Старты на голубых дорожках. Организации Ушаччины выявляли лучших на соревнованиях по плаванию

Cпорт

У мінулую суботу ў басейне фізкультурна-спартыўнага комплексу “Юнацтва-Ушачы” раздаваўся плёскат вады, радасныя воклічы ўдзельнікаў спаборніцтваў, крыкі балельшчыкаў. Хто шпарчэй за ўсіх праімчыць па водных дарожках? Гэта вызначалі каманды пяці працоўных калектываў раёна, якія складаліся з трох прадстаўнікоў.

У праграму ўваходзілі асабістыя заплывы на 50 метраў адвольным стылем і эстафета 3 па 25. У некаторых камандах знайшліся нават плыўцы-прафесіяналы – яны і сталі фаварытамі першынства. Дастойна трымаліся і тыя, хто плавае на аматарскім узроўні. Усе без выключэння былі нацэлены на перамогу. Толькі пырскі ляцелі!

“Дома і сцены дапамагаюць”, – казалі пасля пераможнага выступлення ў эстафеце прадстаўнікі сектара спорту і турызму. У тым, што гэтая каманда зловіць хвалю поспеху, сумнявацца не даводзілася: у яе склад увайшлі кандыдат у майстры спорту, трэнер Ушацкай ДЮСШ па плаванні Вікторыя Лукашэвіч, якая з паказчыкам у 34,93 секунды стала абсалютным лідарам і ў індывідуальным заплыве, а таксама мужчынскі дуэт Андрэя Лодзіса і Міхаіла Ярмоша. Апошні, дарэчы, паказаў клас і ў асабістым заліку – дыстанцыю малады чалавек пераадолеў за 37,09 секунды, заваяваўшы “срэбра”.

Лічаныя секунды саступіла спартсменам каманда райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Годна выглядаў на старце “новаспечаны” намеснік кіраўніка службы Міхаіл Арлоў, які перадаваў эстафету адным з першых. Рэкордную хуткасць прадэманстраваў Уладзіслаў Бабкін, майстар спорту па плаванні – у індывідуалцы ён пераадолеў дыстанцыю ўсяго за 28,12 секунды, стаўшы ўладальнікам “золата”. Ну а “дэфіцыт” жаночага полу ў арганізацыі запоў­нілі, запрасіўшы ў каманду прадстаўніцу тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ілону Фурманёнак, якая ў асабістым заліку з вынікам 49,85 нечакана для сябе самой вырвала ў канкурэнтак “бронзу”.

Трэцяе месца ў эстафеце прадказальна заняла каманда Ушацкай сярэдняй школы. Яе гонар абаранялі маладыя настаўнікі фізічнай культуры і спорту Павел Паршонак і Андрэй Жаваранак, а таксама заўзяты аматар плавання, кандыдат у майстры спорту па гэтым відзе Вольга Жыткая. Жанчына стала і ўладальніцай “срэбра” ў асабістым заліку (40,23).

“Наконт таго, каб прыняць удзел у гэтых спаборніцтвах, нават не сумняваліся: такой буйной арганізацыі, як наша, якая да таго ж прапагандуе здаровы лад жыцця, сорамна не выставіць каманду”, – казалі прадстаўнікі цэнтральнай раённай бальніцы. І хоць не трапілі ў агульнакамандным заліку Таццяна Сідарэнка, Ілья Аўласенка і Дзяніс Праннік у прызавую тройку, добра выглядалі на дыстанцыі і шчыра радаваліся “бронзаваму” выніку ў індывідуалцы Д.Пранніка (38,06 секунды).

Дастаткова ўпэўнена адчувалі сябе на вадзе ўшацкія газавікі. Кірыл Гусёнак, Дзмітрый Кулагін і Алена Апёнак прызналіся, што спаборнічаць было цікава і складана, бо побач плылі моцныя канкурэнты – і гэта выдатна, бо пры жаданні раён зможа сабраць і выставіць дастойную каманду на абласное першынство. Ну а раённае завяршылася ўрачыстым узнагароджаннем пераможцаў і прызёраў, якія атрымалі медалі і дыпломы ад фізкультурна-спартыўнага клуба, а таксама памятныя падарункі ад раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *