Деревня Замошье-2 в Ушачском районе славится не только живописной природой, но и интересными традициями

Ушаччина туристическая

“Барын прыехаў, барын прыехаў”, – размахваючы флагам, гучным воклічам абвяшчае аднавяскоўцаў жыхар аднаго з першых дамоў Замошша­ІІ Ушацкага сельсавета. Выходзіць старэйшына вёскі Генадзь Уладзіміравіч Рафановіч, яго жонка, суседзі, усе, хто абмяняў гарадскую мітусню на цішыню гэтага азёрнага кутка. Б’юць паклоны ў падлогу, радасна сустракаючы госця.

Спектаклі, падобныя на гэту жартоўную сустрэчу старшыні Ушацкага сельсавета Васіля Шнітко, тут нярэдкасць. А ўсё дзякуючы нястомнай энергіі аднаго з першых дачнікаў Замошша-­ІІ Івана Пінігіна. На яго доме вісіць флаг вёскі з выявай дубовага ліста, які пашыла жонка Тамара Міхайлаўна Пінігіна. Гэта ім быў распрацаваны статут вёскі, падпісаны старэйшынам. У яго доме ляжыць кніга водгукаў і прапаноў, спісаная ўдзячнымі водгукамі наведвальнікаў. Як інакш – бо тут з любой нагоды ствараюцца сапраўдныя масавыя святы. Да гэтага часу прыгадвае Генадзь Уладзіміравіч Рафановіч, які падарунак яму ўстроілі на юбілей, і сцвярджае, што ў іх самая лепшая вёска ў раёне.

Я думаю, што спрачацца з гэтым ніхто і не будзе, бо асноўная перавага вёскі ў незвычайнай прыгажосці і, канечне, у дружбе карэнных жыхароў і дачнікаў. Замошша-­ІІ, якое і яны самі, і многія іншыя ўшачане называюць імем вёскі на супрацьлеглым узгорку за ровам­-балотам – Пушча.

Панская алея і “Кабачок”

Ніхто з сённяшніх жыхароў, канечне, не памятае ні ўладарання пана, аб якім сведчыць доўгая ліпавая алея, ні кабачка, якім і зараз называюць цэнтральную частку Пушчы, ні царквы – якая быццам бы правалілася і на тым месцы ўтварылася возера. Падобныя легенды, праўда, існуюць практычна ў кожным населеным пункце Ушаччыны. Ну а вось аб былых жыхарах лепш за ўсіх памятае старэйшына вёскі.

Генадзь Уладзіміравіч Рафановіч жыве ў старым доўгім бацькоўскім доме. Менавіта гэты кавалак зямлі на беразе возера выкупіў перад самай рэвалюцыяй яго дзед Франц Вікенцьевіч Рафановіч. Да гэтага часу апрацоўваў узятыя ў арэнду землі, у розных кутках Ушаччыны працаваў, а зімой мулярам наймаўся на будоўлі. Гэта ён расказваў, што раней тракт з Кубліч на Ушачы праходзіў праз Пад’язна, Пушчу, Пліна, а на шляху тыя, хто ехаў на кірмашы, і завітвалі ў кабачок, ад якога і захавалася назва.

Усе навакольныя землі належалі пану­-генералу Галавачу, які пераважную частку жыў у Санкт­-Пецярбургу. Другі яго маёнтак быў у Двор Пліне. У канцы ж панскай алеі па дарозе на Пад’язенне да пяцідзясятых гадоў працавала калгасная кузня – уладаранне Івана Рыгоравіча Атрашкевіча. Ён кульгаў, не мог за плугам хадзіць, таму самавучкай і асвоіў кавальскую справу. Не толькі сельскагаспадарчыя прылады выходзілі з­пад яго рук – і сёння на могілках стаяць выкаваныя ім крыжы. Памятаюць многія ўшачане і Сямёна Іванавіча Атрашкевіча – настаўніка пачатковых класаў, у якога вучылася ўсё маладое і, трэба зазначыць, вялікае ў пасляваенныя часы пакаленне замашанцаў, пушчанцаў і іншых навакольных вёсак.

Пугачовы, Гваздзёвы, Шлыкі, Ціханенкі, Мушы, Кучаронкі, Карабані, Атрашкевічы – уладальнікі такіх прозвішчаў пражывалі ў Замошшы­-ІІ і Пушчы. Таксама побач былі ўрочышчы Зарубаўшчына і Цвяклінскія. Наогул у Пушчу былі пераселены жыхары некалькіх аднайменных навакольных вёсак і хутароў.

Вольга Караленка.

Вачамі новых жыхароў

Дзесяць гадоў назад мой муж паставіў мяне перад фактам: “Я купляю дом у вёсцы!” Гогалеўскія словы, што да нас едзе рэвізор, напэўна, уразілі б значна менш. Першыя думкі – і навошта нам гэты дом? Цудоўная дача пад Мінскам мае месца. Ёсць дзе адпачыць і сяброў сабраць. І тут – новая дача. Аказалася, што брат мужа, які ў той час працаваў рэжысёрам у Піцерскім Вялікім Драматычным тэатры (сёння Мікалай Пінігін – мастацкі кіраўнік тэатра імя Купалы), шмат часу шукаў для сябе прыгожае мястэчка каля возера. І з нагоды сваёй сястры, якая была жонкай рэжысёра Валерыя Маслюка з Ушач, усё ж такі знайшоў тое, што яму было трэба. І прапанаваў свайму малодшаму брату таксама набыць дом у гэтай жа вёсцы, каб жыць побач.

Прыехалі…  Гэта не было каханнем з першага погляду. Дом як дом. Вёска як вёска. Нічога асаблівага спачатку не заўважыла. Але ў нейкі момант уразіла думка – за ўвесь дзень не праехала ніводнай машыны па дарозе. І такая цішыня, аж было чутна, як падае з дрэў лісце. Пасля шумнага Мінска гэта было цудам. І вочы мае адкрыліся, а ўнутраны голас падказаў – не хачу пакідаць гэтае месца….

Беларускае Перадзелкіна

І вось мы ўжо 10 гадоў лічым Пушчу сваім родным месцам. За гэты час нас тут шмат панаехала – гарадскіх. І народ добры падабраўся. Які дом не возьмеш, усюды творцы: кампазітары, музыканты, мастакі, рэжысёры, журналісты, вучоныя. Беларускі варыянт знакамітай вёскі Перадзелкіна. Гэта ў горадзе мы – мастакі, кампазітары, рэжысёры, вучоныя. А тут, у Пушчы – звычайныя сельскія жыхары. З самай раніцы працуем – косім, капаем, полем… І ўсе гэта робіцца з вялікім задавальненнем. Так здарылася, што ўсе мы былі знаёмы даўно. І выпадковых людзей у нашай вёсцы няма. Самай першай ластаўкай была сям’я архітэктара­рэстаўратара Вольгі Старынскай і дызайнера Славы Нізаўцава, потым дом набыў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра імя Купалы Мікалай Пінігін, які ў сваю чаргу прыцягнуў у Пушчу тэлевізійнага рэжысёра і прадзюсера Івана Пінігіна. Потым у нашу пушчанскую сям’ю дадалася цудоўная музычная пара – кампазітар Андрэй Зубрыч і яго жонка Марына, намеснік дырэктара музычнага ліцэя пры беларускай кансерваторыі. Яны спяваюць так, што нават салавейкі ім зайздросцяць. Некалькі гадоў назад з лёгкай рукі Івана Пінігіна дом у Пушчы пабудаваў яго сябра Уладзімір Калінін, вядомы беларускі вучоны.

Нашы лепшыя сябры

Наша Пушча – вельмі прыгожая вёска. Побач шмат азёр, лес. Але яна была б не такой прывабнай, каб не яе мясцовыя жыхары, якія сталі нашымі лепшымі сябрамі і памочнікамі. Зараз тут жывуць пастаянна дзве сям’і – Надзея і Генадзь Рафановічы, Галіна і Леанід Кузьмічы. Гена Рафановіч у нас лічыцца губернатарам. У яго ключы ад усіх дамоў. Калі мы прыязджаем зімой, Гена з Надзяй і печкі натопяць, і вады ў дом прынясуць. Леанід Кузьміч – майстра на ўсе рукі. А яго жонка – знатная агародніца. А пра яе кулінарныя таленты трэба кнігу напісаць. Яна можа зрабіць фаршыраванага шчупака за 40 мінут. Менавіта Галя навучыла мяне рабіць сапраўдны хлеб у рускай печцы. А таксама з яе нагоды мае велікодныя кулічы атрымліваюцца вельмі смачнымі і прыгожымі. Але самае галоўнае, што гэта людзі вельмі добрыя, з сапраўднай душой. І мы ўдзячны лёсу, што сустрэліся ў гэтым месцы, у гэтым жыцці. На жаль, без гаспадара на месцы былога фальварка стаіць дом Ігара Шчадрова. Усё сваімі рукамі рабіў гэты малады мужчына, унікальны дом атрымаўся, ды не ажыццявіў задуманае – заўчасна пайшоў з жыцця…

Традыцыі Пушчы

Ёсць сярод нас чалавек, які нікому спакойна жыць не дае. У добрым сэнсе. Гэта Іван Пінігін. Не чалавек, а матор. Прыдумаў ён, што ў вёсцы павінен быць свой флаг. Правеў “рэферэндум” сярод жыхароў. Агульнай думкай вырашылі, што на блакітным фоне павінен быць дубовы ліст. І гэта не выпадкова. У нас расце прыгожы дуб, якому больш за сто гадоў. Лічыцца, што калі да яго дакранешся, любое жаданне споўніцца.

Зараз гэты флаг вісіць у нас над домам. Таксама нашылі мы яшчэ маленькія флажкі і дорым іх добрым людзям, якія завітаюць да нас у госці.

Усё той жа Іван з любой падзеі робіць свята. Звычайна на Вялікдзень мы апранаемся ў беларускія народныя касцюмы, ходзім па вёсцы, усіх віншуем і дорым кулічы. Кулічы свае, з печкі.

А яшчэ кожную восень наша вёска прымае мужчынскі дэсант. Ужо 30 гадоў Іван Пінігін сустракаецца са сваімі армейскімі сябрамі. Некалі сустрэчы праходзілі ў горадзе. Але ж там не разгуляешся па поўнай праграме. А тут, на прыродзе, можна ў голас і песні паспяваць, і пагаманіць, і ў лазню схадзіць. Жонцы Івана толькі і застаецца, што мыць посуд ды зайздросціць гэтаму мужчынскаму сяброўству. І нават слёзы на вочы наварочваюцца, калі яны апранаюцца ў шынялі, бяруць у рукі музычныя інструменты і пачынаюць спяваць. А потым ідуць па вёсцы. Абавязкова да дуба. І ўсё спяваюць, спяваюць…

Гэтым летам мы зрабілі фільм пра нашу вёску. І ва ўсіх пасля прагляду – адна думка: жывуць жа людзі ў такой прыгажосці! І на самой справе, у такім цудоўным месцы пашчасціла жыць. Бачыць гэтыя захады сонца і досвітак. Слухаць салавейкаў па вечарах. І чарку падымаць пасля цяжкага працоўнага дня.

Радуе і такі факт, што нашы дзеці таксама душой прыкіпелі да Пушчы. Не патрэбен ім бераг турэцкі. А гэта значыць, што за будучае вёскі можна не хвалявацца. Яно ў яе ёсць. І будзе. І будзе яно добрым.

Тома Пушча.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *