Тысячи пробок для декора своей дачной усадьбы использовал Николай Федосенко. Наш конкурс «Адрасы прыгажосці на карце Ушаччыны» продолжается!

Благоустройство

Працягваецца Год малой радзімы, а “Патрыёт” тым часам прадаўжае конкурс “Адрасы прыгажосці на карце Ушаччыны”. І першы прэтэндэнт на перамогу ў сёлетнім сезоне – Мікалай Леанідавіч Фядосенка, на дачы якога ў Праніках прыцягвае ўвагу не толькі акуратнасць, ідэальны парадак, а і … пробкавая мазаіка.

Пра тое, як многія ўшачане аздабляюць свае сядзібы карцінамі з накрывак ад пластыкавых бутэлек, мы ўжо ўпаміналі на старонках газеты. Дэльфіны, коцікі, пеўнікі і многія іншыя персанажы прыкметна ажыўляюць сцены надворных пабудоў. Зацікавіла гэтая справа і М.Л.Фядосенку. Падгледзеўшы ідэю ў інтэрнэце, вырашыў зрабіць “дыван” з яркім арнаментам чатырох колераў: сіняга, зялёнага, чырвонага і белага. Прычым, гаспадар выкарыстоўваў накрыўкі не з-пад любых пластмасавых бутэлек, а выключна ад малака і кефіру – яны большыя па памеры. Тым не менш, на такі вось узор спатрэбілася не адна тысяча штук!
– Распачаў работу яшчэ летась, але не хапіла чырвоных накрывак. Падсабіраўшы за зіму, завяршыў справу літаральна днямі. Каб усё было роўна і прыгожа, прыбіваў накрыўкі па спецыяльнай схеме на фанеру, а потым ужо прымацоўваў яе да сцяны, – расказвае Мікалай Леанідавіч. – Знаёмыя жартуюць, маўляў, ведаем цяпер, хто скуплівае ўсё малако ў бутэльках у магазінах райцэнтра!
Пайшлі такія ж накрыўкі і для садовай дарожкі. М.Л.Фядосенка як вопытны інжынер усё рабіў па тэхналогіі: каб выраб служыў доўга. Спачатку вызначыўся з дэкорам і памерамі, затым зняў грунт і выкапаў траншэю глыбінёй каля 20 сантыметраў, зрабіў апалубку, ушчыльніў гравіем на 15 см, пасля чаго ў ход пайшоў цэментны раствор, у які ўдаўліваў накрыўкі. Паколькі цэмент, асабліва ў цёплае надвор’е, хутка застывае, рабіў усё паэтапна. Цяпер 9-мятровая дарожка радуе вока! Каб ажыццявіць задуманае, канечне, прыйшлося шмат папрацаваць, але, як гаворыць гэты руплівы гаспадар, вынік таго варты!
Вольга КАМАРКОВА.

Дасылайце нам свае фота арыгінальных элементаў добраўпарадкавання і ўдзельнічайце ў нашым конкурсе «Адрасы прыгажосці на карце Ушаччыны». Пераможцаў чакаюць прызы, лепшыя ж «адрасы» вызначаць нашы чытачы шляхам галасавання.




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *