«Твестуба»расширяет рынки сбыта и всё больше завоёвывает доверие гигантов белорусской индустрии

Импортозамещение

Прадпрыемства “Твестуба” ўжо добра ведаюць ва ўсёй Беларусі. Выпускаемыя тубы (гільзы) рознага ўнутранага дыяметра, таўшчыні і даўжыні сценак, на якія намотваецца ўсё што хочаш: поліэтылен, факсавая папера, скотч, шпагат, шкловалакно, дывановыя вырабы і многае-многае іншае, здаецца, не так карысны для нас з вамі, як яны патрэбны прадпрыемствам, што выпускаюць разнастайную прадукцыю! Сёння кліентамі “Твестубы” і спажыўцамі яе прадукцыі з’яўляюцца такія гіганты нашай індустрыі, як “Полацк-Шкловалакно”, “Хімвалакно”, “Палімір”, “Гроднаазот”, “Віцебскія дываны”, а таксама шмат невялікіх прыватных прадпрыемстваў краіны. Напрыклад, Шклоўская папяровая фабрыка з вялікім задавальненнем карыстаецца паслугамі ўшачан, бо яе спецыяльнае абсталяванне не церпіць нават мінімальных хібаў у якасці матэрыялаў. Такі факт толькі пацвярджае высокую якасць менавіта нашых тубаў. Пастаянна з’яўляюцца новыя заказчыкі, паколькі намнога выгадней купляць прадукцыю беларускага вытворцы, чым набываць яе за межамі за валюту. Такім чынам, ушацкае прадпрыемства ўсё больш трывала ўмацоўвае пазіцыі сваёй імпартазамяшчальнай вытворчасці.
Мы не раз на старонках газеты ўспаміналі пра названае прадпрыемства. Вось ужо непрыкметна праляцела больш трох гадоў, як у нікому не патрэбным будынку з’явіўся гаспадар, як закруціліся там імпартныя станкі, з’явіліся новыя працоўныя месцы. Некаторыя спачатку скептычна аднесліся да новай вытворчасці, аднак іх сумненні наконт запатрабаванасці “Твестубы” хутка развеяліся. Удалы старт перарос у паспяховае плаванне. Сёння прадпрыемства пастаянна развіваецца. У трохпавярхоўцы, што знаходзіцца побач, зроблены рамонт і адпаведна пашыраны вытворчыя плошчы, не гаворачы ўжо пра пашырэнне рынкаў збыту. Сур’ёзным крокам у развіцці і важнай падзеяй у гэтым годзе стаў запуск новай сучаснай лініі, якая прыбыла ва Ушачы з Кітая. Спачатку планавалася яе і размясціць у адрамантаваным трохпавярховым будынку, аднак сваімі памерамі “ўпісалася” яна толькі ў асноўны цэх. У трохпавярхоўцы ж поўным ходам ідзе выпуск так званага паўфабрыкату з клею і паперы .
Самі ўстанавілі лінію, а кітайскія спецыялісты спецыяльна прыбылі ва Ушачы на пяць дзён, каб адрэгуляваць і зрабіць неабходныя настройкі абсталявання, абучыць работнікаў. І вось у сярэдзіне сакавіка з канвеера новай лініі сышла першая прадукцыя. Чым жа адрозніваецца новае абсталяванне ад станкоў, якія даўно працуюць на прадпрыемстве? Гэтае пытанне не магло не зацікавіць. Новы імпартны станок можа выканаць адразу некалькі функцый – тарцуе тубу, шліфуе, калі трэба – завальцоўвае, для некаторых відаў робіць прасечку. Раней усё гэта таксама рабілі, аднак на кожным станку паасобку, новая ж лінія камбінаваная, а значыць і больш прадукцыйная.
– Яна арыентавана менавіта на вытворцаў хімічнай прамысловасці, у першую чаргу на аднаго з самых буйных нашых заказчыкаў – ААТ “Гроднаазот”, з якім у нас заключаны дагавор на вялікія партыі пастаўкі прадукцыі. Менавіта наша прадпрыемства выйграла тэндэр па двух відах тубаў. У хуткім часе пройдзе тэндэр па яшчэ двух відах, я ўпэўнены, што мы таксама яго выйграем, – гаворыць намеснік дырэктара па вытворчасці Мікалай Данілавіч Апёнак.
Калі раней усе настройкі неабходна было рабіць уручную, то зараз яны аўтаматычныя. Разумная машына адразу апавясціць і аб пэўным збоі. Новая лінія ўжо прайшла абкатку, дарэчы, колькасць рабочых месцаў з яе запускам не павялічылася, для работы на ёй патрабуецца ўсяго толькі чатыры чалавекі. Паколькі аб’ёмы заказаў вялікія, то і работа арганізавана ў дзве змены.
Абышлася навінка вытворцам тубаў прыкладна ў 40 тысяч долараў, аднак вельмі хутка яна сябе акупіць, з моманту запуску не прайшло і месяца, а на новай лініі ўжо выраблена прадукцыі на суму каля 300 мільёнаў рублёў.
Усё больш “Твестуба” працуе і над асартыментам. Выпускаюць тут і прадукцыю для харчовай прамысловасці – прыгожую тару самых розных дыяметраў – упакоўкі-банкі пад спіртное, чаі, запалкі і многае іншае. Інтарэс як у айчынных, так і замежных патэнцыяльных спажыўцоў ужо выклікала адна з апошніх навінак – спецыяльныя бочкі-корабы розных ёмістасцей пад павідла ці іншыя падобныя прадукты. Галоўнае адрозненне тубаў і ўпаковак ад “Твестубы” ў лёгкасці іх утылізацыі, чаго не скажаш аб выкарыстоўваемых стальных ці поліэтыленавых.
Якія яшчэ планы ў заснавальнікаў прадпрыемства і вытворцаў тубаў? О, іх вельмі шмат! – упэўнена гаворыць Мікалай Данілавіч. І ўжо ніякіх сумненняў не застаецца, што “Твестуба” будзе далей жыць і так жа паспяхова развівацца.
В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *