Ученики Плинской школы присоединились к благотворительной акции «Чудеса на Рождество» и подготовили подарки для своих ровесников из детского приюта

Наши дети

Традыцыі цімураўства, як і ўсяго лепшага з савецкай сістэмы адукацыі, у гэтай навучальнай установе свята захоўваюць з даўніх часоў. Для навучэнцаў Плінскай школы Каляды – не толькі час цудаў, якога чакаюць усе і заўсёды – тут твораць дабро рукамі дзяцей і для дзяцей. Школьнікі самага рознага ўзросту далучыліся да правядзення рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Цуда на Каляды”.

Яе сімвалам з’яўляецца чырвоная рукавічка з эмблемамі БРПА, БРСМ і валанцёрскага руху маладзёжнай арганізацыі “Добрае Сэрца”, а мэтай – аб’яднаць імкненні дзяцей і моладзі аддаць часцінку цяпла і акружыць у навагоднія і перадкалядныя дні ўвагай людзей, якія ёй абдзелены. Плінскія школьнікі наладзілі збор канцылярскіх прыналежнасцей, кніг, цацак для сваіх равеснікаў з сацыяльнага прытулку г.п.Ушачы. Чацвёра дзяцей выхоўвае Таццяна Пятроўна Юркевіч – здаецца, у такіх абставінах нялішняй будзе кожная капейка, але ў сям’і знайшлі сродкі для пакупкі падарункаў выхавальнікам сацыяльнай установы – сын Мікіта адным з першых прынёс іх у школу. Яе дырэктар, Кацярына Фёдараўна Касцюковіч, сцвярджае, што менавіта вучні са шматдзетных сямей традыцыйна прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах дабрачыннасці. Як і школьнікі, што выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях: Коля Баравікоў, Арцём Шкодзін, Алёша Сіманаў, Косця Лунёнак прынеслі разнастайныя карысныя пакупкі на свой густ. Не засталіся ў баку і іншыя дзеці, многія з якіх набывалі падарункі за зэканомленыя кішэнныя грошы. Вядома ж, далучыліся да добрай справы і настаўнікі. Дарэчы, гэтая акцыя для школы не ў навіну – летась, напрыклад, для выхаванцаў прытулку былі набыты мяккія цацкі.

Вельмі прыемна было пачуць ад вучняў не па гадах мудрыя словы аб тым, што насамрэч рабіць дабро не так і складана: “І бацькі, і настаўнікі вучаць нас быць міласэрнымі. Калі разумееш, што камусьці дапамог, то і для сябе зрабіў годную справу – трэба тварыць дабро i яно, без сумнення, да вас вернецца!”

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *