На Ушаччине прошёл этап Кубка Беларуси по вейкбордингу

Cпорт

Возера Вечалле для вейкбардыстаў становіцца культавым месцам. А членаў сям’і гэтага відовішчнага віду спорту з гадамі толькі прыбывае. І калі хто наведаўся на водна-аднаўленчы цэнтр ва Ушачах, абавязкова імкнецца сюды зноў. Таму і геаграфія ўдзельнікаў традыцыйна шырокая – Наваполацк і Гродна, Гомель і Мінск, не абыходзілася апошнім часам і без замежных гасцей, але з-за пандэміі яны скласці канкурэнцыю айчынным райдарам не змаглі. Сёлетні ж першы этап чэмпіянату Беларусі па вейкбордзінгу, які праходзіў на Вечаллі ў мінулую суботу супаў са знакавай датай – 35-годдзем развіцця на Ушаччыне вадналыжнага спорту і вейкбордзінгу.

Наогул, прыгаданая гісторыя пачынае свой адлік яшчэ з далёкіх 1960-ых гадоў, калі на возеры Вечалле з’явілася першая лодачная станцыя, якая з’яднала групу энтузіястаў водных лыж, сярод якіх быў і Барыс Іванавіч Акулёнак. Тады, праўда, па розных прычынах секцыя праіснавала нядоўга, а сапраўднае адраджэнне гэты від спорту атрымаў ў 1985 годзе, калі ініцыятыву Б.І.Акулёнка па аганізацыі вадналыжнай базы падтрымаў дырэктар саўгаса-камбіната “Арэхаўна” А.С.Рубіс і прафесіянал вадналыжнага трэнерскага рамяства Ігар Віктаравіч Лешчанка, пад началам якога была выхавана плеяда выдатных спартсменаў, пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў Еўропы, Савецкага Саюза і Рэспублікі Беларусь. Раённы савет добраахвотнага фізкультурна-спартыўнага таварыства фінансаваў праводзімыя спаборніцтвы, саўгас-камбінат “Арэхаўна” забяспечваў неабходным абсталяваннем і тэхнікай. У тыя часы Ушачы былі адным з прызнаных цэнтраў водных лыж. Майстрамі спорту СССР сталі Марына Гладышава, Аляксей Малак, Аляксандр Ігнатовіч, Мікалай Несцярэнка, Сяргей Чабоха, а член зборнай Беларусі, удзельніца і прызёр Кубка свету Зінаіда Дапёрка атрымала званне майстра спорту міжнароднага класа.

На пачатку цяжкіх дзевяностых мінулага стагоддзя база фактычна спыніла сваё існаванне. Але ў 1995 годзе ўжо прадпрымальнікі Б.І.Акулёнак і Уладзімір Васільевіч Шарыпа вырашылі стварыць на Вечаллі электрычную канатную дарогу і водна-аднаўленчы цэнтр пры ёй. Будаўніцтва распачалося, вось толькі з-за эканамічных праблем ажыццявіць задуманыя планы не ўдалося.

Справу працягнула маладзейшае пакаленне энтузіястаў у асобах І.В.Лешчанкі і аднаго з першых выхаванцаў вадналыжнай секцыі Сяргея Васільевіча Фаміна. Менавіта іх намаганні ляглі ў аснову стварэння вейкборднага клуба “W.R.Center”. 29 верасня 2012 года пасля доўгага перапынку ва Ушачах прайшлі першыя спаборніцтвы па вейкбордзінгу за катэрам. Адбылося гэта літаральна напярэдадні заўчаснай смерці І.В.Лешчанкі…

А першыя спаборніцтвы на канатнай дарожцы, якія адразу атрымалі статус этапу Кубка Рэспублікі Беларусь, былі праведзены 6 ліпеня 2013 года і прыцягваюцца зараз. Трэба адзначыць, што менавіта на водна-аднаўленчым цэнтры С.Фаміна па традыцыі восенню праводзіцца і “OktoberWake” – восеньскае неафіцыйнае закрыццё вейк-сезона ў нашай краіне.

Пра ўсё гэта можна было даведацца на цырымоніях адкрыцця і закрыцця спаборніцтваў, якія сабралі каля 40 удзельнікаў у розных катэгорыях. Арганізатары ўшацкіх этапаў заўсёды стараюцца прыўнесці нешта новае ў арганізацыю стартаў. Сёлета, напрыклад, на цырмоніі адкрыцця старшыня Федэрацыі вадналыжнага спорту і вейкбордзінгу Беларусі Алег Барысавіч Надзін уручыў пасведчанні і значкі майстроў спорту Паўлу Узкаму і Эдуарду Садоўнікаву – вядомым айчынным вейкбардзістам і заўсёднікам этапаў на Вечаллі. Апошні, напрыклад, займаецца яшчэ і шэрагам іншых экстрэмальных відаў спорту – з’яўляецца інструктарам па горных і водных лыжах, сноўбордзе і вейк-сёрфінгу, неаднаразовым прызёрам спаборніцтваў у Беларусі, Расіі, Украіне і нават Тайландзе! І такіх “топавых” спартсменаў на Вечаллі кожны год збіраецца не адзін дзясятак. А С.Фамін на цырымоніі закрыцця ўручыў памятныя медалі У.В.Шарыпе і Сяргею Хамічонку, поплеч з якім пачынаў займацца вадналыжным спортам. Разам яны ўспомнілі многіх спартсменаў таго часу, якія выступалі на спаборніцтвах нават за межамі краіны і прыносілі славу малой радзіме.

Высокі ўзровень паказваюць і новыя пакаленні землякоў-райдараў. Апранутыя ў аранжавыя камізэлькі спартсмены, якія прадстаўлялі Ушачы, былі ў мінулую суботу не толькі самымі яркімі, а і аднымі з мацнейшых. Камандныя спаборніцтвы не праводзіліся, і ўдзельнікі змагаліся за першынства ў індывідуальных катэгорыях. Крыху не пашанцавала Ільі Бабаедаву, які ўжо станавіўся прызёрам ушацкіх этапаў, а сёлета спыніўся ў кроку ад п’едэсталу. Чацвёртае месца заняў і самы юны прадстаўнік каманды водна-аднаўленчага цэнтра Антон Шараеў. Між тым, здолелі нашы землякі ў кампаніі вопытных сапернікаў заваяваць і па медалі рознай вартасці – Аляксандра Бяльковіч стала трэцяй у спаборніцтвах прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва, у класе юніёраў “срэбра” заваяваў Антон Латышаў, а Дзмітрый Шаўчэнка ў сваёй катэгорыі атрымаў перамогу!

Як заўсёды на водна-аднаўленчым цэнтры панавала сяброўская, “драйвавая” атмасфера. А няўдачы і падзенні спартсменаў пры выкананні складаных фігур гледачы сустракалі апладысментамі не менш гарачымі, чым удалыя элементы праграм. Ушачане, якіх нягледзячы на спякотнае надвор’е сабралася нямала, зноў шумна падтрымлівалі Германа Белякова. Знакаміты і заслужаны навапалачанін з’яўляецца пастаянным госцем мерапрыемстваў на Вечаллі, куды прыязджае з сям’ёй, выступае ў якасці ўдзельніка, суддзі і вядучага. Прыкрае падзенне перашкодзіла яму заняць высокае месца ў спаборніцтвах прафесіяналаў, але спартсмен сабраўся і рэабілітаваўся ў конкурсе выканання складаных фігур, дзе без варыянтаў стаў лепшым.

Усе пераможцы, прызёры адзначаны Федэрацыяй вейкбордзінга і вадналыжнага спорту, спонсарамі медалямі і падарункамі. Конкурсы і іншыя забавы для гледачоў, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі, водар шашлыкоў і лепшая музыка ад дзі-джэяў – нязменныя атрыбуты спаборніцтваў на водна-аднаўленчым цэнтры Сяргея Фаміна, якія пераўтвараюцца у сапраўднае спартыўна-культурнае свята.

Дзмітрый Раманоўскі.



1 комментарий по теме “На Ушаччине прошёл этап Кубка Беларуси по вейкбордингу

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *