Тракторист-машинист КУСХП «Великодолецкое» Сергей Аркадьевич Филимонов удостоен звания «Человек года Витебщины-2013»

Ими гордятся

Цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2013 “. Як заўсёды запоўнена канцэртная зала цэнтра культуры “Віцебск”. Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Косінец акцэнт сваёй лаканічнай прамовы, канечне, зрабіў на дасягненнях Віцебшчыны. Як развіваецца край, бачна ўсюды – ад гарадоў да вёсак: ствараюцца новыя прадпрыемствы, вырастаюць дамы, палацы, школы, жывёлагадоўчыя комплексы, прыгажэюць нашы населеныя пункты. Бачны рост і па лічбах. Ён у тым, што больш за ўсё інвестыцый было прыцягнута ў вобласць менавіта за мінулы год, што ў нас найменшая доля складскіх запасаў, чым у іншых абласцях краіны. Што суадносіны крэдыторскай запазычанасці ўсіх арганізацый вобласці ў параўнанні з выручкай на 1 студзеня 2014 года – 37,6 працэнта, а гэта таксама лепшы паказчык у рэспубліцы, які сведчыць пра развіццё прадпрыемстваў. І ўсім гэтым мы абавязаны такім працаўнікам, як лаўрэаты “Чалавек года Віцебшчыны-2013”. Край будзе і далей квітнець, калі ў ім такія людзі, сказаў губернатар, спыняючыся на задачах сёлетняга Года гасціннасці, года 70-й гадавіны вызвалення Беларусі.

Падтрымаць сваіх лаўрэатаў прыехалі дэлегацыі з усіх раёнаў. Гэта, напэўна, самыя шчаслівыя моманты мерапрыемства — бачыць, як яны вітаюць сваіх вылучэнцаў, як махаюць атрыманымі букетамі сваім дэлегацыям лаўрэаты. Сяргей Аркадзьевіч Філімонаў, праходзячы па зале, таксама адшукаў у ёй вачыма землякоў.

Ці хваляваўся механізатар КУСГП “Вялікадолецкае”, збіраючыся на мерапрыемства? Канечне, хоць знешне статны высокі мужчына быў абсалютна спакойны. А перад паездкай сціпла прамовіў: “Нечакана, столькі дастойных людзей, чаму я”.Гэтае пытанне задаюць, напэўна, усе лаўрэаты ўсіх гадоў. А адказ, думаю, знаходзяць толькі тады, калі бачаць сваіх пераемнікаў. Так, гэта самыя звычайныя зямныя людзі, а дакладней — людзі ад зямлі, якіх аб’ядноўвае адно – на іх можна палажыцца ў любы момант, яны поўнасцю адданыя справе, акружаючым, калектыву. Надзейныя, працалюбівыя і гэтым сапраўды адметныя, незалежна ад роду заняткаў.

Ад чаго залежыць, колькі чалавек ад раёна ўдастойваецца гэтага звання. Немагчыма загадзя сказаць, хто пройдзе з тых дзесяці намінантаў, чые прозвішчы падаваліся ад раёна. Можна не сумнявацца, што ўсе яны бездакорныя працаўнікі. І напэўна, больш за ўсё ўдача залежыць ад таго, наколькі моцныя прэтэндэнты на званне ў тваёй жа намінацыі акажуцца з іншых раёнаў. Мінулы год Ушаччына мела два лаўрэаты, па выніках работы за 2011 – тры, за 2010 – ніводнага, перад гэтым два гады па адным. Вельмі складана вылучаць лепшых з лепшых. Сярод узнагароджаных было як многа вядомых імёнаў, напрыклад, генеральны дырэктар абутковага холдынгу “Марка” М.В.Мартынаў, начальнік абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях В.І.Чэкан, так і радавых працаўнікоў літаральна ўсіх галін: аператар пральнага абсталявання з “Полацкбыта”, майстар-кандытар з Пастаў, слесар-сантэхнік з Шуміліна. Няма непатрэбных прафесій, галоўнае — каб чалавек быў на сваім месцы.

У складзе ж нашай дэлегацыі быў не толькі І.П.Дарошчанка — дырэктар КУСГП “Вялікадолецкае” – прадпрыемства, вылучаўшага лаўрэата, але і кіраўнікі тых устаноў, якія таксама намініравалі сваіх працаўнікоў.Нельга не заўважыць, як кожны год удасканальваецца падрыхтоўка святочнага мерапрыемства: прыгожа аформленыя выставы, у мультымедыйным суправаджэнні пададзены мастацкія нумары, а на заключную песню нават былі выкладзены свежыя здымкі з уручэння. Ну а акрамя лепшых мастацкіх калектываў з усёй вобласці сёлета былі запрошаны Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, а таксама расійскі парадыст Андрэй Барынаў. Так што наш лаўрэат вяртаўся дадому з дыпломам, важкай прэміяй і выдатным настроем.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *