Талант в работе с людьми

Экономика и малый бизнес

Сапраўды, талент патрэбен у любой рабоце, у тым ліку і калі маеш справу з адміністратарскай дзейнасцю, з людзьмі. Дык вось у Валянціны Мікалаеўны ён ёсць.
Усё пачалося з таго, што дзяўчынай яна трапіла па размеркаванні Віцебскага педінстытута ў Судзілавіцкую школу, але папрацавала настаўніцай усяго адзін год. Пасля была работа ў райкаме камсамола сакратаром, загадчыцай аддзела школьнай моладзі і піянераў. Гэта былі 1980-1985 гады. Пастаянная шчырая ўсмешка на твары, уважлівасць да любога суразмоўцы, аптымізм, сур’ёзнасць у падыходзе да справы – усё гэта характарызавала перспектыўнага камсамольскага лідара.
У пэўны перыяд работы Валянціны Мікалаеўны, якраз калі яна “вырасла” з камсамольскай практыкі, ёй прапанавалі працу ў райвыканкаме. Стала інструктарам, потым загадчыцай арганізацыйна-інструктарскага аддзела. Спасцігаць новае ў такой сур’ёзнай, але цікавай рабоце дапамагаў той жа нязменны запал, душэўныя адносіны да людзей, здольнасць як след выконваць даручанае. У райвыканкаме В.М.Сляцкая адпрацавала амаль дзесяць гадоў.
Потым Валянціне Мікалаеўне прапанавалі работу галоўнага спецыяліста апарата раённага Савета дэпутатаў. Было гэта 16 гадоў назад.
Поле яе абавязкаў вельмі шырокае. Гэта каардынацыя дзейнасці дэпутацкага корпуса, работа з насельніцтвам, вырашэнне пытанняў мясцовага самакіравання праз селькамы, старэйшын. Валянціне Мікалаеўне на пачатку яе работы ў райсавеце вельмі дапамагала тое, што яна мела дзелавыя кантакты з сельскімі Саветамі, дэпутатамі, яшчэ працуючы ў райвыканкаме. Пры гэтым В.М.Сляцкая з цеплынёй расказвае пра былога старшыню райвыканкама Б.І.Карабкова, які па-бацькоўску накіроўваў маладых спецыялістаў, усяляк дапамагаў ім.
Сёння Валянціна Мікалаеўна здольная самастойна вырашаць важныя пытанні. Расказвае, што разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч даводзіцца займацца тым, каб прадстаўнікі мясцовай улады былі бліжэй да людзей, маглі аператыўна аказаць канкрэтную дапамогу маючым у гэтым патрэбу. Незвычайна актуальным з’яўляецца развіццё асабістых падсобных гаспадарак на вёсцы, работа з нядобранадзейнымі сем’ямі, нямала іншых задач вырашаецца па-дзелавому.
І ўсё Валянціне Мікалаеўне звыкла, клопат аб грамадскім стаў нормай яе жыцця. А ёсць жа яшчэ сям’я, якая ўтварылася менавіта на Ушаччыне, тут разам з мужам жанчына выхавала дваіх дзяцей. Родны Чашніцкі раён застаўся бадай толькі ва ўспамінах.
На днях у В.М.Сляцкай быў юбілей. Ва ўрачыстай абстаноўцы яе павіншавалі калегі па працы, а таксама старшыня абкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў У.У.Мядзелец, бо акрамя сваіх асноўных абавязкаў Валянціна Мікалаеўна на працягу шэрагу гадоў узначальвае такую ж раённую арганізацыю.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: В.М.Сляцкая.
Фота В.Полазавай. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *