Маленькая деревня Помелково- настоящий рай для её старейшины Тамары Кабановой

Наш современник

Усяго ў пары кіламетраў ад Ільюшына за ўзгоркам схавалася невялічкая вёска Памялкова – поўная супрацьлегласць аграгарадку: калі ў суседнім населеным пункце кіпіць жыццё, гудуць трактары гаспадаркі, дарослыя спяшаюцца на работу, а дзеці ў школу, то тут у цішыні і пад спеў птушак час працякае надзвычай спакойна і размерана. Нехта скажа, сумна ўсё гэта, а вось  Тамара Міхайлаўна Кабанава запэўнівае, што Памялкова – лепшае месца для жыцця і сума­ваць тут ёй не прыходзіцца.

“Цудоўная прырода: чыстае паветра, лес з узгорка як на далоні, часам алені прама ў сад заходзяць. Вунь там расце вялізны вяз, які ўчатырох не ахапіць, а на тым балотцы белая чапля жыве – сапраўдны рай для адпачынку і не трэба ніякіх замежных курортаў!” – апісвае  сваю вёску Тамара Міхайлаўна. Між тым, адпачываць гэтай жанчыне, асабліва летам, няма калі. Чыста выпалатыя градкі, рады бульбы каля дома і парадак у цяпліцы падказваюць, што на агародзе гаспадыня праводзіць нямала часу. Не можа яна ўявіць жыццё ў вёсцы і без падсобнай гаспадаркі. У дзяцінстве дапамагала бацькам спраўляцца з каровамі, свіннямі і іншай жыўнасцю, а зараз сама трымае акрамя птушкі яшчэ дзвюх коз з казлянятамі.

Улічваючы гэта, не верыцца, што прафесія ў Тамары Міхайлаўны зусім не вясковая і нават не жаночая. Пасля заканчэння Ільюшынскай школы маладая дзяўчына з Памялкова вучылася ў радыётэхнічным вучылішчы, дзе атрымала спецыяльнасць зборшчыка кандэнсатараў. Працаваць на віцебскім “Маналіце” ёй доўга не давялося, бо не было там жылля. Спецыялісты патрэбны былі на заводзе “Вымяральнік”, Наваполацк у той час будаваўся і развіваўся. 20-гадовая Тамара ўжо было вырашыла накіравацца туды, як знаёмыя  прапанавалі зусім іншы род дзейнасці, але на радзіме – пайсці касірам у мясцовы дом адпачынку. Яна згадзілася і з дапамогай вопытных калег лёгка асвоіла новую для сябе справу. Актыўна ішло будаўніцтва і ў Ільюшыне, і Тамара Міхайлаўна пазней ужо працавала там у дзіцячым садку, сталовай, а таксама амаль дзясятак гадоў даяркай і цялятніцай у мясцовым сельгаспрадпрыемстве. А перад пенсіяй і цяпер даглядае сваю пажылую маці Валянціну Іванаўну.

– Такія адносіны да працы мне прывілі бацькі, – расказвае Т.Кабанава. – Мама хоць і атрымала прафесію швачкі, але практычна ўвесь яе працоўны шлях прайшоў у калгасе, там жа трактарыстам усё жыццё працаваў і тата. А яшчэ ў спадчыну ад яго мне перадалося захапленне рыбалкай, люблю пасядзець з вудай на сажалцы, што знаходзіцца непадалёк.

Яшчэ адно хобі жанчыны – паходы за грыбамі і ягадамі. Тамара Міхайлаўна выдатна ведае ўсе лясы наваколля. Збірае і розныя травы, з дапамогай якіх лечыцца сама і лёгка ставіць на ногі падхапіўшых прастуду ўнукаў, якія вельмі любяць адпачываць у бабулі. Часта наведваюцца і дапамагаюць маці дзеці Валянціна і Аляксандр.

Акрамя хатніх клопатаў Тамара Міхайлаўна выдатна спраўляецца і з грамадскай нагрузкай – пяты год яна займае пасаду старэйшыны Памялкова, дапамагае вырашаць аднавяскоўцам узнікаючыя пытанні і з’яўляецца сапраўдным памочнікам старшыні Жарскага сельвыканкама. Вельмі перажывае, што прыгажосць вёскі месцамі псуе баршчэўнік. І калі нядаўна ў населеным пункце работнікі сельвыканкама ўручную знішчалі гэтую шкодную расліну, не змагла заняць назіральную пазіцыю. Косіць і выкопвае баршчэўнік Тамара Міхайлаўна і сама, бо любіць парадак і чысціню. Кожны год убірае на мясцовых могілках месца пахавання танкіста, які загінуў тут у гады Вялікай Айчыннай вайны: “Мае бацькі расказвалі, што хлопец гэта быў не мясцовы, хутчэй за ўсё яго родныя і не ведаюць, дзе ён пахаваны, таму ў знак памяці і лічу сваім доўгам прыбіраць могілу”, – гаворыць старэйшына.

Тамара Міхайлаўна і яе маці да сваёй вёскі прыраслі ўсёй душой. І калі ўлетку сюды вяртаюцца ад дзяцей пажылыя аднавяскоўцы, прыязджаюць у родныя мясціны гараджане, то зімой жанчыны застаюцца практычна адны. Але гэта Тамару Міхайлаўну, як галоўную гаспадыню, ніколькі не пужае: аўталаўка і пошта прыходзяць, дарогі чысцяцца, у доме ёсць інтэрнэт і інтэрактыўнае тэлебачанне, а калі што спатрэбіцца, то яна сама садзіцца за руль уласнага аўтамабіля. “Люблю сваю вёску і нягледзячы на розныя клопаты як нідзе адчуваю сябе тут добра. Вось што значыць родныя карані!”

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *