Что год учебный нам готовит? Актуальное интервью с начальником отдела образования, спорта и туризма Ушачского райисполкома И.Ф.Сыровченко

Ваш вопрос - наш ответ

Падчас «прамой лініі», якую праводзіла на гэтым тыдні начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.Ф.СЫРОЎЧАНКА, тэлефанаванняў ад нашых чытачоў не было. І гэта толькі пацвярджае той факт, што ўсе пытанні дзейнасці названай арганізацыйнай структуры вырашаюцца ў рабочым парадку. Аднак чарговы навучальны год мае некаторыя асаблівасці, пра іх мы і папрасілі расказаць Іну Фёдараўну.

– З 1 верасня 2013/2014 навучальнага года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі павялічыцца колькасць заняткаў фізічнай культурай і спортам з дзвюх да трох гадзін у тыдзень. Трэцяя гадзіна – «Гадзіна здароўя і спорту» – у абавязковым парадку ўносіцца ў расклад вучэбных прадметаў, па сваім змесце стане працягам урокаў фізічнай культуры і будзе ацэньвацца.
– Установы агульнай сярэдняй адукацыі раёна сёлета зноў вернуцца да профільнага навучання. Ці сфарміраваны класы?
– З-за невялікай колькасці дзяцей і розных напрамкаў выбраных імі профіляў сфарміраваны не класы, а групы для вучняў 10 класаў. Сёлета профільныя філалагічныя групы (руская і беларуская мовы) з’явяцца на базе Арэхаўскай і Ільюшынскай школ. Таксама філалагічная, аднак з павышаным вывучэннем беларускай і нямецкай моў, будзе арганізавана ў Вяркудскай. А ва Ушацкай профільных груп сёлета будзе тры: фізіка-матэматычная, хіміка-біялагічная і філалагічная (руская і беларуская мовы). Колькасць гадзін для вывучэння прадметаў у адпаведнасці з выбраным напрамкам у профільных групах будзе павялічана. Асноўным «бонусам» такога навучання для старшакласнікаў з’яўляецца мэтанакіраваная, грунтоўная падрыхтоўка да экзаменаў па пэўных прадметах, далейшага паступлення ў абраную навучальную ўстанову.
– Асаблівасцю мінулага навучальнага года стала тое, што выпускнікам 11 класаў упершыню неабходна было здаваць абавязковы экзамен па замежнай мове. Як справіліся з гэтым выпрабаваннем школьнікі Ушацкага раёна?
– Вядома ж, у любой справе быць «першапраходцам» – вельмі адказна і хвалююча. Тым больш выпускнікам, для якіх кожны бал у атэстаце можа стаць вырашальным. Прыемна адзначыць, што нашы вучні ўдала справіліся з заданнямі як па нямецкай, так і па англійскай мовах, у большасці выпадкаў пацвердзілі свае гадавыя адзнакі ці нават павысілі іх. Безумоўна, без грунтоўнай падрыхтоўкі такіх поспехаў дасягнуць не ўдалося б. А таму хачу нагадаць школьнікам аб магчымасці наведання факультатыўных заняткаў па прадмеце.
– Вучні закрытай сёлета Мосарскай школы пераводзяцца ў Арэхаўскую. Якім чынам школьнікі будуць дабірацца да новага месца вучобы?
– Працэс аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, сапраўды, непарыўна звязаны з забеспячэннем падвозу вучняў. Аднак з гэтым праблем узнікнуць не павінна: у самыя бліжэйшыя дні спецыяльна для дастаўкі былых мосарскіх вучняў у Арэхаўна будзе закуплены новы школьны аўтобус. Неабходныя для гэтага грашовыя сродкі (450 мільёнаў рублёў) ужо выдзелены, праведзены тэндар.
– Адзіная школьная форма ў школах не ўводзіцца?
– Мы не прымушаем школьнікаў насіць адзенне аднолькавага ўзору, аднак статутамі школ прадугледжаны пэўныя патрабаванні да знешняга выгляду вучняў. Так, абавязковымі з’яўляюцца дзелавы стыль адзення, зменны абутак, спартыўная форма для заняткаў фізічнай культурай.
– Штогод напрыканцы жніўня падводзяцца вынікі раённага агляду-конкурсу па падрыхтоўцы навучальных устаноў да новага вучэбнага года. Дзе сёлета быў выкананы найбольшы аб’ём работ па добраўпарадкаванні?
– За лета значна папрыгажэлі ўсе навучальныя ўстановы Ушаччыны. Прыемна, што зараз іх будынкі, пралеглыя тэрыторыі – сапраўдны ўзор добраўпарадкавання ў сваіх населеных пунктах. Пераможцамі ж конкурсу сярод школ раёна сёлета сталі Вялікадолецкая, Арэхаўская і Ільюшынская, а сярод дашкольных устаноў – яслі-сад №2, яслі-сад №1 г.п. Ушачы і Арэхаўскі яслі-сад. Усе яны атрымаюць памятныя падарункі і дыпломы.
– У гэтым годзе 1 верасня выпадае на нядзелю. Хацелася б даведацца, ці будуць з гэтай нагоды пераносіцца ўрачыстыя лінейкі?
– Так, ва ўсіх школах раёна святочныя лінейкі адбудуцца ў суботу, 31 жніўня. Школьнікі і іх бацькі будуць загадзя праінфармаваны аб часе іх правядзення. Ва Ушацкай сярэдняй школе лінейка пачнецца ў 10 гадзін. Пасля ўрачыстасцей вучні разыдуцца па дамах, а заняткі для іх пачнуцца толькі з панядзелка.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Что год учебный нам готовит? Актуальное интервью с начальником отдела образования, спорта и туризма Ушачского райисполкома И.Ф.Сыровченко

  1. Нет, чтобы детям и их родителям дать еще два дня для работы на даче — самое время уборки урожая. Думать о людях мы когда-нибудь научимся?!!! Зав.РОНО новый, а отношение к людям — старое. Меняйтесь, граждане начальники, и люди к вам потянутся.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *