Уроженец деревни Жары Ушачского района В.С.Карабань выделил 22 миллиона рублей на благоустройство кладбища в родном населённом пункте

Благоустройство Наши земляки Саветы і жыццё

Першай праблемай, з якой два гады таму прыйшлі грамадзяне да толькі прыступіўшай да сваіх абавязкаў старшыні Жарскага сельвыканкама Святланы Цімафееўны Міхейкі, быў канфлікт, узнікшы паміж вяскоўцамі і прыезджым фермерам. Справа ў тым, што яго козы і авечкі аблюбавалі ў якасці пашы могілкі ў Двор Жарах, дзе з задавальненнем харчаваліся сочнай траўкай, кветкамі і нават дэкаратыўнымі туямі. «Ды хіба ж гэта могілкі? — апраўдваўся фермер. — Паўсюдна зараснікі, завалы дрэў, сметнікі, ды і агароджы няма…»

Як не прыкра прызнаваць, але ж ён меў рацыю: апошні раз гэтыя могілкі прыводзіліся ў парадак чвэрць стагоддзя таму. Святлана Цімафееўна, заручыўшыся падтрымкай старэйшыны вёскі Жары Тамары Іванаўны Макрыдзінай, аб’явіла «ўсеагульную мабілізацыю» на суботнік па іх добраўпарадкаванні. Кожнаму двару было даведзена заданне: дэлегаваць у працоўны дэсант хаця б па адным прадстаўніку, непрацаздольным — выклікаць гарадскі рэзерв з ліку дзяцей і ўнукаў. Першы суботнік прайшоў «на ўра» — сабралася каля паўсотні чалавек, многія са сваім інвентаром — кустарэзамі, бензапіламі, сякерамі, уласнай тэхнікай, на якой вывозілі смецце. Праз тыдзень арганізавалі паўторны суботнік, потым — яшчэ некалькі. Да жыхароў Жар і Двор Жар далучыліся суседзі з Броўчына, іншых вёсак, чые родныя пахаваны на гэтых могілках. Асобныя работы праводзілі за кошт сродкаў самаабкладання, ды іх, канечне, не хапала. Але ў добрай справы знайшоўся спонсар — ураджэнец Жар Васіль Сцяпанавіч Карабань, які зараз жыве і працуе ў Лепелі, але часта наведваецца на радзіму, дзе ў яго засталася бацькоўская хата. «На тутэйшых могілках у мяне пахаваны родныя: мама, тата, бабуля, яны, ды і ўсе, хто знайшоў тут апошні спачын, вартыя нашай памяці і ўвагі», — тлумачыць свой учынак мужчына.

Васіль Сцяпанавіч займаецца вырабам мэблі. Расказвае, што свае ўменні атрымаў ад продкаў: яго дзед быў знакамітым чырванадрэўшчыкам, залатыя рукі меў і бацька Сцяпан Міронавіч Карабань, які працаваў у мясцовым калгасе механікам. Канечне, даходы прадпрымальніка нельга назваць неймавернымі, аднак Васіль Сцяпанавіч знайшоў магчымасць выдзеліць каля 22 мільёнаў рублёў, якія спатрэбіліся на выраб, устаноўку і афарбоўку агароджы вакол могілак. Адметна, што дабрачыннасць — звычайная справа для ўраджэнца Ушаччыны. Хоць яго ўласная сям’я не жыве ў раскошы, Васіль Сцяпанавіч аказвае матэрыяльную падтрымку родным і нават зусім незнаёмым людзям. Ведаю аб такім выпадку: неяк ён быў праездам у адной з вёсак Міншчыны і спыніўся пераначаваць у сціплай хатцы пажылой мясцовай жыхаркі. Бабуля прыняла яго з уласцівай простым беларусам гасціннасцю, запаліла печку, а за вячэрай проста абмовілася, што хутка скончацца дровы. Раніцай пастаялец з’ехаў, а неўзабаве ў яе двор завярнуў грузавік з кузавам дроў…

Добрыя ўчынкі Васіля Сцяпанавіча абумоўлены і тым, што ён — чалавек глыбока веруючы. Вось і перад пачаткам работ па добраўпарадкаванні жарскіх могілак атрымаў блаславенне на гэта ў настаяцеля Смілавіцкай праваслаўнай царквы айца Валерыяна, а працэдуру асвячэння абноўленага месца пахавання 11 кастрычніка правёў благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец. Для ўдзелу ў ёй сабраліся вяскоўцы і іх дзеці, якія працавалі на суботніках, падзякаваць ім за добрую ініцыятыву прыехала старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. Зроблена вялікая работа, цяпер жа справа за тым, каб пастаянна падтрымліваць наведзены парадак.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *