Тамара Павловна Золотухина — светлый человек и хороший педагог

Ветераны с нами

Па пашпарце гэтай жанчыне – 70, а на душы – усяго 17. І хоць жыццё сёлетняй юбіляркі нельга назваць бязвоблачным, нічога мяняць у ім яна не стала б. Ад кожнага дня, кожнай сустрэчы Т.П.Залатухіна навучылася браць толькі самае добрае, светлае, што сагравае сэрца, дае штуршок ісці наперад – да новых вяршыняў.

Падчас урачыстасці, прымеркаванай да дня нараджэння Тамары Паўлаўны, у зале цэнтральнай раённай бібліятэкі сабраліся яе даўнія знаёмыя, тыя, хто шчыра ўдзячны ёй за плённую працу ў сістэме адукацыі Ушаччыны, бязмежны творчы патэнцыял.

– Калі б у нашым раёне ўсе былі настолькі актыўныя, узровень мастацкай самадзейнасці знаходзіўся б наперадзе планеты ўсёй, – уручаючы жанчыне Падзяку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, зазначыў яго галоўны спецыяліст Пётр Аляксандравіч Алексяёнак. – Калі некаторым прэтэндэнтам на такую ўзнагароду трэба яшчэ пашукаць дастойныя падставы, то ў гэтым выпадку цяжка іх нават пералічыць.

– Юбілярка валодае асаблівымі дабрынёй, шчырасцю, адкрытасцю, – далучылася да размовы старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Аляксандраўна Васілеўская. – Дзеткам, якія трапілі да такога цудоўнага чалавека і спецыяліста, пашчасціла. Практычна ўсе яны выраслі дастойнымі людзьмі.

Сама ж Т.П.Залатухіна нарадзілася ў Вільнюсе ў мнагадзетнай сям’і. На Ушаччыну – у вёску Судзілавічы, на радзіму маці – пераехалі ў 1958-м, калі цяжка захварэў тата, інвалід вайны. Тут скончыла васьмігодку, потым – Вялікадолецкую школу. У суседняй Старыне сустрэла другую палавіну і дастаткова рана выйшла замуж.

Сваю працоўную дзейнасць пачынала Тамара Паўлаўна швачкай на прамкамбінаце. І хоць усё ва ўмелых руках ладзілася, душа цягнула зусім у іншую сферу. Неяк зайшла жанчына да загадчыцы ясляў-сада №1 г.п.Ушачы Надзеі Аляксандраўны Малашкевіч, пацікавілася наконт работы – і тая, убачыўшы асаблівае ззянне ў яе вачах, не змагла адмовіць. Так, не маючы спецыяльнай адукацыі, але з вялізным жаданнем працаваць, гераіня нашага аповеду стала выхавацелем. Гэтай справе яна прысвяціла 30 гадоў, скончыла завочнае аддзяленне Полацкага педвучылішча, а на заслужаны адпачынак выйшла ўжо спецыялістам вышэйшай катэгорыі.

– Ніякую заработную плату, іншыя выгоды не параўнаць з тымі пачуццямі, якія атрымліваеш, калі займаешся любімай справай, штодня бачыш шчаслівыя вочкі малых, – кажа жанчына. – На першых парах было няпроста: у яслі тады аддавалі хлопчыкаў і дзяўчынак ад аднаго года, не заўсёды была ва ўстанове нянька – усе клопаты клаліся на плечы выхавацеля. Аднак да кожнага свайго выхаванца я адносілася, як да роднага дзіцяці. Прынцыповыя бацькі крыху недалюблівалі мяне за тое, што часам ігнаравала іх “устаноў­кі”. Але інакш не магла! Напрыклад, сказалі падчас прагулкі апрануць малому куртачку, а на вуліцы спёка – паступала на свой розум. Зрэшты, пазней многія таты і мамы ўсё ж казалі мне дзякуй, а гэта дарагога каштуе.

Акрамя насычаных працоўных будняў паспявала Тамара Паўлаўна і па гаспадарцы. Трымалі з мужам дзве кароўкі, парсючкоў, іншую жыўнасць, апрацоўвалі два агароды. У вольны час бралася жанчына і за рукадзелле: вязала, вышывала, шыла адзенне – для родных і для выхаванцаў, якіх лёс абдзяліў матэрыяльнымі дабротамі. Сярод захапленняў – чытанне (цяпер аддае перавагу беларускім аўтарам, творам сучаснай літаратуры). Пасля выхаду на пенсію, калі з’явілася больш вольнага часу, стала актыўным наведвальнікам клуба творчых сустрэч “Ушачане”. А ў 2015 годзе прыйшла ў хор народнага клуба “Ветэран” – і зараз падчас правядзення на Ушаччыне розных мерапрыемстваў ахвотна выходзіць на сцэну, спявае, чытае вершы, байкі.

Усё Т.П.Залатухіна прывыкла рабіць на сумленне. І ў сям’і, і на рабоце заўсёды былі лад і парадак. З мужам яны дружна пражылі 43 гады. Добрымі людзьмі выраслі двое дзяцей, радуюць бабулю пяцёра ўнукаў.

Кажуць, у начным возеры адзін бачыць зоркі, другі – мутную ціну на дне. Гераіня нашага аповеду адназначна з ліку першых. Як прызнаецца, яна ніколі не сустракала на сваім шляху дрэнных людзей. А пастаяннае знаходжанне ў так званай зоне камфорту – з блізкімі, аднадумцамі – і ёсць для яе галоўны сакрэт шчаслівага жыцця.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *