Директор ОАО «Звонь» Юрий Ничипор отреставрировал мемориальную доску и проводит благоустройство на месте сожжённой в годы войны деревни Гутище

Наш современник

Разам з гектарамі, на якіх зараз роўнымі радкамі стаіць чорная парэчка, а гранатавая рабіна і бярозкі стварылі  прывабную алею ўздоўж дарогі, дырэктару ААТ “Звонь” Юрыю Мікалаевічу Нічыпару дасталася і мемарыяльная дошка аб спаленай вёсцы Гуцішча. Так і атрымалася, што ён стаў шэфам за помнікам Вялікай Айчыннай вайны. Прычым заняўся яго  добраўпарадкаваннем  з жаданнем і творчай ініцыятывай. Інакш і не магло быць, паколькі ў  афіцэра запасу свае рахункі з вайной.

– Мае карані з такой жа спаленай вёскі Застарынне Баранавіцкага раёна, яна і ў Хатыні пазначана, толькі ў адрозненні ад Гуцішча – адноўленая. Бацька застаўся жывы, таму што ў той ракавы дзень 1943 года пасвіў кароў за вёскай, дзед выратаваўся, бо кінуўся ў крапіву, стралялі, быў паранены, аднак уцёк. А вось бабулю, дзядзьку расстралялі на двары, а вёску спалілі. Таму калі я ўбачыў гэты знак з выбоінамі (нейкія вандалы стралялі па ім), не мог не заняцца яго рэстаўрацыяй і добраўпарадкаваннем. Рабіў гэта і ў мэтах патрыятычнага выхавання – на той час у мяне працавалі пераважна маладыя людзі – хацеў, каб прачулі гэта і яны.

Ю.М.Нічыпар адрэстаўрыраваў мемарыяльную дошку, а разам са сваімі работнікамі за ўласны кошт зрабіў такое добраўпарадкаванне, што атрымалася памятнае месца, дзе нельга не схіліць галавы і моўчкі пастаяць. Насупраць прыступак да пастаменту, быццам на варце, стаяць дзве елачкі. На створанай з бетону і камянёў немалой пляцоўцы – прыгожы помнік. Цёмная дошка з надпісам – звычайная, як і на месцы ўсіх спаленых вёсак, а Юрый Мікалаевіч замацаваў за ёй чырвона­карычневы валун. Гэты прыгожы і такіх роўных форм камень так адцяняе чорную дошку, што за надпісам “Тут была вёска Гуцішча” бачыш агонь і папялішча таго страшнага лютаўскага дня 1942 года.

Побач з помнікам у летні час цвітуць кветкі, пасаджаныя Нінай Юр’еўнай Нічыпар. Стаіць свежы вянок. А за помнікам пад грушай, якая, напэўна, бачыла трагедыю, устанавілі паўкруглую даўгую лавачку. І, канечне, бачыла, як гарэлі 17 хат і шэсць жыхароў, вялізная вярбіна, якой намнога больш гадоў, чым мінула часу пасля трагедыі ў Гуцішчы Жарскага сельсавета.

Вельмі годнае месца зараз на былым папялішчы. Канечне, прыгожай была і вёска, якая так і не адноўлена і ў якой да вайны  пражывала 43 жыхары.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Директор ОАО «Звонь» Юрий Ничипор отреставрировал мемориальную доску и проводит благоустройство на месте сожжённой в годы войны деревни Гутище

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *