За оскорбление могут привлечь к ответственности

Правовая консультация

Не сакрэт, што супрацоўнікам органаў унутраных спраў і іншым асобам, якія знаходзяцца пры выкананні службовых абавязкаў (работнікам пракуратуры, інспектарам, кантралёрам у транспарце і інш.), часам даводзіцца сутыкацца з негатыўнай рэакцыяй на іх законныя дзеянні, што звычайна выклікана суб’ектыўнай ацэнкай грамадзянамі пэўных падзей, няведаннем законаў ці проста непрыязнасцю да людзей у форме. Магчыма тыя, хто праяўляюць падобныя эмоцыі, не ўсведамляюць, што заканадаўствам прадугледжана адказнасць за непадпарадкаванне законным патрабаванням названых асоб, абразу пры выкананні імі службовых паўнамоцтваў. Коштам такіх дзеянняў можа стаць штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. А вось за публічную абразу, аказанне супраціўлення пры выкананні службовых абавязкаў, насілле ці яго пагрозу ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іншых службовых асоб грамадзянін можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці (у асобных выпадках — да 6 гадоў пазбаўлення волі).
Развіццё інфармацыйных тэхналогій дазваляе любому карыстальніку глабальных камп’ютарных сетак выносіць на ўсеагульны агляд розныя звесткі аб дзеяннях работнікаў міліцыі і іншых службовых асоб. Асаблівым «попытам» карыстаюцца дапушчаныя памылкі ці натуральныя правакацыі, якія потым актыўна смакуюцца наведвальнікамі сайтаў. Пры гэтым карыстальнікі лічаць, што іх дзеянні абсалютна нявінныя і бяспечныя. Але ж і «віртуальных» крыўдзіцеляў можна прыцягнуць да адказнасці — і такія прэцэдэнты ёсць. У снежні мінулага года на адным з сайтаў быў размешчаны відэаролік, у якім мелася публічная абраза супрацоўніка Наваполацкага ГАУС. Праверкай было ўстаноўлена, што гэты работнік міліцыі прыбыў па выкліку суседзяў у кватэру, дзе адбывалася шумнае застолле, і паспрабаваў патлумачыць прысутным, што нельга ноччу парушаць спакой жыхароў дома. Госць гаспадара выказаўся ў адрас супрацоўніка нецэнзурнай лаянкай, гэты момант быў зняты на камеру тэлефона, а пазней выкладзены ў інтэрнэце. Па выніках праведзенай праверкі дзеянні абражальніка былі кваліфікаваны як адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 23.5 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. Трэба заўважыць, што размяшчэнне відэароліка ў сетцы інтэрнэт дае магчымасць яго прагляду шматлікімі карыстальнікамі, і такія дзеянні можна кваліфікаваць як публічную абразу, а гэта ўжо злачынства, прадугледжанае артыкулам 369 Крымінальнага кодэкса. Але ў дадзеным выпадку суд у якасці змягчаючай акалічнасці ўлічыў прызнанне жыхаром Наваполацка сваёй віны і вынес яму пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 2 мільёнаў рублёў. Думаецца, апісанае здарэнне можа паслужыць урокам тым, хто дазваляе сабе ў рознай, у тым ліку віртуальнай форме, зневажаць работнікаў праваахоўных органаў.
Н.АВАДНЁВА, памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *