Полезный и недорогой продукт. ОАО «Деменец» реализует гречку, выращенную на своих полях.

Общество

Такі просты харчовы прадукт, як грэчка, валодае ўнікальнымі якасцямі. Напрыклад, хворыя дыябетам вымушаны абмяжоўваць сваё харчаванне, выключаць з рацыёну многія прадукты, у тым ліку і крупы. Неацэнную дапамогу ім акажа ўжыванне грэчкі, бо мінімальнае ўтрыманне ў ёй вугляводаў дазваляе замяніць іншыя крупы, гатаваць смачную і карысную ежу. А.В.Шарыпенка, дырэктар ААТ “Дземенец”, дзе грэчку вырошчваюць на працягу некалькіх гадоў, пра яе можа расказаць яшчэ шмат чаго цікавага. У гэтай гаспадарцы калі бяруцца за вытворчасць якой культуры, то робяць гэта нязменна з грунтоўным падыходам.

Аляксандр Віктаравіч з веданнем справы кажа, што ў сярэднім за год чалавек спажывае 3­4 кілаграмы грэчкі. Таму сёння “Дземенец” можа задаволіць гадавыя патрэбы ў гэтым прадукце соцень ушацкіх сямей. Амаль тры тоны гатовага прадукту – адкалібраванай харчовай грэчкі атрымалі ў гаспадарцы з ураджаю мінулага года. Пры яе ачыстцы і апрацоўцы нармальным лічыцца выхад каля 65 працэнтаў ад першапачатковай масы. У “Дземенцы” ж часткай прадукцыі разлічыліся з Гомельскім крупазаводам за паслугі, таму ў выніку і забралі толькі трэцюю частку ад першапачатковага танажу: на прадпрыемства паставілі 8 тон сыравіны, а назад прывезлі 58 пяцідзесяцікілаграмовых мяшкоў гатовай да прыгатавання грэчкі.

Па 50 кілаграмаў каштоўнага харчовага прадукту ў якасці спонсарскай дапамогі дземянецкія аграрыі перадалі дзіцячаму сацыяльнаму прытулку гарпасёлка і аддзяленню кругласутачнага прабывання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вяркудах. Нават звыш сярэднестатыстычнай нормы – па пяць кілаграмаў – выдзелена кожнаму свайму работніку. Можна браць і звыш гэтага, але ўжо ў лік зарплаты. Цана вельмі прымальная – 15 тысяч рублёў за кілаграм, па гэтым жа кошце рэалізуюць грэчку і насельніцтву.

Дземянецкая грэчка мала што танная, але яшчэ і абсалютна экалагічна чыстая – у ёй няма нават мізэрнай колькасці хімікатаў. Сведчыць аб гэтым і спецыяльны сертыфікат, атрыманы ў Полацкім цэнтры стандартызацыі і метралогіі.

– Пры вырошчванні не ўносілі ніякіх хімікатаў, што, канечна, паўплывала на зніжэнне сабекошту, – расказвае пра асаблівасці вытворчасці дырэктар гаспадаркі. – Падабралі добры ўчастак: на папярэдніках уносіліся гліфасаты, таму пустазелля было нямнога. Акрамя непасрэдна сяўбы, два разы дыскаванне ды ўборка – вось і ўсе затраты ў механізацыі. Бывала ў нас і лепшая ўраджайнасць, але лічу, што па ўмовах мінулага года грэчка вырасла неблагая: атрымалі звыш 14 цэнтнераў з гектара ў той час як сярэдняя ўраджайнасць па рэспубліцы склала каля 12. Гаспадаркі краіны практычна звялі грэчку, якой раней сеялі значныя плошчы – эканамічна нявыгадна вырошчваць яе і здаваць на камбінаты хлебапрадуктаў, бо закупачная цана на яе не змянялася на працягу некалькіх гадоў.

План па пастаўках грэчкі дзяржаве “Дземенцу” ў мінулым годзе не даводзіўся, а раней гэту каштоўную культуру здавалі на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў. Там ім і падказалі, дзе можна набыць якаснае насенне, аптымальна падыходзячае да нашых умоў. Сорт “Дзікуль” расійскага паходжання, насенне набывалі аж у Курскай вобласці. Каштавала яно нятанна – некалькі год таму за кілаграм элітнай грэчкі аддавалі 21 тысячу рублёў. Затое расліне ўласціва дружнае выспяванне і раўнамернасць зерня, дзякуючы чаму ёсць магчымасць убіраць яго прамым камбайнаваннем і мала адходаў пры ачыстцы. Сорт сярэднеспелы, ураджайны, а смак кашы па ацэнках спецыялістаў найвышэйшы – 5 балаў. Зрэшты, кожны мае магчымасць ацаніць яго сам, бо грэчка ў “Дземенцы” пакуль яшчэ ёсць.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *