Материалы из зала суда Ушачского района

Закон - один для всех

Дрэнны “кветкавод”

Гавораць: дзеці – кветкі жыцця. У такім разе жыхарка Ушач, ураджэнка Латвіі 1971 года нараджэння з’яўляецца дрэнным кветкаводам. Завёўшы ў сваёй сямейнай “аранжарэі” ажно 5 прадстаўнікоў сімвалічнай флоры, яна не стала нагружаць сябе годным клопатам пра іх дабрабыт. Згодна рашэнняў суда Ушацкага раёна ад 2006 года, жанчына павінна была пакрываць сродкі на ўтрыманне сваіх дзяцей 1991, 1993, 1995, 2001, 2003 гадоў нараджэння, якія знаходзіліся і знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Вось толькі гэта Вольгу не надта “натхніла”. Працуючы прыбіральшчыцай тэрыторыі УП ЖКГ, яна неаднойчы без уважлівых на тое прычын дапускала прагулы, а значыць не выконвала ў поўным аб’ёме ўскладзеныя на яе абавязкі. Такія “вольнасці” жанчына тлумачыла проста: хадзіла ў лес па ягады, каб падзарабіць на ўласныя патрэбы, ці напярэдадні выпівала і раніцай мела астатачнае ап’яненне. Вядома, такія прычыны ўважлівымі праваахоўнікі не палічылі. Вольгу не раз папярэджвалі аб крымінальнай адказнасці – аднак плёну гэта не давала. У выніку напачатку бягучага года за ўхіленне ад пакрыцця выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, жанчына трапіла на лаву падсудных і па рашэнні суда па ч.2 арт.174 КК Рэспублікі Беларусь атрымала 2 месяцы арышту. Дарэчы, па месцы адбывання пакарання ёй давядзецца яшчэ і прайсці лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Не сядзелася дома…

Ураджэнец сталіцы 1998 года нараджэння меў судзімасць і павінен быў на працягу 1,5 года адбываць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Вось толькі выконваць ускладзеныя на яго абавязкі на працягу такога тэрміну Алег не змог. Пражываючы ў Наваполацку, а пазней на тэрыторыі Ушацкага раёна, не раз пакідаў у забаронены час жыллё, з’яўляўся ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за нецвярозыя “гастролі”. За ўсё гэта мужчына атрымліваў вымовы, папярэджанні аб крымінальнай адказнасці, на яго накладалася спагнанне ў выглядзе дысцыплінарнай ізаляцыі з выхадам на работу і інш. Урэш­це цярпенне праваахоўнікаў лопнула – у адносінах Алега была ўзбуджана крымінальная справа. Па арт.415 КК Рэспублікі Беларусь мужчына атрымаў 1 год арышту. Сюды ж далучана частка неадбытага пакарання па прыгаворы суда горада Мінска – па сукупнасці атрымалася 1 год і 2 месяцы пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Ф.ЗІНЬКЕВІЧ, старшыня суда Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *