Ушачский филиал Витебского облпотребобщества увеличил выпуск минералки «Вечелье» в пять раз!

Экономика и малый бизнес

Філіял Ушацкі Віцебскага аблспажыўтаварыства павялічыў выпуск мінеральнай вады на 500 працэнтаў!

“Сапраўды ў пяць разоў?” – удакладняю ў начальніка аддзела вытворчасці У.М.Кругліка. “Так, лічба вельмі вялікая, давайце пераправерым, – прапаноўвае Уладзімір Мікалаевіч. – Усё залежыць ад таго, з чым параўноўваць. Калі з мінулым годам, то так. Летась у лютым выпусцілі 1065 далаў мінералкі, а сёлета – 5841, ды нават у красавіку мінулага года было толькі 1,5 тысячы, а ў складзе стаяла нерэалізаваная вада літровай фасоўкі. Зараз жа колькі вырабляем, столькі і прадаём, за сакавік гэта 17 тысяч далаў: 9 тысяч мінералкі і 8 напіткаў. Гэта не азначае, што склад пусты. Запоўнены, прычым усімі відамі ў асартыменце”.

І сапраўды, ён зіхацеў упакоўкамі рознага колеру: цёмныя з квасам, зялёныя з “Тархунам”, жоўтыя з “Дзюшэсам” і “Бурацінам”, і блакітныя ад колеру этыкеткі з “Вечаллем” – усе дзесяць відаў напіткаў і мінералка рознай фасоўкі. Аднак заўтра-паслязаўтра яны раз’едуцца па ўсёй краіне, а іх месца зоймуць свежыя партыі.

У некалькі разоў павялічылі аб’ёмы на заводзе са снежня мінулага года, калі ўнутры сістэмы Белкаап­саюза былі наладжаны пастаўкі нашай мінералкі па ўсіх рэгіёнах рэспублікі. Зварухнулася ўсё пасля сустрэчы ўшацкіх кааператараў з нашым дэпутатам У.П.Андрэйчанкам. Уладзімір Паўлавіч у свой час спрыяў перапрафіляванню завода, вы­дзяленню сродкаў з фонду інавацыйнага развіцця на ўстаноўку новай лініі, а зараз пасадзейнічаў і лепшай рэалізацыі прадукцыі. З лістапада старшыня Белкаапсаюза Валерый Мікалаевіч Іваноў трымае ўшацкую мінералку на асабістым кантролі.

Да гэтага шукалі збыт самастойна і існавала заданне аблкаапсаюза на закуп прадукцыі нашага цэха райспажыўтаварыствамі вобласці. Аднак яно магло і ігнаравацца. І калі У.М.Круглік высвятляў сітуацыю на месцах, правяраў наяўнасць “Вечалля” на паліцах магазінаў суседзяў, сутыкаўся з дзівоснай логікай: “Марыля” іванаўскіх кааператараў ці вада наогул невядомых вытворцаў на бачным месцы, а нашай няма. “Дык разабралі, а гэту ніхто не бярэ, трэба ж распрадаць, таму вашу пакуль не заказваем”.

Зараз усе таварыствы вобласці забіраюць вызначаныя аб’ёмы, акрамя таго, пастаянна прыязджаюць за мінералкай і напіткамі фуры Белзнешгандлю – спецыяльнай структуры Белкаапсаюза, што займаецца пастаўкамі прадукцыі па краіне і за мяжу. У лютым забралі 2700 далаў, 1080 ушачане самі паставілі на Магілёўскую міжраённую базу. Ну а самымі заўзятымі прыхільнікамі “Вечалля” па-ранейшаму застаюцца ўшачане, у сакавіку ў магазіны раёна паступіла 4500 літраў.

І не думайце, што гэта рэклама. У гэтым зараз няма і патрэбы. Ушацкая мінералка самая танная, а сёлета вытворцы правялі некалькі акцый і да таго невысокі кошт – 94 капейкі за паўтара літра – зніжалі на 10 працэнтаў.

Аднак наперадзе летні сезон, калі попыт на напіткі ўзрастае ў разы. Ці гатовы да гэтага, пытаюся ў старшага майстра цэха Т.С.Шылёнак. Таццяна Сямёнаўна дастае свой “старажытны” сшытак, дзе запісы па месяцах з часу ўстаноўкі новай лініі – 2011 года:

– Гэта не самыя вялікія аб’ёмы. Зараз 17 тысяч далаў, а ў летні час 2018-га рабілі па 26. – Калі будзе патрэбна, наладзім работу ў дзве змены. Праблем з сыравінай няма – прэформы пастаянна ў наяўнасці, кампаненты для напіткаў таксама, ну а “Вечалле”» – прыродная вада з натуральнай мінералізацыяй – яе не трэба ні разводзіць, ні насычаць. Здабытая са свідравіны, яна праходзіць толькі механічную ачыстку, бактэрыяльную апрацоўку і бутылюецца. Са збытам таксама няма праблем. Дакладна ведаем, калі, хто і колькі будзе забіраць.

Дарэчы, завод амаль дасягнуў характарыстык, заяўленых у пашпарце лініі – тры тысячы бутэлек у гадзіну – зараз дзве. Хаця зразумела, што вытворчасць і тэорыя – справы розныя. За дзень некалькі разоў мяняецца від і ёмістасць напіткаў, што патрабуе спынення канвеера, фасуюць супрацоўнікі і павідла. Так што ў даволі прахалодным цэху насамрэч горача.

Вечалле” вельмі складаная па саставе (сульфатна-хларыдная кальцыева-натрыевая) лячэбная пітная вада і таму аказвае шматграннае ўз­дзеянне на арганізм. Пры сістэматычным прыёме зніжаецца інтэнсіўнасць акісляльных працэсаў, а значыць запавольваецца старэнне, прызначаюць яе і пры атлусценні – усё гэта ў прыватнасці з-за бору, якім можа пахваліцца рэдкая мінералка. З каўказскай “Баржомі” яе радніць наяўнасць гідракарбанатаў, а паколькі запасы гэтых вод, якія зніжаюць запаленчыя працэсы ў страўніку і кішэчніку, у краіне невялікія, то і завозяцца «Нарзан», “Есентукі” і іншыя раскручаныя брэнды. Магній дапамагае ў стрэсавай сітуацыі, прызначаюць “Вечалле” і пры хранічнай стомленасці, а з-за прыстойнай наяўнасці фтарыдаў – для лячэння запаленняў рота і зубоў, кальцыю – для ўмацавання костак. Можна працягваць называць элементы табліцы Мендзялеева – яны амаль у поўным складзе прысутнічаюць у “Вечаллі”, але лепш пачаць лячыцца. Ну а на заводзе тым часам накіравалі на даследаванні пітную ваду, мяркуюць наладзіць выпуск яшчэ аднаго віду.

Даследаванні навукоўцаў, праведзеныя ў 2018 годзе, пацвердзілі, што запасаў свідравіны з мінералкай, якая знаходзіцца на глыбіні 306 метраў, хопіць яшчэ мінімум на пяцьдзесят гадоў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *