Рейд во время уборочной кампании, или о том, что осторожность лишней не бывает

Cлужба-101

Стартавала ўборачная кампанія, выйшлі ў поле камбайны, запрацавалі зернесушыльныя комплексы. Аднак усё вырашчанае за год можна страціць у адзін момант. Каб не быць галаслоўным, прывядзём свежы факт – на гэтым тыдні ў КУСГП “Вялікадолецкае” адбылося ўзгаранне на зернесушылцы ў Вялікіх Дольцах. Толькі дзякуючы ўмелым дзеянням дзяжурнай змены і выкананню ўсіх супрацьпажарных патрабаванняў пажар удалося адразу патушыць і гаспадарка не панесла страт.
Перад пачаткам жніва работнікі гаспадарак былі праінструктаваны па тэхніцы пажарнай бяспекі. У прынцыпе, гэтыя правілы добра вядомы, аднак ці выконваюцца яны належным чынам у гаспадарках раёна? Гэта мы і высвятлялі падчас чарговага рэйду па некаторых сельгаспрадпрыемствах разам з начальнікам інспекцыі дзяржпажнагляду С.Я.Аваднёвым. У першую чаргу ў тым жа “Вялікадолецкім”, дзе напярэдадні і адбылося ўзгаранне на зернесушылцы. Як і было сказана вышэй, патрабаванні тут выконваюцца і работнікі ў час здарэння не разгубіліся. Дарэчы, нагадаем, што на зернесушыльных комплексах павінен быць укамплектаваны пажарны шчыт, у прыватнасці: два вогнетушыцелі, дзве рыдлёўкі, багор, лом, два вядры, кашма, скрыня з пяском і ёмістасць, напоўненая вадой. І ўсё названае павінна быць гатова яшчэ да пачатку жніва.
У “Кублічах” зернесушылка на момант праверкі яшчэ не была запушчана, але, па словах работнікаў, поўнасцю гатова, аднак вогнетушыцель быў адзін і той пратэрмінаваны (тэрмін службы вогнетушыцеля 5 гадоў), не было вёдраў – і не зразумела, як бы ў выпадку пажару прыйшлося даставаць ваду з устаноўленай побач ёмістасці.
У “Агра-Селішча” на зернесушыльным комплексе наогул няма ніводнага вогнетушыцеля, нават пратэрмінаванага.
У “Дземенцы” выкананы ўсе патрабаванні, за выключэннем толькі таго, што ёмістасць не была поўнасцю запоўнена вадой. У цэлым жа ўсё падрыхтавана належным чынам. 
Што да зернеўборачнай тэхнікі, то 71 працэнт камбайнаў раёна новыя, атрыманыя на працягу апошніх трох гадоў. Усе яны ўкамплектаваны вогнетушыцелямі і неабходнымі сродкамі пажаратушэння. Паколькі парк тэхнікі абноўлены, то і вельмі рэдкімі з’яўляюцца выпадкі ўзгарання, тым не менш у мінулым годзе ў рэспубліцы такія прыклады былі. У месцах збору ўраджаю павінны знаходзіцца і пажарныя машыны, але зразумела, што на кожным полі іх паставіць немагчыма. Таму ў некаторых гаспадарках для пажаратушэння выкарыстоўваюць іншыя прыстасаваныя сродкі.
Пытанні бяспекі не церпяць адкладу. Практыка паказвае, што пільнасць лішняй не бывае.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *