
“У лясах” ва Ушачах зараз толькі адзін будынак – у самым цэнтры вядзецца рэканструкцыя старога корпуса школы пад цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. Новае жыццё атрымлівае адзін з самых гістарычных, даваенных аб’ектаў, дзе ў свой час размяшчаліся вучэбныя класы, “прадлёнка”, інтэрнат, гаспадарчая група і прыёмны пункт грамадзянскай абароны. Ды і бібліятэка там раней таксама была – дзіцячая. А пакуль што гэта вялізная будоўля.
“Звонку вядзецца ўцяпленне і атынкоўка фасада, а знутры – заліўка міжпавярховых і паддашкавых перакрыццяў. Генеральным падрадчыкам выступае ПМК №70 г.п.Шуміліна, а завяршыць аб’ект плануецца ў 2027 годзе, – тлумачыць намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Цімафееў, з якім і здзяйсняем падарожжа па аб’екце.
Для мяне яно аказалася настальгічным. Прыгадаліся пачатковыя класы – да лютага 1977-га менавіта ў гэтым корпусе займаліся малодшыя школьнікі. Тая ж лесвіца на другі паверх, калідор, каробкі класаў і высачэнная столь – аказваецца, не толькі тады яна здавалася такой велічнай. А яшчэ ўбачыла тое, што раней хавалася за тынкоўкай і пабелкай. “Памяшканне 1939 года пазней дабудоўвалася, – прараб ПМК №70 Дзмітрый Каралёў паказвае на трывалую цагляную кладку з нераўнамернай афарбоўкай – застаўся контур ніжэйшай кроквеннай сістэмы. – У левым крыле замест драўлянай падлогі ўжо клалі бетонныя перакрыцці. Такімі яны цяпер будуць паўсюдна”.
Як гэта робіцца, зараз лёгка ўбачыць наглядна. Адзін з пакояў на другім паверсе – зусім без падлогі – лагі і былыя печкі разабраны і вынесены, у суседнім замест ранейшага перакрыцця замацаваны спецыяльныя металічныя канструкцыі, якія ўшацкія будаўнікі дадаткова счэпліваюць прутамі. А вось гэтая сістэма ўжо залітая вадкім бетонам і гудзіць вібратар-разраўняльнік. Каб падаваць прывезеную ў міксерах сумесь, заказана помпа – спецыяльная машына з даўгімі рукавамі-шлангамі. Жалезабетонныя перакрыцці з’явяцца і на столі, якая зараз дзе-нідзе правісае і нават абабіта, каб нічога не сыпалася. На першым паверсе будучае фае ўсё ў металічных падпорках – яны часова падтрымліваюць залітыя наверсе перакрыцці. Абсалютна чарнавы варыянт, у якім пакуль цяжка разгледзець чытальную залу, абанемент ці сховішчы з тысячамі кніг.
Аднак загадчык сектара культуры Лідзія Шкаруба прыпадняла завесу закулісся: “Плошчы тут вельмі вялікія – 1050 метраў квадратных. На першым паверсе бібліятэкi плануецца размясцiць сектары абслугоўвання дзiцячага і дарослага чытачоў. На другім мяркуем стварыць прастору, якая ўключыць у сябе сучасную чытальную залу i каворкiнг, каб усе ўзроставыя катэгорыi нашых чытачоў i гасцей горада маглі пагуляць у настольныя гульні, пагутарыць за кубачкам гарбаты, папрацаваць за камп’ютарам”.
Затое звонку ўсё празрыста і зараз: фасад уцяпляецца панэлямі з мінеральнай ваты, якія з аднаго боку ўжо абцягнуты сеткай і патынкаваны. Выгляд мяняецца вельмі хутка, паколькі штодня тут працуе 25-30 чалавек. Шумілінцы прыязджаюць кожную раніцу, а вось ушацкай брыгадзе сталяроў, у якой засталося 7 чалавек, рана падымацца не трэба. “Задаволены, што працуеце на месцы, пытаюся ў Аляксея Герасімава і чую нечаканае: “Ды нязвыкла. Столькі часу правялі ў якасці субпадрадчыкаў за межамі раёна, што цягне ў дарогу”.
Дарэчы, склад рабочых на будоўлі не толькі міжраённы, але і міжнацыянальны. Тут працуюць таджыкі, узбекі і нават прадстаўнікі з Індыі і Бангладэш, якія, аднак, добра разумеюць сутнасць пастаўленых перад імі задач.
Вольга Караленка.

