Услуги первой необходимости. Чем сегодня живёт бытовая служба Ушачского района?

Общество

Пагадзіцеся, немагчыма ўявіць сучаснае жыццё без сферы бытавога абслугоўвання. І калі ў буйных гарадах на рынку паслуг прадстаўлены самыя розныя кампаніі, здольныя дапамагчы справіцца літаральна з любой задачай – ад дробнага рамонту адзення і ўборкі кватэры да догляду за хатнімі гадаванцамі, то нам, жыхарам правінцыі, разлічваць на такі шырокі спектр прапаноў не даводзіцца, ды і, напэўна, наўрад ці спатрэбіцца. І ўсё ж без некаторых спецыялістаў бытавой службы нам не абыйсціся.

Чым сёння жыве бытавая служба раёна? Якія паслугі прапануе ўшачанам? І наколькі дапаўняюць патрэбныя насельніцтву прапановы індывідуальныя прадпрымальнікі? На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні мы паспрабуем знайсці адказы.

Не сакрэт, што былы РКБА, які не так даўно стаў комплексным прыёмным пунктам (далей – КПП) і структурным падраздзяленнем ААТ “Полацкбыт”, зараз працуе ў скарочаным рэжыме. Так, па словах прыёмшчыцы заказаў Людмілы Аляксандраўны Васільевай, за аказаннем бытавых паслуг сюды можна звяртацца па чацвяргах і пятніцах з 8.30 да 17.30 (КПП працуе без перапынку на абед), а таксама па суботах з 9 да 15 гадзін. Тут вы можаце скарыстацца паслугамі цырульнікаў, швачкі і майстра па рамонце абутку, зрабіць заяўку работнікам ААТ “Полацкбыт” на пранне бялізны, хімчыстку, некаторыя рытуальныя паслугі – набыццё труны, выраб помніка, а таксама набыць пасцельныя рэчы, сродкі гігіены і іншыя тавары.

Трэба адзначыць, што комплексныя прыёмныя пункты працуюць зараз і ў некаторых сельскіх населеных пунктах Ушаччыны. Так, жыхарам аграгарадкоў Глыбачка і Кублічы неабавязкова ехаць у райцэнтр, каб пакінуць заяўку на аказанне ім бытавой паслугі – гэта можна зрабіць у сваім населеным пункце. Цырульнікі з Полацка ў вызначаныя дні прыязджаюць у названыя аграгарадкі, а рамантуюць адзенне прама на месцы работнікі КПП. Рэжым работы пунктаў: аўторак – пятніца з 10 да 15 гадзін.

Аказанне насельніцтву некаторых бытавых паслуг узяло на сябе райспажыўтаварыства. Так, у магазіне “Рытуал”, які працуе з панядзелка па суботу з 10 да 18 гадзін (перапынак – з 14.00 да 15.00), а ў нядзелю да 15.00, можна набыць неабходныя пахавальныя прыналежнасці. Палюбілася многім ушачанам цырульня “Камелія”, рэжым работы якой – у будныя дні з 8 да 19 гадзін, у суботу – з 8 да 15.

Ёсць ва Ушачах нямала прыватнікаў, якія таксама аказваюць насельніцтву бытавыя паслугі. Так, напрыклад, рамонтам адзення і пашывам бялізны займаецца швейнае атэлье “Белашвейка”, размешчанае на трэцім паверсе будынка РКБА. Працуе яно з 11 да 18 гадзін (без перапынку на абед) з панядзелка па пятніцу. Запатрабаваным ва ўшачан з’яўляецца сэрвісны цэнтр “Тэхнадоктар” (2 паверх РКБА), які займаецца рамонтам камп’ютараў, планшэтаў, тэлефонаў, фотаапаратаў і іншай аргтэхнікі. Па словах прыёмшчыцы заказаў Алены Ігнатаўны Вайсэт, часцей за ўсё ўшачане прыносяць тэлевізары. Іх рамантуюць прама на месцы, а больш складаную тэхніку накіроўваюць спецыялістам у Лепель – такі “выязны” рамонт звычайна займае тыдзень­два. Адкрыты для наведвальнікаў “Тэхнадоктар” у буднія дні з 8 да 17 гадзін, перапынак – з 14.00 да 15.00. Не толькі набыць сабе тэлефон, камп’ютар ці планшэт, але і адрамантаваць такую тэхніку можна ў папулярнай ва ўшачан кропцы “КОМПиТел”, рэжым работы якой – з 10 да 18, а ў суботу да 14 гадзін.

На другім паверсе РКБА размяшчаецца прыватная цырульня “Шарм”, у якой працуюць адразу тры спецыялісты. У буднія дні з 8.30 да 17.30 (перапынак – з 13.30 да 14.30) прымае жанчын ІП К.Спірыдзёнак; з аўторка па пятніцу з 8.30 да 17.30, а ў суботу з 8.30 да 15.00 (перапынак – з 12.30 да 13.30) – ІП Т.Казачонак; мужчын жа чакае з аўторка па пятніцу з 8.00 да 17.00, а ў суботу з 8.00 да 15.00 (перапынак – з 13.00 да 14.00) ІП Т.Севярын (з 10 ліпеня ў водпуску). Працягваючы пералік цырульняў ва Ушачах, варта назваць і дастаткова новую кропку пад назвай “Сілуэт”, якая размясцілася па вуліцы Ленінскай, 16 (там, дзе трэнажорная зала). Працуе яна з 8 да 17 гадзін у будныя дні (перапынак – з 12.00 да 13.00) і з 8 да 13 гадзін у суботу.

Напэўна, не патрабуе асаблівага прадстаўлення фотаатэлье (трэці паверх РКБА). Акрамя фотаздымкаў тут можна зрабіць яшчэ і ксеракопію дакументаў. Працуе атэлье ў буднія дні з 9.00 да 17.00, а ў суботу да 13.00. Значную вагу складаюць паслугі з выездам да заказчыка – у школы, дзіцячыя сады, а таксама на вяселлі і іншыя знакавыя для грамадзян падзеі.

У наступных нумарах газеты мы працягнем знаёміць нашых чытачоў з пералікам бытавых паслуг, якія прапаноўваюцца жыхарам Ушацкага раёна. Бо дзейнасць “бытавікоў”, нягледзячы на ўсе эканамічныя цяжкасці, па­ранейшаму накіравана на якаснае і шматбаковае абслугоўванне насельніцтва.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *