Массово, интересно, полезно! В Ушачах стартовал Единый день безопасности

Профилактика и безопасность

У панядзелак у фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы” было надзвычай ажыўлена. Нагодай сталі не спартыўныя баталіі, а свята, якое ладзілася ў рамках акцыі “Адзіны дзень бяспекі”, якая праходзіць зараз па ўсёй краіне. Суб’екты прафілактыкі раёна падрыхтаваліся да мерапрыемства грунтоўна – удзельнікам давялося выратоўваць чалавека, аказваць медыцынскую дапамогу, тушыць пажар і нават стаць сведкай узрыву бытавога газу. Канечне, усё гэта было ўмоўным, але ніхто не вяртаўся дадому без карысных ведаў і станоўчых эмоцый.

У фае комплексу свае тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі разгарнулі шматлікія арганізацыі, якія маюць дачыненне да бяспекі людзей. Прыняць удзел у мерапрыемстве маглі ўсе ўшачане, але асноўнай аўдыторыяй сталі навучэнцы Ушацкай школы. Як слушна заўважыла падчас адкрыцця свята намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, самае дарагое – гэта чалавечае жыццё, а таму вельмі важна быць “падкаваным” у пытаннях бяспекі. У сваю чаргу начальнік Ушацкага РАНС І.В.Кошкін дадаў, што на адкрыццё акцыі было запрошана менавіта маладое пакаленне, паколькі дзеці – гэта наша будучыня і падобнымі прафілактычнымі мерапрыемствамі закладваецца падмурак бяспекі.

Ні ў якім разе не збірайце ртуць пыласосам, а масла на патэльні не тушыце вадой! Калі загарэўся электрапрыбор, найперш адключыце яго з сеткі і накрыйце шчыльнай тканінай, напрыклад, коўдрай. Падчас навальніцы не варта карыстацца мабільнікам, а вось адпраўляючыся ў лес, не забудзьце ўзяць яго з сабой. Гэтыя і многія іншыя правілы, а таксама нумары выратавальнай службы – 101, 112 – не стамляліся нагадваць супрацоўнікі МНС. З задавальненнем дзеці ўдзельнічалі ў тэматычных конкурсах, вучыліся карыстацца вогнетушыцелем і дзейнічаць пры пажары. За што атрымлівалі прэзенты – памяткі, размалёўкі, закладкі, кніжкі.

Нямала фота за гадзіну было зроблена каля пляцоўкі райаддзела ўнутраных спраў, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі ахвотна прымяралі каскі і бронежылеты, трымалі рацыю. Самым жа запатрабаваным “атрыбутам” стаў жэзл супрацоўнікаў ДАІ. Жадаючыя ўявіць сябе ў ролі дзяржаўтаінспектара паралельна атрымлівалі і порцыю ведаў, як правільна весці сябе на дарозе.

Было што не толькі паказаць, а і расказаць работнікам газавай службы. Яны нават прыхапілі з сабой… сапраўдны газ. Праўда, зусім у невялікай колькасці, каб прадэманстраваць, як працуюць спецыяльныя прыборы па яго выяўленні. Нагадалі газавікі, што ў дамах варта ўстанавіць апавяшчальнік угарнага газу, каб пазбегнуць атручвання і смяротнай пагрозы. Прыхапілі з сабой і, напрыклад, планшэт, на якім як на далоні бачны ўсе газавыя сеткі Ушаччыны, а таксама змяшчаецца інфармацыя пра кожнага абанента.

Вельмі ажыўлена было каля прадстаўнікоў райбальніцы. Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікаў спецыяльны манекен, на якім можна было адпрацаваць навыкі па аказанні першай медыцынскай дапамогі – штучнага дыхання, прамога масажу сэрца. Аб’ект трэніроўкі ўдзельнікі назвалі Гошам і літаральна выстройваліся ў чаргу, каб яго выратаваць. Аб правільных ці няправільных дзеяннях падказвалі не толькі медыкі, а і чырвоныя і зялёныя лямпачкі. У дзяўчат выклікаў цікавасць і майстар-клас па перавязванні ран, усе жадаючыя маглі прама на свяце змерыць тэмпературу, ціск, пракансультавацца з урачамі. Зрэшты, пра здароўе вялі гаворку і спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія расказвалі, што шкодныя звычкі негатыўна ўплываюць на арганізм чалавека, а таксама раілі менш праводзіць час за камп’ютарамі і гаджэтамі, больш бываць на свежым паветры і займацца спортам. Суправаджалася ж свята канцэртам, які падрыхтавалі работнікі культуры.

Не менш эмацыянальна і насычана прайшла і другая частка мерапрыемства – службы прадэманстравалі магчымасці сваёй тэхнікі і абсталявання. Выратавальнікі паказвалі, як дапамагаюць тым, хто праваліўся пад лёд, газавікі – як спраўляюцца з уцечкай газу. Не было адбою ад жадаючых пасядзець за рулём машыны ДАІ, уключыўшы мігалкі, і нават уявіць сябе пацярпелым у новым аўтамабілі “хуткай дапамогі”.

У рамках “Адзінага дня беспекі” да 1 сакавіка пройдзе яшчэ шмат разнапланавых прафілактычных мерапрыемстваў па ўсім раёне.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *