Борьба с борщевиком в нынешнем году будет вестись очень активно

Экология

Калі запытацца ва ўшачан, якую экалагічную праблему яны лічаць самай актуальнай, літаральна кожны, не раздумваючы, назаве распаўсюджанне баршчэўніку Сасноўскага. Агрэсіўная расліна акупіравала ўжо больш 1000 гектараў тэрыторыі раёна і, відавочна, спыняцца ў справе захопу зямель не збіраецца. А маштаб праблемы можна ўявіць па такіх лічбах: 75 працэнтаў забруджаных баршчэўнікам плошчаў краіны прыпадае на Віцебшчыну, пры гэтым палова прыдзвінскіх зараснікоў знаходзіцца ў нашым раёне.

Гэтыя факты прыводзіліся, у прыватнасці, на нядаўнім пасяджэнні райвыканкама, дзе абмяркоўвалася пытанне навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў. Зусім хутка вясна па-сапраўднаму ўступіць у свае правы і распачне чарговы цыкл росту і распаўсюджання шкоднай расліны. А значыць, возьме старт і кампанія па яе знішчэнні, якая сёлета павінна стаць як ніколі маштабнай. Сведчыць пра тое, прынамсі, вялікая сума выдзеленых на гэтую мэту бюджэтных сродкаў – 156 тысяч рублёў.

Рашэннем райвыканкама зацверджаны план мерапрыемстваў, згодна з якім вызначаны забруджаныя ўчасткі і землекарыстальнікі, што будуць адказваць за іх ачышчэнне, акрэслены тэрміны і віды работ. Зараз ідзе працэдура закупу сродкаў для хімічнай барацьбы з раслінай. Як звычайна, за гэты эфектыўны спосаб знішчэння будзе адказваць Ушацкае ПМС. Разам з тым відавочна, што магутнасцяў прадпрыемства не хопіць для работы на ўсіх запланаваных участках – тым больш што праводзіць апырскванне хімікатамі варта ў сціслыя тэрміны. Таму разглядаюцца варыянты прыцягнення да работ і іншых выканаўцаў, магчыма, з падключэннем прыватнага сектара.

Вядома ж, барацьба будзе весціся і механічнымі спосабамі – скошваннем, пераворваннем. Прычым, паўтаруся, сёлета і аб’ёмы работ, і запытанне за іх вынік будуць беспрэцэдэнтнымі, а таму застацца ўбаку ад агульнай справы не ўдасца ніводнаму землекарыстальніку. Датычыцца гэта, прынамсі, і гаспадароў прыватных сядзіб, якія ніяк не павінны быць рассаднікамі баршчэўніку – за гэта прадугледжана сур’ёзная адказнасць.

У любой справе важна мець добрую тэарэтычную падрыхтоўку. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацавала памятку па правядзенні мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага. Брашура ўтрымлівае асноўную інфармацыю пра біялагічныя асаблівасці расліны, яе ўздзеянне на арганізм чалавека і навакольнае асяроддзе, спосабы барацьбы, меры бяспекі і іншае. Памятку можна скачаць на сайтах Мінпрыроды і Ушацкага райвыканкама (у раздзеле “Актуальная інфармацыя”).

М.ШУК, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *