб вясковы антураж радаваў вока ўжо зараз – а Год добраўпарадкавання можа стаць нагодай, каб не чакаць візіту работнікаў з косамі і фарбамі, а зрабіць гэту не такую ўжо і мудрагелістую справу мясцовай грамадой.
І такія прыклады маюцца. Сёння мы раскажам, як “пазапланава” абнавіліся прыпынкі ў некалькіх вёсках Вяркудскага сельсавета.
Ініцыятарамі пераўтварэння сталі работнікі сельвыканкама, а распачаўся грамадскі праект у Апанаскавічах. Ідэю адрамантаваць прыпынак ахвотна падтрымалі старэйшына вёскі Аляксандр Карлавіч Рэут, яго спадарожніца жыцця Алена Іванаўна Гайко. Пачысцілі пляцоўку, абкасілі траву, а для афарбоўкі збудавання абралі жыццярадасныя аранжава-белыя колеры.
Яшчэ больш масавым аказаўся працоўны дэсант у Вяркудах: сваіх дэлегатаў у зводную брыгаду вылучылі камунгас, аддзяленне ТЦСАН, бібліятэка.
Нямала людзей адгукнулася на прапанову адрамантаваць прыпынак у Дубраўцы. Як і належыць дэпутату сельскага савета, выйшла на “народную будоўлю” Галіна Генадзьеўна Ягадка, не засталіся ўбаку мясцовыя актывісты Валянціна Генадзьеўна Сталбунова, Людміла Пятроўна і Генадзь Аляксандравіч Красновы, Людміла Мікалаеўна Падсаднік, Кацярына Віктараўна Гершан, далучыліся мясцовыя сацработнікі, у працэсе падцягнуліся і іншыя вяскоўцы, мужчыны прыгналі мотаблок. “Агульная карысная праца настолькі ўсіх захапіла, што, абнавіўшы прыпынак, мы вырашылі зрабіць яшчэ нешта карыснае – напрыклад, пафарбаваць грамадскі калодзеж”, – падзялілася з намі кіраўнік спраў сельвыканкама Святлана Яўгенаўна Быкава і асабліва падкрэсліла персанальны ўклад у абнаўленне ўсіх прыгаданых аб’ектаў сваіх калег па рабоце ў мясцовым органе ўлады Веры Міхайлаўны Маслак, Валянціны Васільеўны Хахловай.
Думаецца, што на такіх прыгожых прыпынках у пасажыраў застанецца добры настрой нават у дрэннае надвор’е. І яшчэ адзін нюанс: да зробленага ўласнымі рукамі вяскоўцы, безумоўна, будуць ставіцца больш беражліва.
Андрэй АГІЕВІЧ, начальнік ДРБУ-105: “Хочацца шчыра падзякаваць усім жыхарам раёна, якія дапамаглі навесці парадак на сваіх аўтобусных прыпынках, з разуменнем аднесліся да таго, што кадравыя і тэхнічныя магчымасці нашай арганізацыі не дазваляюць аператыўна прывесці ў належны стан усе аб’екты, за якія мы адказваем. Беларусы заўсёды вылучаліся калектывізмам і ўзаемадапамогай, жаданнем працаваць грамадой. Лічу, што гэта выдатны прыклад плённага ўзаемадзеяння органаў улады, арганізацый і грамадзян, якія аб’ядноўваюць свае намаганні дзеля агульнай карысці”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.