Тема недели. Повышение пенсионного возраста в Беларуси

Общество

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць справядлівым, калі павышэнне пенсійнага ўзросту закране ўсіх. Аб гэтым ён заявіў 10 сакавіка на нарадзе, прысвечанай абмеркаванню пытанняў развіцця пенсійнай сістэмы.

“Але трэба ўлічваць усё: розніцу працягласці жыцця мужчын і жанчын, спецыфіку горада і вёскі, умовы працы ў некаторых сферах і іншыя фактары”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што сярэдняя працягласць жыцця ў краіне павялічылася ў параўнанні з 90­мі гадамі мінулага стагоддзя. “Таму 55–60 гадоў – гэта нармальны ўзрост. “Не хачу ўжо тут гаварыць пра нашых праслаўленых прадстаўнікоў сілавых структур, якія сёння ў прынцыпе ў 45 гадоў могуць пайсці на пенсію. Лічу, будзе справядліва, калі пытанне павышэння пенсійнага ўзросту закране ўсіх”, – лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што знаходзіцца паміж двума меркаваннямі: прапановамі ўрада па павышэнні пенсійнага ўзросту, заснаванымі на эканоміцы, і думкай народа – з іншага боку..”Трэба ўважліва і ўсебакова разгледзець усе аспекты тэмы, якую абмяркоўваем, і выпрацаваць найбольш аптымальныя варыянты, каб наша пенсійная сістэма была надзейная і працавала без збояў на карысць людзей”, – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў пытанні павышэння пенсійнага ўзросту трэба ісці ад жыцця, улічваючы рэальныя працэсы ў дэмаграфічнай абстаноўцы і не пагаршаючы матэрыяльнае становішча.

На яго думку, на карысць гэтай меры гавораць два фактары. Па­першае, значныя змяненні ў структуры грамадства, дзе колькасць работнікаў скарачаецца, а колькасць пенсіянераў пастаянна расце. “Па-­другое, дзякуючы нашай сацыяльна­эканамічнай палітыцы людзі сталі жыць даўжэй. Сярэдняя працягласць жыцця павялічылася ў параўнанні з 90­-мі на 5 гадоў. Таму 55­-60 гадоў – гэта нармальны ўзрост”, – лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго здзіўляе ў сацыялагічных даследаваннях, што працуючая частка насельніцтва нармальна ўспрымае павышэнне пенсійнага ўзросту, а не падтрымліваюць гэту меру пенсіянеры. “І я зразумеў, што ў нас ідэолагі і ўрад проста недапрацоўваюць. Пенсіянерам трэба растлумачыць: не дай бог, мы паўстанем перад фактам, што нам давядзецца паніжаць пенсію! – адзначыў Прэзідэнт. – Вось гэтага нельга дапусціць. Таму што ў нашых пенсіянераў і так пенсіі невялікія. І скарачаць пенсіі ні ў якім разе нельга”. Ён дадаў, што, калі абмяркоўвалася гэта пытанне з Прэзідэнтам Расіі, Уладзімір Пуцін адзначыў, што “нават у Расіі праглядаецца ўжо сітуацыя, што калі захоўваць пенсійны ўзрост на цяперашнім узроўні, а ў пенсійны фонд няма дастатковых паступленняў, то давядзецца паніжаць пенсію, таму што грошай не хапае, каб раздаць пенсіянерам”. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што Казахстан ужо зрабіў крок да павышэння пенсійнага ўзросту, аднак не зусім рашучы і сёння перад імі стаіць задача павышэння пенсійнага ўзросту другі раз.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што нават у самых багатых краінах пенсійны ўзрост значна вышэйшы, чым у Беларусі: дзесьці на 5, дзесьці на 10 гадоў. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Германію, у якой, паводле яго слоў, пенсійны ўзрост надыходзіць у 67 гадоў.

Як расказала журналістам па выніках нарады міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, канчатковае рашэнне па гэтым пытанні будзе прынята пасля шырокага абмеркавання. “Я звяртаю ўвагу на тое, што гэта прапанова. Гэта першае абмеркаванне ў такім шырокім складзе на ўзроўні Прэзідэнта. Таму кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што абавязкова павінна быць улічана меркаванне грамадства, вельмі важна зваротная сувязь з боку людзей, – сказала міністр. – Толькі пасля гэтага будзе прымацца канчатковае рашэнне”.

Мар’яна Шчоткіна адзначыла, што будучае пяцігоддзе будзе даволі жорсткім у дэмаграфічным плане, паколькі ў пенсійны ўзрост уваходзіць вялікая колькасць асоб, пры гэтым вельмі мала тых, хто дасягае працаздольнага ўзросту. Паводле яе слоў, калі ў 2001 годзе суадносіны пенсіі і заработнай платы складалі 45 працэнтаў, то ў 2015 годзе было ўжо 41,7 працэнта. “Наша нацыянальная бяспека не дапускае сітуацыі, пры якой гэтыя суадносіны апусціліся б ніжэй за 40 працэнтаў. Добра б, каб павялічыліся”, – сказала міністр.

“Пенсіі ў салідарнай сістэме залежаць ад таго, колькі грамадзян працуе. Інакш кажучы, працаздольныя ўтрымліваюць непрацаздольных, – прадоўжыла Мар’яна Шчоткіна. – Калі ў нас назіраецца цяпер 61 пенсіянер на 100 працуючых, то ў 2020 годзе гэтыя суадносіны будуць ужо 66 да 100, калі нічога не прымаць, то ў 2030 годзе – 78 пенсіянераў на 100 працуючых. Гатовы мы да гэтага, гатовы мы змяншаць пенсіі? Не. Гатовы мы павялічваць тарыфы ў Фонд сацыяльнай абароны? Не. Гатовы кардынальна змяняць сістэму? Таксама абмяркоўвалася”.

Пенсійны ўзрост у 55 гадоў для жанчын і ў 60 гадоў для мужчын на постсавецкай прасторы захаваўся толькі ў Беларусі, Расіі і Узбекістане. У Беларусі дзейнічае трохузроўневая пенсійная сістэма. У краіне існуе выплата датэрміновых пенсій, прафесійнае пенсійнае страхаванне. У многіх дзяржавах яны адменены.

Прэзідэнт Беларусі разгледзіць тры варыянты павышэння пенсійнага ўзросту. Першы варыянт прадугледжвае выхад на пенсію жанчын у 60 гадоў і мужчын у 65. Мар’яна Шчоткіна адзначыла, што гэта самы эканамічна прымальны варыянт, паколькі дае добрыя паказчыкі. Пры гэтым яна падкрэсліла, што неабходна ўлічваць не толькі вопыт многіх краін свету ў вырашэнні гэтага пытання, але і працягласць жыцця, узровень стану здароўя, а таксама спецыфіку жыцця ў гарадской і сельскай мясцовасці.

“Таму, прааналізаваўшы дэмаграфічныя працэсы, прапанаваны варыянт выхаду на пенсію жанчын у 60 гадоў, мужчын – у 63 гады. Тут за аснову бралася перш за ўсё тое, што сёння сярэдняя працягласць жыцця жанчын складае 78,4 года, а атрыманне пенсіі – больш як 20 гадоў пасля выхаду на пенсію, – адзначыла міністр. – Нядаўна гаварылася аб тым, што гендарная роўнасць павінна ўлічвацца і ў дасягненні пенсійнага ўзросту”.

“Але ўзнікае пытанне: ці можам мы сёння не ўзяць пад увагу сацыяльны аспект, нагрузку на жанчын? Ці павінна быць розніца паміж выхадам на пенсію ў мужчын і жанчын? Якая нагрузка на жанчын у дамашняй гаспадарцы? Ці дасягнулі мы сёння таго ўзроўню гендарнай роўнасці?” – прадоўжыла Мар’яна Шчоткіна.

Зыходзячы з гэтага, трэці варыянт прадугледжвае ўвядзенне пенсійнага ўзросту з 58 гадоў для жанчын і з 63 – для мужчын.

Што датычыцца тэмпу, з якім плануецца павялічваць пенсійны ўзрост, то найбольш аптымальным з’яўляецца з крокам паўгода.

Лукашэнка патрабуе ствараць больш магчымасцей для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Як расказала журналістам па выніках нарады міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў краіне шмат гаворыцца аб развіцці малога бізнесу, але разам з тым садзейнічання гэтаму аказваецца недастаткова. Гэта пытанне актуальнае і ў святле праблемы стварэння рабочых месц. Так, у выпадку павышэння пенсійнага ўзросту на рынку працы затрымаецца некаторая колькасць грамадзян, адпаведна, павінны стварацца новыя рабочыя месцы, паколькі ёсць таксама выпускнікі ВНУ, моладзь, якія павінны мець гарантыю на першае рабочае месца.

Паводле слоў міністра працы і сацыяльнай абароны Мар’яны Шчоткінай, у шэрагу дзяржаў уводзіцца абавязковая накапляльная сістэма. “Але калі вялікія інфляцыйныя рызыкі, то падвяргаць чалавека нейкай рызыцы з боку дзяржавы проста неразумна”, – адзначыла міністр. Яна падкрэсліла, што ў Беларусі любы жадаючы мае магчымасць стварыць сабе дадатковую пенсію. “У нас ёсць тры страхавыя кампаніі, якія гэтым займаюцца, і ў перспектыве будзе развіццё страхавых рынкаў”, – сказала міністр.

“У нас ёсць добраахвотнае пенсійнае страхаванне, калі чалавек сам прымае такое рашэнне, або гэта матывацыя работніка з боку работадаўца”, – дадала яна.

Канчатковае рашэнне па пытанні павышэння пенсійнага ўзросту будзе прынята пасля шырокага абмеркавання.

БелТА.



2 комментария по теме “Тема недели. Повышение пенсионного возраста в Беларуси

  1. Чамусьці у артыкуле не прыгаданыя факты, вельмі важныя для будучых пенсіянераў: з пачатку бягучага года у працоўны стаж для налічэньня пенсіі НЕ УЛІЧВАЕЦЦА:
    -тэрмін службы у войску;
    -навучаньне у ВНУ ці СНУ;
    -здаецца і дэкрэтны водпуск, хоць тут я не цікавіўся 🙂

  2. ОН учитывается в общий стаж, изменилась система подсчёта, мы обязательно привлечём специалистов, чтобы пояснили.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *