Норвежский стиль и хорошая репутация. Продукция фирмы «Алекс Нутта» востребована в зарубежных странах

Общество

Прадукцыю фірмы “Алекс Нутта” рэкламуюць не толькі два сайты, фотаздымкі, буклеты, але нават набор адкрытак. Гэта апошнія заказчыкі – прыход праваслаўнай царквы са Швецыі – зрабілі пакрокавыя здымкі ўстаноўкі храма, а ўшацкія прадпрымальнікі такім чынам пашырылі наглядны рад свайго тавару. Непасрэдна ў вытворчым цэху аграгарадка Арэхаўна зрубы “не разгледзець”. Хаця і там уражвае дрэва, ідэальна гладкае, з закругленымі вугламі і вялікае ў дыяметры. З яго зроблены невялікі офіс і падсобка для работнікаў, сталы і лаўкі, хаця гэтае слова зусім не пасуе да грунтоўнай, светлай, элітнай мэблі.

– Ці дасылаюць вашы кліенты з замежжа водгукі пра работу? – пытаюся ў заснавальніка “Алекс Нутты” Аляксандра Мікалаевіча Садоненкі.

– У іх не прынята пець дыфірамбы, за гэта грошы заплацілі, а вось той факт, што пасля пастаўкі першага зруба ў Нарвегію адтуль пайшлі заказы – і ёсць пацвярджэнне, што спадабалася. І не толькі ім, але і суседзям, знаёмым.

Фірма не вядзе ўлік колькасці заказаў (усё ў кубах і рублях), аднак не менш 30 дамоў з беларускай сасны стаяць толькі ў той паўночнай краіне. А таксама ў Даніі, Латвіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі. Усе іх вырабы нават з 2007 года – даты пачатку вытворчасці – пры жаданні можна падлічыць, бо як правіла яны вялікія па плошчы. На царкву, напрыклад, пайшло 200 кубаметраў лесу, і за год яны могуць толькі падвоіць гэты аб’ём. Храмаў раней не рабілі, зруб быў не толькі вялікі, але і з тонкай работай, калі выконвалі драўляныя каркасы купалаў.

Адпраўлялі ў Швецыю заказ у дзевяці фурах! А вось сабраць нават такія аб’ёмы складанасці не ўяўляе, паколькі ўсё падпісана, пранумаравана, вокны і дзверы не толькі выразаны, але і замацаваны. Калі б збіралі самі, то валютная выручка павялічвалася б у разы, паколькі за мяжой гэтыя работы таксама каштуюць намнога больш, чым у нас. Аднак працоўную візу атрымаць у краіны Еўрасаюза практычна немагчыма – існуе ліміт на іх, неабходны і ліцэнзіі іх узору на любы від работ. А жаданне бачыць нашых цесляроў у замежных заказчыкаў ёсць, па сто еўра ў дзень гатовы плаціць. Толькі гэты від паслуг для фірмы пакуль у марах.

А вось канкурэнцыя з кожным годам расце. Пры пакупцы такога вырабу з Беларусі (краіны не Еўрасаюза) заказчык плаціць яшчэ збор 18-20 працэнтаў ад кошту. Фірмы ж Прыбалтыкі прадаюць без яго. “Не канкурэнты мы і нашым беларускім прадпрымальнікам, якія вырабляюць зрубы на ўнутраны рынак – у нас падаткі намнога вышэй, як у фірмы, аформлены ўсе ліцэнзіі, зразумела, кошт вырабаў даражэйшы. Таму апошнім часам працаваць, шукаць заказчыкаў становіцца ўсё складаней. Аднак мала хто ў Беларусі робіць зрубы менавіта па нарвежскай тэхналогіі. Каб асвоіць яе, стажыроўку праходзілі на радзіме тытулаванага біятланіста Б’ёрндалена ў Лілехамеры, іх з Домрачавай нарвежскі дом, дарэчы, – таксама з лафету”, – расказвае А.Садоненка.

Калі да гэтага асабіста мне падабаліся зрубы з ацыліндраваных, круглых бярвён, то цяпер закахалася ў лафет. Гэта тая ж сасна вялікага дыяметру, толькі спілаваная з двух бакоў. У выніку пасля апрацоўкі атрымліваецца брус таўшчынёй у 20 сантыметраў, а шырынёй і ўсе 35, які і ўкладваецца “на папа”. Выглядае салідней з-за вялікага дыяметру, ды і сцены роўныя, з невялікімі закругленымі бакамі. Каб меней трэскаліся, робяцца спецыяльныя распілы, ды і чаша асаблівая, з-за чаго счэпка атрымліваецца трывалай, а дом, нягледзячы на невялікую таўшчыню сцен – цёплым, пры ўсадцы з гадамі наогул “цэментуецца”. Такая натуральная прыгажосць не патрабуе ніякай дадатковай апрацоўкі, хіба што ад шкоднікаў ды вільгаці.

Сыравіну “Алекс Нутта” набывае пераважна ў зімовы час у калег, што займаюцца дрэваапрацоўкай, і ўкладвае ў штабелі на прасушку. Дарэчы, менавіта натуральная сушка на ветры і сонцы лічыцца больш мяккай і таксама прымяняецца за мяжой. Далей над лафетам шчыруюць рукі вопытных майстроў.

Кошт дома з такога матэрыялу, канечне, вялікі, каля тысячы рублёў за квадратны метр. А экспартная выручка складзе сёлета не меней 150 тысяч еўра, на 111 тысяч беларускіх рублёў прадалі тавараў на ўнутраным рынку. Увогуле гэтае маленькае прадпрыемства ў экспарце тавараў займае 27,9 працэнта па раёне. Працуе ж тут усяго 10 чалавек. І штат – такі ж трывалы, як і нарвежская счэпка. Яшчэ з савецкіх часоў нагледзелі заснавальнікі А.М.Садоненка і А.В.Алексяёнак добрых цесляроў Станіслава Відзевіча, Вячаслава Мурашова, Валерыя Фоміча, Віктара Карабаня – яны ўчатырох згодна праектаў і ўкладваюць лафеты, якія папярэдне рыхтуюць таксама чатыры работнікі. Сярэдняя ж чыстая зарплата на прадпрыемстве складае больш тысячы рублёў.

Зараз пад дахам крытага памяшкання вырастае вельмі вялікі дом, можна сказаць палац, які будзе стаяць у Аўстрыі. Гаспадар перагледзеў шмат варыянтаў, але спыніўся на нашай “Алекс Нутта”, прыязджаў непасрэдна ва Ушачы з перакладчыкам, заключыў кантракт, агаварыў свае пажаданні, згодна з якімі і зрабілі праект. Дарэчы, аказваюць такія паслугі і асобна. Сціплы адрас у гэтай фірмы: вуліца Лясная аграгарадка Арэхаўна. А вядомы ў многіх замежных краінах, прычым там, дзе нарадзіўся і распаўсюджаны менавіта нарвежскі стыль. А набяры назву ў пошукавіку інтэрнэта – адкрыецца шмат старонак – за дванаццаць год “не прасела”, а зацэментавалася і іх бездакорная рэпутацыя.

Вольга Караленка.

На здымках:  С.Відзевіч, А.Садоненка;

Віктар Іваноў, Андрэй Барысёнак, Максім Федарэнка, Дзмітрый Крыжэўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *