В «Лесных озёрах» готовят немало блюд из тыквы и кабачка

Общество

Кабачок фаршыраваны мясам з рысам. Агароднінай. Смажаны. Тушаны з памідорамі. Кабачковыя аладкі… – медсястра дыетычнага харчавання санаторыя “Лясныя азёры” Валянціна Мікалаеўна Кіслова ўпэўненым тонам Тосі Кісліцынай з “Дзяўчат” пералічае блюды, якія ў здраўніцы рыхтуюць толькі з адной агародніны. “Са ста прыгатаваных порцый – дваццаць – з кабачка або гарбуза”, – дадае шэф-повар Алена Уладзіміраўна Сцёпачкіна.

Адным з блюд я любуюся. Прыгожы жоўты гарнір, пасыпаны зелянінай, ляжыць на талерцы са свіной адбіўной. Як у рэстаране, хоць і лічыцца дыетычным. І здзіўляюся, паколькі неаднойчы быўшы ў розных здраўніцах краіны, не памятаю, каб у меню можна было выбраць нешта з кабачка або гарбуза. Морква, буракі, памідоры – так, а такія вось нетрадыцыйныя гарніры…

На маё пытанне, як даўно разнастаілі харчаванне і хто быў ініцыятарам, шэф-повар адказвае: “Ды гадоў пяць ужо. Вырашылі нешта лёгкае для страўніка прыдумаць. Практычна ўсе зараз думаюць пра здаровае харчаванне, жанчыны берагуць фігуры ці мараць пахудзець, прыязджаюць і вегетарыянцы. Большасць адпачываючых, канечне, як і ва ўсе часы, любіць мяса, а вось замест бульбы, макароны ці рыса часта заказваюць гарбуз. Нашы прапановы з гэтай агародніны запатрабаваны пятай часткай адпачываючых. Ну а раніцай і на ўсе сто, паколькі на шведскі стол падаецца каша з гарбузом: манная або з проса – і не застаецца, яе бяруць і жанчыны, і мужчыны, і дзеці.

У меню не толькі гарнір з гарбуза і кабачка, а таксама не адно самастойнае блюда, напрыклад, гарбуз, запечаны з яйкам ці тушаны з курагой.

Складана з такой колькасцю нетрадыцыйных страў, – пытаюся ў повараў, якія ва ўнісон адказваюць: “Нічога складанага, пачысціў і гатуй. А вось нагрузка вялікая, бо адначасова ў дзень варым 25 страў, – адказвае Галіна Аляксандраўна Дук, якая ў сталовай санаторыя працуе з 1981 года. – Нярэдка і персанальна для аднаго-двух чалавек. Вось і сёння рагу з агародніны заказалі двое. Бывала, толькі для аднаго кліента з алергіяй “перабіралі” меню так, каб у стравы не трапіла ні малако, ні масла, ні смятана”.

На яе вачах просты асартымент, калі, напрыклад, падавалася мяса і смятана, павялічыўся ў разы. Зараз кухарамі здраўніцы асвоена 350 розных страў.

А выйшлі ж мы на гэтую вітамінную тэму зусім з другога боку. Даведаліся, што здаюць у санаторый сыравіну нашы ж ушачане. Якаснай зелянінай дзеліцца Аляксандр Сямёнавіч Сініца. А гарбузы і кабачкі ў сезон не адзін год пастаўляе Леанід Леанідавіч Цвяцінскі з Ільюшына (на здымку). Спецыяльна пад іх адводзіць на агародзе 17 сотак. Пераважна для кармлення вялікай уласнай падсобнай гаспадаркі і на дробнааптовы продаж. Сёлета, напрыклад, гэта трыста кілаграмаў гарбузоў. Галоўнае, кажа, – праполка, пагладжваючы бок выспеўшага плоду пад 50 кілаграмаў: “Гэта дробязь, на полі ўдвая большы, адзін не падыму. Прыязджайце пазней ацаніць”.

Шкада, што разнастайнае меню з гарбузовых гатуюць у санаторыі пакуль толькі сезонна. А вось дома мы можам працягнуць гэты працэс, памясціўшы агародніну ў добрае сховішча ці халадзільнік.

Рэцэпт гарбуза пад яйкам ад повараў санаторыя “Лясныя азёры”. Парэзаць кубікамі, пасаліць і крыху пратушыць у алеі на патэльні, пакласці наверх сметанковага масла, заліць узбітымі яйкамі і запячы ў духоўцы. Смачна і здарова есці.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *