Работница РПУ «Ушачирайгаз» Ольга Стельмах вышла в финал конкурса «Мисс-облгаз»

Образование и молодежь Экономика и малый бизнес

Вольга Стэльмах працуе прыёмшчыкам заявак і дыспетчарам аварыйнай службы РВУ «Ушачырайгаз» другі год, аднак за гэты час многія кліенты ўжо запомнілі яе прыемны голас, ветлівую і спакойную манеру зносін. Прычым, вобраз, які ўяўляецца, калі размаўляеш з дзяўчынай па тэлефоне, пацвярджае і рэальнае знаёмства: у жыцці Вольга такая ж добразычлівая, ураўнаважаная і надзвычай абаяльная, таму, калі перад адказнай за ідэалагічную работу прадпрыемства Раісай Іванаўнай Шыханцовай паўстала пытанне, хто будзе прадстаўляць ушацкае ўпраўленне на конкурсе прыгажосці «Міс-аблгаз», яна ні хвіліны не раздумвала — вядома ж, Оля Стэльмах.

Бывае, што дзяўчаты, якіх прырода ўзнагародзіла адметнымі знешнімі данымі, ва ўсім астатнім не вельмі цікавыя: яны не лічаць патрэбным развівацца інтэлектуальна, займаюць утрыманскую жыццёвую пазіцыю. Пацвярджэнне таму — выкладзеныя ў інтэрнэт скандальныя інтэрв’ю з «каранаванымі» прыгажунямі, якім невядомы нават факт абарочвання Зямлі вакол Сонца. Вольга ж не з такіх. Яна паспявае не толькі добра выконваць працоўныя абавязкі, але і кіраваць пярвічнай арганізацыяй ГА «БРСМ», удзельнічаць у мастацкай самадзейнасці і спартыўных спаборніцтвах, Оля выдатна водзіць машыну і пячэ смачныя тарты. А яшчэ выхоўвае дачку Злату — такую ж прыгажуню, як і мама. І пры ўсім гэтым паспявае бездакорна выглядаць, з густам апранаецца, сочыць за моднымі тэндэнцыямі, умее сябе прыгожа падаць. Усё названае ацанілі члены журы падчас першага этапу конкурсу «Міс-аблгаз», што праходзіў у сярэдзіне ліпеня ў Віцебску. Па іх рашэнні Вольга Стэльмах увайшла ў склад 15 фіналістак шоу, у якім прымалі ўдзел 33 самыя прыгожыя дзяўчыны, што працуюць у сістэме «Віцебскаблгаза».
Наперадзе ў Вольгі і Раісы Іванаўны, якая дапамагае ёй рыхтавацца да конкурсу, прыемныя клопаты: трэба набыць сукенкі і купальнік для дэфіле, падрыхтаваць творчы нумар. Спадзяемся, што і ў фінале наша зямлячка будзе выглядаць дастойна. Не ведаю, як тое журы, але ж мы з вамі нават не сумняваемся, што ўшачанкі — самыя прыгожыя ў свеце.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *