С 1 января 2014 года убой скота для продажи разрешён только на специализированых площадках

Выясняем ситуацию Личное подсобное хозяйство Официально Правовая консультация Сельское хозяйство

З 1 студзеня бягучага года ўступіў у дзеянне пункт 18 ветэрынарна-санітарных правілаў утрымання жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 жніўня 2013 года № 758 “Аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных захворванняў”. З мэтай даведацца, якім чынам новаўвядзенне закранае інтарэсы простых грамадзян, мы звярнуліся да намесніка начальніка Ушацкай райветстанцыі Віктара Уладзіміравіча ДАЎГАПОЛАВА.

– Віктар Уладзіміравіч, пракаменціруйце змяненні, якія прадугледжаны гэтым нарматыўна-прававым актам.

– Да 1 студзеня 2014 года дапускалася праводзіць самастойны забой у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней і іншай прадукцыйнай жывёлы для наступнай рэалізацыі мяса і іншых прадуктаў пад кантролем спецыяліста ветэрынарнай службы з абавязковай ветэрынарна-санітарнай экспертызай туш і органаў у адпаведнасці з патрабаваннямі ветэрынарна-санітарных правілаў агляду. Але пагадзіцеся, што калі жывёлу забіваюць на ўскрайку лесу або ператвараюць у забойны пункт уласны падворак – гэта нецывілізавана і няправільна. Таму тыя, хто раней мог самастойна забіць жывёлу, прывезці яе на кірмаш і прадаць, з 1 студзеня бягучага года павінны прытрымлівацца новых правілаў – забой можна рабіць толькі ў арганізацыях, якія ажыццяўляюць дадзены від дзейнасці і маюць для гэтага ўмовы.

– Атрымліваецца, што для таго, каб зарэзаць уласнага парсюка, неабходна звяртацца ў спецыялізаваную арганізацыю?

– Трэба адразу адзначыць, што змяненні закранаюць толькі тых грамадзян, якія здаюць выгадаваную ў асабістых падсобных гаспадарках жывёлу на мяса ў райспажыўтаварыствы, індывідуальным прадпрымальнікам, або самі прадаюць яго на рынку. Тых жа, хто вырошчвае жывёлу выключна для асабістага карыстання, новыя правілы не датычацца. А вось прадаць лішкі, як пішуць у аб’явах “палову кабана на мяса”, забіўшы яго дома, зараз забаронена. Па-першае, на тэрыторыі раёна дзейнічае каранцін, па-другое, з пачатку года гэта і незаконна, бо продаж дазваляецца толькі ў выпадку забою жывёлы ў спецыялізаванай арганізацыі.

– Куды накіроўвацца ўшачанам у выпадку ўзнікнення такой неабходнасці?

– На сённяшні дзень адзінай арганізацыяй, якая аказвае дадзены від паслуг, з’яўляецца жывёлазабойны пункт Ушацкага райспажыўтаварыства. Толькі там вы атрымаеце ўсе неабходныя дакументы: таварна-транспартную накладную, ветэрынарнае пасведчанне якасці на мяса і субпрадукты для далейшага іх продажу.

– Дзе зараз можна набыць свініну, тым больш што прадаваць з рук яе нельга, а калядны пост скончыўся?

– Сапраўды, зімовыя месяцы традыцыйна з’яўляюцца масавым сезонам забою хатняй жывёлы, асабліва свіней. Для таго, каб захаваць сваё здароўе і засцерагчыся ад непрыемнасцей, трэба заўсёды помніць, што перад ужываннем мяса са сваёй асабістай падсобнай гаспадаркі, а тым больш здабытае на паляванні пажадана звярнуцца ў лабараторыю для правядзення ветэрынарна-санітарнай экспертызы. Гарантавана якасным будзе мяса ў магазінах, або калі гэта прадукцыя мясакамбіната, якая рэалізуецца на рынку. Ні ў якім разе не набывайце мясныя прадукты ў незнаёмых асоб, па-за кропкамі афіцыйнага гандлю, а таксама мясапрадукты, якія не маюць пасведчання аб правядзенні экспертызы. Таксама адзначу, што калі будзе даказаны факт продажу свініны без дакументаў аб забоі ў спецыялізаванай арганізацыі, то прадаўца чакае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу. Наогул па ўсіх узнікаючых пытаннях, звязаных з рэалізацыяй мяса з асабістай падсобнай гаспадаркі, правядзеннем экспертыз, вы можаце звярнуцца ў райветстанцыю па тэлефонах 2-75-38 і 2-72-84.

Дарэчы, паслугамі жывёлазабойнага пункта райспажыўтаварыства ўжо скарысталіся некалькі жыхароў раёна – кошт забою складае каля 2600 рублёў за 1 кілаграм выхаду мяса. Для падвозу жывёлы можа быць задзейнічаны транспарт райспажыўтаварыства, паслуга гэта таксама платная.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *